Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адсутнасьць партнэра пагражае здароўю больш, чым алкаголь і тытунь


Кастусь Бандарук, Прага

Адсутнасьць жыцьцёвага партнэра пагражае здароўю больш, чым алкаголь і тытунь. Да такой высновы прыйшлі амэрыканскія навукоўцы. Яшчэ ў 1970 гады навукоўцы заўважылі, што людзі ў сталых партнэрскіх саюзах жывуць даўжэй.

“Сужэнства гэта нешта накшталт паса бясьпекі. Яно аднолькава важнае для здароўя, як добрая дыета, не курэньне і фізычныя практыкаваньні” – кажуць сацыёлягі з Чыкагскага Ўнівэрсытэту Лінда Ўэйт (Linda Waite) і Мэгі Галагэр (Maggie J. Gallagher). Яны зьяўляюцца су-аўтаркамі кнігі “The Case for Marriage”(Аргумэнт у падтрымку сужэнства) з падзагалоўкам “Чаму жанатыя і замужнія людзі болей шчасьлівыя, здаровыя і лепш фінансава забясьпечаныя?” Зразумела, тут маецца на ўвазе толькі ўдалае сужэнства, бо няўдалае можа толькі пашкодзіць здароўю.

Паводле дасьледваньня праведзенага Лі Лілардам (Lee Lilard ) і Ліндай Ўэйт на 11 тысячах чалавек, жанатыя мужчыны і замужнія жанчыны ў асноўным жывуць даўжэй, і ў іх лепшае здароўе, чым у самотных, разьведзеных і аўдавелых.

У незамужніх жанчынаў узровень сьмяротнасьці вышэйшы на 50% , а ў мужчынаў ажно на 250%. Самотныя часьцей паміраюць у выніку сардэчна-сасудзістых хваробаў, інсульту, пнэўманіі, раку, цырозу пячонкі, аўтамабільных катастрофаў, забойстваў і самагубстваў.

Палова жанатых мужчынаў і замужніх жанчынаў адчуваюць сябе шчасьлівымі ў жыцьці, задаволеныя сваім жыцьцём, з другога боку як сярод самотных людзей шчасьлівымі пачуваюцца толькі чвэрць.

У сужэнстве значна меней выпадкаў дэпрэсіі і псыхалягічных расстройстваў, і ў 3 разы меней схільнасьці да самагубства, чым сярод разьведзеных і аўдавелых. Сужэнства спрыяе таксама заможнасьці. Прынамсі ў ЗША, статыстычная, сужэнская пара назапашвае ад 2 да 4 разоў болей грошай, чым калі б абое жылі самотна.

Большая працягласьць жыцьця ў першую чаргу назіраецца ў мужчынаў. Гэта тлумачыцца тым, што нежанатыя мужчыны ў большай ступені, чым незамужнія жанчыны, вядуць нездаровы лад жыцьця: дрэнна харчуюцца, шмат п’юць, нерэгулярна сьпяць, і гэтак далей. Калі сям’я развальваецца з прычыны разводу або сьмерці жонкі, рызыка сьмерці мужчыны павялічваецца ў параўнаньні з пеэыядам да жаніцьбы.

Сацыялічныя дасьледваньні дапоўнілі спэцыялісты ў галіне мэдыцыны. Яны прыйшлі да высновы, што мужчыны і жанчыны, у сем’ях якіх не найлепш ўкладваецца сямейны лад, часьцей хварэюць на хваробы дзёснаў і зубоў, а таксама суставаў і касьцей. Існуе непасрэдная сувязь паміж спрэчкамі ў сям’і ды язвамі страўніка і кішак. Непаразуменьні ў сям’і ўплываюць ня толькі на псыхіку, але і парушаюць функцыянаваньне ўсяго арганізму.

“Добразычлівы партнэр дапамагае захоўваць дыету, і нагадвае аб неабходнасьці фізычнай актыўнасьці” – кажа доктар Джэймс Койн (James Coyne) з Пэнсыльванскага Ўнівэрсытэту. Ён дасьледваў сувязь паміж якасьцю сужэнства і хуткасьцю вяртаньня да здароўя пасьля інфаркту. Койн і ягоныя супрацоўнікі запісвалі на відэастужкі сямейныя спрэчкі ў дамах пацыентаў. Усе ўдзельнікі апытаньня перажылі першы інфаркт, але выявілася, што ў тых, чые спрэчкі былі асабліва заўзятыя і злосныя, рызыка сьмерці цягам бліжэйшых 4 гадоў, павялічвалася ўдвая.

Іншы вучоны, доктар Брайэн Бэйкэр (Brian Baker) з Таронцкага Ўнівэрсытэту заўважыў, што ў тых, у каго няўдалае сужэнства, левы жалудачак сэрца, у сярэднім на 6% большы, чым звычайна. Ён прыйшоў да высновы, што праўдападобна гэта зьвязанае з падвышаным крывяным ціскам у стрэсавых сытуацыях.

Сужэнскія непаразуменьні могуць таксама парушыць функцыі імуннай і гарманальнай сыстэмаў – так вынікае з дасьледваньняў прафэсара псыхіятрыі доктара Джэніс Кіколт-Глясэр (Janice Kiecolt-Glaser) і ейнага мужа, імуноляга Рональда Глясэра (Ronald Glaser) з унівэрсытэту штату Агайо. Яны выявілі, што пасьля спрэчкі назіраецца падвышаны ўзровень гармонаў стрэсу – эпінафрыну і картызолу, які потым утрымліваецца ў крыві яшчэ цягам 22 гадзінаў. У жанчынаў, ціск падвышаецца нават проста ад успаміну пра спрэчку з мужам. Сужэнскія канфлікты, любыя “сямейныя войны” выклікаюць ўзмацненьне сымтомаў хваробаў Паркінсона і Альзгеймера. Доктар Кікольт-Глясэр праводзіць дасьледваньні над тым, што сужэнская згода або нязгода, магчыма, маюць улыў і на хуткасьць зажываньня ранаў.

Цікавыя вынікі і ў 15-гадовага дасьледваньня, праведзенага ў штаце Арэгон. Аказалася, што ў сужэнствах, у якіх важныя рашэньні прыймае муж, жанчыны паміраюць на шмат раней, чым у сем’ях, дзе рашэньні прыймаюцца сумесна. Іншая сытуацыя у сем’ях, у якіх галавой зьяўляецца жанчына. Гэтак званыя “падкаблучнікі”, мужчыны падпарадкаваныя жонкам, жылі аднолькава доўга, як і тыя, хто адыгрываў вядучую ролю ў сям’і. Сярод 8 хворых на сэрца жанчынаў, якія акрамя таго жылі ў няўдалых саюзах, ажно 7 памерлі цягам двух гадоў з пачатку дасьледваньня. Праблемы са здароў’ем зьвязаныя з канфліктамі ў сям’і, наагул тычацца болей жанчынаў.

Такім чынам, найноўшыя дасьледваньні разбураюць стэраатып, нібыта посьпех у жыцьці гарантуе настойлівая праца, высілак і прафэсійная кар’ера. Вы будзеце жыць здаравей, шчасьлівей і нават заможней, калі засяродзіцеся на сваім сямейным жыцьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG