Генэтыкам нарэшце ўдалося “навучыць” дрожджы, каб тыя выраблялі бялкі, падобныя да чалавечых. Аб гэтым паведамілі амэрыканскія навукоўцы, на старонках навуковага часопісу Science.
Чалавечы арганізм пабудаваны зь бялкоў, значная колькасьць якіх падчас вытворчасьці дэкарыруецца малекуламі размаітых цукроў. Такія бялкі, якія нагадваюць бублік з каляровай глазурай называюцца “глікапратэінамі”. У нашым арганізьме іх мноства: антыцелы, каляген, шматлікія гармоны, стрававальныя энзымы і бялкі-перапрацоўшчыкі вітамінаў. Глікапратэіны на паверхні клеткі даюць клеткам магчымасьць кантактаваць паміж сабой, распазнаваць уласныя тканкі, зьнішчаць няпрошаных гасьцей, напрыклад бактэрыі. Гэта абсалютна фундамэнтальныя працэсы, паколькі ў іншым выпадку генэтычныя анамаліі, якія перашкаджаюць пасыпаць бялкі цукрамі, не дазваляюць зародышу разьвівацца або выклікаюць цяжкое псыхічнае ды фізычнае недаразьвіцьцё.
Навукоўцы лічаць, што знакаміты кампазытар Фрыдэрык Шапэн, магчыма, насуперак агульнаму перакананьню, не памер на сухоты. Вельмі праўдападобна, што ён хварэў на рэдкае генэтычнае захворваньне. Да антытрыпсыну, энзыму, які вырабляла ягоная пячонка, ня быў дададзены адпаведны ланцужок цукроў. Звычайна, гэты дадатак выконвае такую ж функцыю як картка паперы з адрасам, якую наклейваем на пакет, і дзякуючы якой пасылка трапляе на адпаведны адрас. Калі не хапае гэтага “цукровага адрасу”, антытрыпсына, заміж таго, каб быць накіраванй з пячонкі ў кроў, “пакет” застаецца на месцы. У сваю чаргу, адсутнасьць гэтага энзыму ў крыві выклікае, апрачага іншаша, празьмерную актыўнасьць іншага бялка, што прыводзіць да пашкоджаньня лёгкіх. На думку некаторых вучоных, менавіта праблемы з вытворчасьцю глікапратэінаў, а не сухоты, і сталіся прычынай заўчаснай сьмерці геніяльнага кампазытара.
Навукоўцы і раней спрабавалі гэтак мадыфікаваць расьліны і грыбы, каб тыя ўмелі “пасыпаць” бялкі цукрамі, аднак аказалася, што яны робяць гэта цалкам інакш, чым арганізм чалавека. Калі вучоныя спрабавалі вырабляць чалавечыя глікапратэіны ў клетках дражджэй, дык заміж кароткіх ланцугоў узьнікалі вялізныя ўтварэньні зь некалькіх дзясяткаў малекулаў аднаго тыпу, якія былі цалкам непрыдатныя.
Аднак амэрыканскім генэтыкам з дасьледчага цэнтру GlykoFi і College у штаце Нью-Гэмпшыр, на чале з Тыльманам Гэнгросам (Tillman Gerngross) у якасьці першых у сьвеце, удалося гэтак мадыфікаваць дрожджы, каб тыя пачалі вырабляць амаль цалкам “чалавечыя” глікапратэіны. Паводле адмыслоўцаў, гэта абсалютны шэдэўр генэтычнай інжынерыі. У дражджэй Pichia pastoris вучоныя адключылі іхную ўласную сыстэму “апрананьня” бялкоў. Затым, у іхныя клеткі была ўстаўленая канструкцыя пабудаваная з фрагмэнтаў ДНК мышы, чарвяка, мушкі, пацука, і трох відаў дражджэй. У выніку, дрожджы Pichia pastoris атрымалі пяць энзымаў, якія адказныя за паасобныя этапы пабудовы цукровыхланцужкоў. Апрача таго, навукоўцам удалося прывесьці да таго, што энзымы працавалі ў тых раёнах клеткі, у якіх трэба. Дзякуючы кактэйлю зь генаў розных арганізамаў, дрожджы навучыліся па чалавечаму “пасыпаць” цукрамі бялкі і вырабляць глікапратэіны.
“Гэта цудоўная вестка” – адрэагавалі на адкрыцьцё амэрыканскіх генэтакаў іншыя вучоныя, якія працавалі ў гэтым самым кірунку. Дагэтуль вытворчасьць вялікіх чалавечых бялкоў праводзілася з дапамогай матчыных клетак ссуноў. Гэтая тэхналёгія была вельмі дарагая, мала эфэктыўная і рызыкоўная, з прычыны небясьпекі інфэкцыяў. Тымчасам Pichia pastoris ня толькі вырабляе бялкі хутка і ў вялікіх колькасьцях (з аднаго літру можна атрымаць некалькі грамаў леку), але ж таксама гэтыя дрожджы растуць на самых простых пажыўных асяродзьдзях.
“Мы зможам вырабіць пратэіны цягам чатырох дзён, а мэтад з выкарыстаньнем матчыных клетак патрабаваў тры тыдні. Апрача таго, гэтыя апошнія былі чыстыя толькі на 20%,, а нашыя –на ўсе 100%,” – паведаміў кіраўнік дасьледніцкай групы Тыльман Гэрнгросс.
Зараз асноўная праблема палягае ў тым, ці адкрыцьцё амэрыканскіх вучоных можна будзе скарыстаць ў вялікіх маштабах. Калі гэта ўдасца, у недалёкай будучыні шматлікія лекі могуць патаньнець у некалькі разоў.
А зараз-найноўшыя парады амэрыканскай мэдычнай арганіазайцыі Real Age.
* Калі Вы цалкам прапускаеце сьняданак, гэта не дапаможа Вам схуднець болей, чым калі б Вы елі на сьнеданьне тлустыя стравы. Згодна з найноўшымі дасьледваньнямі, тыя, хто цалкам адмаўляецца ад сьнеданьня, і тыя, хто ядуць зранку яйкі з бэконам, маюць горшы індэкс масы цела, чым тыя, хто спажывае на сьнеданьне, з гарачым або халодным малаком, кукурузныя аплаткі (мусьлі) або іншыя цэльназерневыя прадукты. Яны карысныя для здароўя найперш з прычыны клятчакткі. Прадукты багатыя клятчаткай даўжэй падтрымліваюць пачуцьцё сытасьці, калі Вы аднак адмаўляецеся ад сьнеданьня, дык нагоніце гэта ўдвая ў часе наступнай ежы. У Вашым дзённым рацыёне павінна знайсьціся як мінімум 25 грамаў клятчаткі, а ў мужчынаў да 50 году жыцьця прынамсі 38 грамаў.
* Калі Вы хочаце палепшыць свае моўныя здольнасьці і памяць, спрабуйце пачаць граць на нейкім музычным інструмэнце. Паводле навукоўцаў, існуе непасрэдная сувязь паміж музычнымі практыкаваньнямі і словам. У прыватнасьці сьцьверджана, што дзеці, якія граюць на нейкім інструмэнце, маюць лепшую памяць і лепш засвойваюць веды. Музыкальныя людзі, як правіла, маюць лепш разьвітае левую паўкулю мазгоў, што адказнае таксама за іншыя інтэлектуальныя і пазнавальныя здольнасьці.
* Магчыма Вы ніколі і не падазравалі, што існуе сувязь паміж чысткай зубоў і інфарктам або інсультам, але гэта сапраўды так. Згодна з дасьледваньнямі страта зубоў зьвязаная са звужэньнем жылаў, артэрыясклерозам, а гэта ў сваю чаргу можа прывесьці да інсульту альбо інфаркту. Як правіла, артэрыяслероз часьцей выяўляецца ў паджылых людзей, якія страцілі болей зубоў. Вучоныя зьвязваюць і парадантоз, і артэрыясклероз з запаленчым працэсам, які можа пашкодзіць крывяныя сасуды. Адмыслдоўцы раюць чысьціць зубы ня проста кожны дзень, але як мінімум два разы ў дзень.