Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці заўсёды розум дапамагае выжыць?


Кастусь Бандарук, Прага

Артыкул пад загалоўкам “Розум можа падвышыць кошт выжываньня” зьмясьціў навуковы часопіс “New Scientist”. Навукоўцы сьцявярджаюць: калі б розум заўсёды быў станоўчай каштоўнасьцю, дык ён бы перадаваўся нашчадкам у працэсе натуральнага адбору. На жаль, гэтага не адбываецца, і як сярод людзей, так і сярод жывёлаў трапляюцца свае “эйнштэйны”, і свае дурні.

На думку біёлягаў-эвалюцыяністаў тэарэтычна такая разнастайнасьць азначае, што розум мусіць быць зьвязаны зь недахопамі ў іншых сфэрах, што розум мае сваю цану. Вучоным удалося прадэманстраваць, што, як мінімум, дразафілам, фруктовым мушкам, не заўсёды выгадна быць разумнйшымі за іншых.

Калі Фрэдэрык Мэры (Frederic Mery) і ягоныя калегі з швайцарскага Ўнівэрсытэту ў Фрыбургу зьмясьцілі лічынкі спэцыяльна ўзгадаваных “інтэлігентных” дразафілаў і лічынкі іх “звычайных” бацькоў у жорсткія ўмовы нястачы харчаваньня. Аказалася, што менш інтэлігентныя лічынкі выявілі большую здольнасьць да выжываньня ў экстрэмальных умовах. “Гэта значыць, што за інтэлект трэба плаціць, нават калі ты ім не карыстаешся,”– заявіў Фрэдэрык Мэры.

Напачатку навукоўцы паставілі перад сабой задачу вырасьціць дразафілаў з большымі пазнавальнымі здольнасьцямі. Яны падрыхтавалі пажыўныя, гелевыя ёмістасьці. У адных гель быў прасякнуты запахам апэльсынаў або ананасаў, а ў іншых – горкім хінінам, і дапусьцілі да іх дразафілаў для закладкі яйкаў.

Наступным разам гель быў прасякнуты толькі сокам, аднак некаторыя мушкі запамяталі, у якіх пасудзінах быў хінін, і складвалі яйкі ў іншым месцы. Вучоныя сабралі яйкі інтэлігэнтных дразафілаў, вырасьцілі наступнае пакаленьне, і далі ім такую ж магчымасьць павучыцца. Дакладна гэтак вучоныя зрабілі і з нашчадкамі тых, хто зрабіў правільны выбар і на гэты раз.

У 20 пакаленьні амаль усе дразафілы гэтай сэлектыўнай лініі завучвалі прапанаваныя ім задачы зь першага разу ў адрозненьні ад звычайных мушак, якія патрабавалі на гэта ад 3 да 5 захадаў. Апрача таго, звычайныя мушкі запаміналі ўрок нашмат хутчэй, чым сэлектыўныя. “Гэта значыць, што мы вывелі ген, як паляпшае і памяць, і хуткасьць абвучэньня, або два гены, якія цесна зьвязаныя,”– адзначыў Фрэдэрык Мэры.

Аднак ва ўмовах вострага дэфіцыту харчаваньня лічынкі самых кемлівых дразафілаў саступалі ў здольнасьці да выжываньня лічынкам звычайных мушак. З разумных дразафілаў выжывалі толькі адзінкі. “Яны былі больш павольныя. Магчыма, большая частка энэргіі йшла ў іх на стварэньне або рэструктурызацыю сувязяў паміж нэўронамі ў мозгу, і ва ўмовах голаду ім не хапала энэргіі для падтрыманьня жыцьцяздольнасьці,”– кажа Фрэдэрык Мэры.

Зараз навукоўцы спрабуюць высьветліць, ці пашырыліся здольнасьці разумных мушак і ў іншых сфэрах акрамя распазнаваньня асяродзьдзя. Швайцарскія вучоныя супрацоўнічаюць з экспэртамі ў галіне малекулярнай генэтыкі, каб выясьніць, якія генэтычныя зьмены зрабілі дразафілаў такімі разумнымі.

Пакуль вучоныя ня высьвятлілі, ці ў выпадку людзей дзеля лепшага выжываньня варта быць дурням. Зрэшты, амаль ніхто ня лічыць сябе дурнем, затое ахвоча заўважвае недахоп розуму ў іншых. У кожным разе, здаўна вядома, што ў некаторых выпадках лепш нічога ня ведаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG