Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская “Праграма супраць раку”


Кастусь Бандарук, Прага

Прыблізна 940 тысячаў эўрапейцаў памерлі ад раку ў 2000 годзе. Гэта менш, чым 1,030 тысячаў, як прагназавалася ў сярэдзіне 80-х гадоў. Аб гэтым гаворыцца ў адмысловай справаздачы Эўразьвязу. “Зь некаторымі выключэньнямі, у большасьці эўрапейскіх краінаў назіраецца тэндэнцыя да зьмяншэньня колькасьці сьмяротных выпадкаў з прычыны раку, і можна спадзявацца, што гэты станоўчы працэс будзе працягвацца ў найбліжэйшыя гады”, – заявіў Пітэр Бойл з Эўрапейскага інстытуту анкалёгіі ў Мілане, які кіраваў дасьледаваньнем. У 1985 годзе эўрапейская “Праграма супраць раку” паставіла перад краінамі Эўразьвязу задачу зьменшыць да 2000 году сьмяротнасьць з прычыны раку на 15%. Са справаздачы вынікае, што ў выпадку мужчынаў гэта ўдалося ў шэрагу краінаў. У Люксэмбургу за пэрыяд ад 1985 да 2000 году ад раку памерла на 24% меней мужчынаў, у Фінляндыі – на 17%, у Вялікабрытаніі – на 16% і на 15% – у Аўстрыі. Што тычыцца жанчынаў, дык у гэтым сэнсе лідыруюць Аўстрыя і Фінляндыя, якім удалося на 15% зьменшыць сьмяротнасьць, а наступныя месцы занялі Люксэмбург з 13% і Вялікабрытанія з 10%.

Аднак у міжчасе ў Партугаліі, сьмяротнасьць сярод мужчынаў павялічылася на 17%, а сярод жанчынаў – на 3%. У Гішпаніі за гэтыя 15 гадоў ад раку памерла на 11% болей мужчынаў, а ў Грэцыі – на 2% болей жанчынаў.

У адпаведнасьці са справаздачай, апублікаванай ў “Annal of Oncology”, з 1985 году ў Эўропе ў сярэднім ад раку памерла на 10% меней мужчынаў і на 8% жанчынаў. З дакумэнту вынікае, што меней эўрапейцаў, чым прагназавалася 15 гадоў таму, памерла ад раку страўніка, прамой кішкі і грудзей, хаця ў міжчасе павялічылася рызыка сьмерці з прычыны раку прастаты ва ўсіх эўрапейскіх краінах, за выключэньнем Францыі, Італіі, Люксэмбурга і Нямеччыны.

Цікава, што значна меней мужчынаў, чым раней меркавалася, памерлі ад раку лёгкіх, затое ва ўсіх эўрапейскіх краінах ад раку лёгкіх памірае болей жанчынаў. У Вялікабрытаніі – на 8%, а ў Галяндыі – ажно на 84%. “Да гэтага спрычынілася пасьпяховая супрацьтытунёвая кампанія, у прыватнасьці, у Вялікабрытаніі, што зьяўляецца добрым прыкладам для іншых краінаў”, – кажа Пітэр Бойл. З другога боку, вельмі трывожыць тое, што заміж мужчынаў усё часьцей і болей кураць жанчыны, што зьяўляецца сур’ёзным заданьнем на бліжэйшыя гады – адзначыў Пітэр Бойл. Калі б у кожнай эўрапейскай краіне сьмяротнасьць з прычыны раку лёгкіх у жанчынаў зьменшылася да мужчынскага ўзроўню, тады задача, пастаўленая “Праграмай супраць раку”, была б поўнасьцю выкананая.

А зараз парады мэдычнай амэрыканскай арганізацыі Real Age.

Калі Вы любіце іграць ў шашкі або шахматы, гэта можа станоўча паўплываць на Вашыя інтэлектуальныя здольнасьці і памяць ў старэйшыя гады. Актыўнае, і пры тым рэгулярнае, а ня толькі спарадычнае праводжаньне свабоднага часу, гульні, ігра на нейкім інструмэнце, чытаньне, а таксама клясычны танец, якія патрабуюць пэўнага разумовага высілку, зьяўляецца важным чыньнікам прадухіленьня старэчага маразму. Паводле навукоўцаў, гэтыя заняткі ўплываюць на фармаваньне новых спалучэньняў паміж мазгавымі клеткамі, што прыводзіць таксама да паляпшэньня пазнавальных здольнасьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG