Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фармацэўтычныя кампаніі інтэнсіўна працуюць над новымі лекамі супраць хваробы Альцгаймэра


Кастусь Бандарук, Прага

Адной з галоўных праблемаў грамадзтваў заходняй цывілізацыі становіцца іх старэньне, а разам з гэтым павялічваецца колькасьць хворых на хваробу Альцгаймэра. Яна пераважна зьяўляецца ў старэйшым ўзросьце, у 40% пасьля 80 году жыцьця, і выяўляецца ў немагчымасьці запамінаць людзей, даты і падзеі, у страце пазнавальных здольнасьцяў, што ў выніку прыводзіць да поўнай жыцьцёвай бездапаможнасьці. Толькі ў ЗША на хваробу Альцгаймэра хварэюць 4 мільёны чалавек. Яшчэ адзін мільён амэрыканцаў маюць іншыя хваробы, якія вядуць да старэчага маразму. Гэта хвароба Паркінсона, рассеяны склероз, інсульт, мазгавыя траўмы і шызафрэнія. Паводле спэцыялістаў, наступныя 4 мільёны амэрыканцаў маюць сымптомы недамаганьня, званага “аслабленьнем пазнавальнай здольнасьці”, што можа аказацца раньнім этапам хваробы Альцгаймэра. Цяпер кошт лячэньня гэтай хваробы складае каля 100 мільярдаў даляраў ў год. На думку прэзыдэнта Таварыства Альцгаймэра д-ра Ўіяльяма Тайса, праз 50 гадоў колькасьць захворваньняў павялічыцца ў 4 разы. Гэта можа выклікаць хвалю сямейных і асабістых драмаў, але і прывесьці да банкруцтва ўсёй сыстэмы аховы здароўя.

Прафэсар нэўралёгіі і псыхіятрыі з Унівэрсытэту ў Пітсбургу Стывэн дэ Коскі адзначае, што цяпер нават амэрыканцы ў сярэднім веку ўсё болей занепакоеныя станам здароўя сваіх бацькоў і пэрспэктывай таго, што і іх чакае тое самае. “Як мне дапамагчы маёй маме і, пры нагодзе, як самому засьцерагчыся ад гэтай хваробы?” – пытаюць амэрыканцы, якім зараз па 40-50 гадоў. “Яшчэ 10 гадоў таму людзей цікавіла, як часта кантраляваць крывяны ціск і як харчавацца, але мала хто пытаўся, што зрабіць, каб прадухіліць старэчы маразм. Цяпер прыярытэты зьмяніліся”, – кажа д-р дэ Коскі. Нават маладыя людзі чакаюць лекаў, якія павялічылі б іхныя разумовыя здольнасьці, якія дапамаглі б хутка вывучыць замежную мову альбо пасьпяхова здаць складаны экзамен. На жаль, існуючыя зараз лекі вельмі недасканалыя і маюць пабочныя эфэкты, такія як млоснасьць і панос.

Прадбачваючы неверагодны попыт на “мазгавыя стымулятары”, фармацэўтычныя фірмы навыперадкі распрацоўваюць лекі новай генэрацыі. Дзьве амэрыканскія кампаніі – Memory Pharmaceuticals зь Нью-Джэрзі і Cortex Pharmaceuticals з Каліфорніі – ужо правялі на мышах выпрабаваньні субстанцыі, якая ўзмацняе міжклетачныя нэрвовыя сыгналы і гэтым самым узмацняе і выпраўляе памяць ды інтэлектуальныя здольнасьці. Аднак, на думку дасьледчыка ў галіне мазгавых стымулятараў д-ра Родні Пэрльмэна, няма ўпэўненасьці, ці гэтыя лекі спрацуюць у выпадку людзей, асабліва, калі адносна маладыя людзі проста хацелі б палепшыць свае разумовыя і пазнавальныя здольнасьці. Акрамя таго, пакуль Адміністрацыя харчаваньня і лекаў дасьць дазвол на распаўсюджваньне новых прэпаратаў, пройдзе, як мінімум, 5 гадоў.

Некаторыя спэцыялісты лічаць, што пакуль няма лепшага выйсьця, дык трэба скарыстаць тое, што даступнае. Ранейшыя дасьледаваньні паказалі, што ад хваробы Альцгаймэра засьцерагае дыета, багатая антыаксыдантамі. Яны, напрыклад, у вялікай колькасьці знаходзяцца ў садавіне, гародніне і чырвоным віне. “Рыба, арэхі і салаты з расьлінным алеям – гэта прадукты, якія дзякуючы ненасычаным кіслотам зьніжаюць рызыку захворваньня на хваробу Альцгаймэра”, – гаворыцца ў навуковым часопісе “Архіў Нэўралёгіі” (“The Archives of Neurology”). Група навукоўцаў з Мэдычнага Цэнтру ў Чыкага на чале Мартай Клер Морыс праводзіла дасьледаваньне цягам 7 гадоў. У ім узялі ўдзел 815 жыхароў дому для састарэлых людзей. 131 зь іх захварэлі на хваробу Альцгаймэра. Аказалася, што тыя, хто як мінімум раз на тыдзень спажывалі рыбу, былі на 60% менш схільныя да гэтай хваробы ў параўнаньні з тымі, хто рыбы ўвогуле не спажываў. Паводле праф. Морыс, ня менш карысныя арэхі і соўсы да салатаў, падрыхтаваныя з дадаткам расьліннага алею. Яны зьмяшчаюць у сабе тлушчавыя кіслоты, якія знаходзяцца таксама ў абалонках мазгавых клетак.

У рэдакцыйным камэнтары Робэрт Фрыдлянд з мэдычнага факультэту Ўнівэрсытэту ў Кліўлендзе сьцьвердзіў, што “дыета, багатая антыаксыдантамі, ненасычанымі тлушчамі, зь вялікай колькасьцю рыбы, мяса хатніх птушак, садавіны і гародніны, а пры тым зь меншай колькасьцю чырвонага мяса і малочных прадуктаў, можа зьменшыць рызыку захворваньня ня толькі на хваробу Альцгаймэра, але таксама можа засьцерагчы ад інсульту і сардэчна-сасудзістых хваробаў. Аднак Фрыдлянд перасьцярог, што ў некаторай рыбе могуць быць таксічныя субстанцыі, у прыватнасьці ртуць.

А зараз парады мэдычнай амэрыканскай арганізацыі Real Age.

Калі Вы шмат часу праводзіце ля кампутара, старайцеся глыбей дыхаць. З назіраньняў вядома, што людзі, якія пішуць або карыстаюцца кампутарнай мышай, дыхаюць хутчэй і карацей, што выклікае напружанасьць цягліцаў і пячэньне вачэй. Кожную гадзіну, прынамсі на кароткі час, зрабіце кароткі адпачынак, адыдзіце ад свайго кампутара, пацягніцеся, глыбока падыхайце, паглядзіце на нейкія аддаленыя прадметы. Гэта дапаможа Вам эфэктыўна працаваць і пазьбегнуць стомленасьці.

Фізычныя практыкаваньні без празьмернай натугі ня толькі дазваляюць спаліць болей калёрыяў, але і могуць быць карысныя для Вашага сэрца. Згодна з дасьледаваньнем, праведзеным на жанчынах з павышаным узроўнем халестэрыну, станоўчыя зьмены наступалі незалежна ад інтэнсіўнасьці практыкаваньняў. Аказалася, што карысны ўплыў фізычнай актыўнасьці не залежыць ад іх інтэнсіўнасьці, але ад працягласьці і рэгулярнасьці. Кожная форма памяркоўнага высілку: хадзьба, выконваньне нейкіх даручэньняў або праца ў сваім агародчыку, прынясе адчувальнае паляпшэньне стану Вашага здароўя.

Некаторыя элемэнты міжземнаморскай дыеты могуць дапамагчы Вам пазьбегнуць найболей пашыраных хваробаў. У асноўным гэта такія прадукты, як садавіна, гародніна, у прыватнасьці гарох і фасоля, цэльназерневыя прадукты, да таго рыба, алей з алівак, ёгурт і сыр. Згодна з дасьледаваньнямі, традыцыйная міжземнаморская дыета зьніжае рызыку хваробаў сэрца і раку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG