Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы аналіз крыві, які дазваляе прадбачыць разьвіцьцё множнага склерозу


Кастусь Бандарук, Прага

Аўстрыйскія вучоныя распрацавалі прынцыпова новы аналіз крыві, які, як мяркуецца, зьяўляецца першым надзейным спосабам дыягностыкі ў пацыентаў з нэўралягічнымі праблемамі разьвіцьця хваробы, вядомай пад назвай “множны склероз”. Група вучоных на чале з д-рам Томасам Бэргерам з Інстытуту нэўрахіругіі ўнівэрсытэту ў Інсбруку праверыла новы мэтад аналізу крыві на 103 валанцёрах з нэўралягічнымі праблемамі, і гэты мэтад дыягназаваньня аказаўся трапным у 95% выпадкаў.

Множны склероз – гэта цяжкая невылечная хвароба, якая прыводзіць да пашкоджаньня нэрвовай сыстэмы і ў выніку – да трывалага калецтва. У сьвеце на яе хварэе кожны адзін з тысячы чалавек, пры тым часьцей ў сярэднім, чым гарачым, трапічным клімаце. Спэцыялісты тлумачаць гэта карысным ўплывам сонца на імунную сыстэму. Таксама часьцей на множны слероз хварэюць людзі ў разьвітых краінах, што зьвязана з вышэйшым узроўнем жыцьця і спосабам харчаваньня. Вядома, што высокакалярыйная дыета павялічвае рызыку захворваньня на гэтую хваробу. У самых Злучаных Штатах на множны слероз хварэюць 400 тысячаў чалавек. Хвароба, як правіла, не атакуе дзяцей, ані падлеткаў, а таксама людзей старэйшых за 50 гадоў, але пераважна маладых людзей паміж 20 і 40 годам жыцьця. Пік захворваньняў прыпадае на 30-я гады жыцьця. Множны склероз – жахлівая хвароба, якая ў большасьці выпадкаў прыводзіць да калецтва. Хворы патрабуе безупыннай апекі і дапамогі з боку іншых.

Дакладная прычына захворваньня на множны склероз пакуль няясная, але мэханізм узьнікненьня хваробы ў асноўным вядомы. Дэфэкт імуннай сыстэмы прыводзіць да пашкоджаньня нэрвовых валокнаў у выніку паступовага разбурэньня міеліну, абалонкі галаўнога і сьпіннага мозгу. Міелін можна прыраўняць да ізаляцыі электраправадоў. У выніку зьнішчэньня гэтай абалонкі наступаюць збоі або поўнае спыненьне перадачы нэрвовых імпульсаў у розныя часткі цела. Гэта ў сваю чаргу выклікае здранцьвеньне, пераважна ног і рук, цяглічную слабасьць і нерухавасьць, пагаршэньне зроку і каардынацыі рухаў, частковы параліч, запоры і ў псыхічнай сфэры – глыбокую дэпрэсію. Паводле вучоных, множны склероз – гэта аўтаімунная хвароба. Чалавечы арганізм вырабляе пратэіны, якія памылкова пачынаюць атакаваць і разбураць здаровыя клеткі. Некаторыя мэдыкі падазраюць вірусны характар гэтага захворваньня.

Дасьледчыкі, якія абсьледавалі пацыентаў з прыкметамі гэтай хваробы, выявілі, што тыя, у чыёй крыві знаходзяцца два віды антыцелаў, маюць у 76 разоў больш шанцаў захварэць у будучыні на гэтую складаную для дыягназаваньня хваробу, чым тыя, хто ня мае ў крыві ніякіх антыцелаў. Некаторыя пацыенты з раньнімі прыкметамі множнага склерозу могуць мець і іншыя сымптомы. Гэта пухліна мозгу або кровазьліцьцё ў мозг. Акрамя таго, траціна пацыентаў зь першапачатковымі прыкметамі гэтай хваробы поўнасьцю здаравее, і множны склероз у іх не разьвіваецца. Іншыя могуць спакойна жыць цягам нават 10 гадоў, пакуль у іх зьявяцца сымптомы рэмісіі хваробы.

“Дагэтуль ніхто ня мог акрэсьліць схільнасьць канкрэтнага пацыента да захворваньня на множны склероз”, – кажа д-р Томас Бэргер, аўтар вынаходніцтва. Множны склероз не паддаецца поўнаму вылячэньню. Аднак, паводле Бэргера, аналіз крыві можа дапамагчы лекарам своечасова, пакуль стан здароўя пацыента не пагоршыўся, прыняць рашэньне аб пачатку фармакалягічнага лячэньня. Лячэньне палягае ва ўзмацненьні імуннай сыстэмы і стрымліваньні інваліднасьці. Паводле Бэргера, своечасовае прымяненьне інтэрфэронаў Beta1А і Beta1B, а таксама лекаў, званых імунаглабінамі, прадухіляе да 40% прыступаў хваробы і запавольвае яе разьвіцьцё. Д-р Бэргер падкрэсьлівае яшчэ адзін плюс ягонага вынаходніцтва. У параўнаньні з кампутарнай тамаграфіяй і магнэтычным рэзанансам, які каштуюць у сярэднім 600 эўра, новы метад аналізу крыві каштуе ўсяго 50 эўра.

А зараз – найноўшыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.

Сыстэматычнае спажываньне вітаміну E можа выдатна засьцерагчы Вас ад раку. Згодна з дасьледаваньнем, праведзеным на мільёне амэрыканцаў, вітамін E, які зьяўляецца выдатным антыаксыдантам, зьмяншае, у прыватнасьці, рызыку захвораньня на рак мачавога пузыра. Да вітамінаў-антыаксыдантаў, якія прадухіляюць пашкоджаньне клетак, належыць таксама вітамін C. Аптымальная доза вітаміну E – 400 міліграмаў у дзень, а вітаміну C – 1200 міліграмаў. Арганізм атрымае неабходную колькасьць гэтых вітамінаў безь ніякіх таблетак, калі Вы 5 разоў у дзень будзеце спажываць розную садавіну і гародніну.

Калі ў Вас далікатная скура пад пахай, Вам, магчыма прыйдзецца пазьбягаць дэадарантаў з хімічнымі складнікамі і духмянасьцямі. Найноўшыя дасьледаваньні паказалі, што карыцавы альдэгід, складнік усіх дэадарантаў, а таксама шэрагу касмэтычных прэпаратаў, можа выклікаць сьверб скуры. У такім выпадку Вы павінны адмовіцца ад хімічных дэадарантаў на карысьць натуральных сродкаў.

Ці ў Вашым жыцьці важную ролю адыгрываюць добрыя знаёмствы і частыя кантакты зь іншымі людзьмі? Калі так, дык гэта можа дабратворна паўплываць на Вашае здароўе. Згодна з дасьледаваньнямі, псыхалягічная раўнавага, аптымізм і добры настрой маюць непасрэдны ўплыў на фізычны стан арганізму. Людзі, якія страцілі некага блізкага, аднак не паддаліся роспачы, не ізаляваліся ад людзей, маюць больш эфэктыўную імунную сыстэму, і яны менш падатлівыя на розныя хваробы. Дбайнасьць пра духоўна-эмацыйнае здароўе можа зрабіць Ваш біялягічны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG