У найноўшым нумары навуковага часопісу “Nature” паведамляецца пра расшыфроўку чарговага фрагмэнту чалавечага ДНК. Навукоўцы з Інстытуту тэхналёгіі з Кембрыджу ў штаце Мэрыленд ажыцьцявілі тое, што дагэтуль лічылася немагчымым. Яны пазналі, прааналізавалі і апісалі храмасому Y, якая адрозьнівае мужчыну ад жанчыны. Мяркуецца, што найноўшае адкрыцьцё вучоных дапаможа ў барацьбе з мужской бясплоднасьцю.
Цяжкасьці з расшыфроўкай храмасомы Y вынікалі зь яе структуры. Няма храмасомы, больш “пустой” за храмасому Y, гэта значыць, пазбаўленай генаў, затое поўнай паўтораных фрагмэнтаў ДНК. Тыя, што ўкладаюць шарады, ведаюць, як цяжка скласьці ў адно цэлае вялікую колькасьць фрагмэнтаў, калі іх раней паблыталі гэтак, што іхны запіс нагадвае трызьненьне вар’ята. Тымчасам ўся тэхналёгія расшыфроўкі ДНК палягае у складаньні маленькіх кавалкаў. Вось таму ў часе, калі закончыліся працы над апісаньнем чалавечага геному, храмасому Y яшчэ не ўдалося скласьці ў адно цэлае. Аднак навукоўцы на чале з Дэвідам Пэйджам дзякуючы сваёй карпатлівай працы даказалі, што гэтае трызьненьне неабавязкова такое бязглуздае, а паўторы фрагмэнтаў маюць свой сэнс. Дзякуючы гэтаму, храмасома Y ёсьць адной з найболей унікальных і цікавых.
Кожны мужчына заўдзячае храмасому Y свайму бацьку. Дык як можна гаварыць пра бясплоднасьць запісаную ў генах, калі сын зьяўляецца найлепшым доказам плоднасьці свайго бацькі? Аказваецца, што ў ніякім іншым фрагмэнце ДНК мы гэтак не адрозьніваемся ад сваіх бацькоў і паміж сабою. У храмасоме Y статыстычнага сына адрозьнівае ад бацькі 600 клетак, умоўна кажучы, “літараў”. Увесь Y мае агулам 24 мільёны такіх літараў, але гэта ўсё роўна вельмі істотная розьніца.
Вядома, што ў рамках чалавечага роду ўсе падобныя адно да аднаго на 99,9%, але толькі калі параўноваем жанчынаў з жанчынамі і мужчынаў з мужчынамі. У выпадку двух полаў, 95% ДНК храмасомы Y ня мае свайго эквіваленту ў жаночай храмасоме X. Менавіта гэтыя 95% пачалі вывучаць навукоўцы з Інстытуту тэхналёгіі ў Кембрыджы. Нагадаем, што жанчыны маюць дзьве храмасомы X, адну па маці, а другую па бацьку, а мужчыны – храмасому X па маці і Y – па бацьку. Такім чынам, у генэтычным сэнсе, з улікам полу, жанчыны гэтак адрозьніваюцца ад мужчыны, як чалавек ад шымпанзэ.
Дзякуючу таму, што храмасому Y атрымліваем у спадчыну па бацьку, ён надзвычай цікавы для дасьледчыкаў эвалюцыі нашага віду. Цяпер вядома, што прыблізна 300 мільёнаў гадоў таму мужчынская храмасома Y вылучылася са складу жаночай храмасомы X. У далёкім эвалюцыйным мінулым абедзьве яны сфармаваліся са звычайных, бясполых храмасомаў, якіх кожны з нас мае 22 пары.
Навукоўцы зьвярнулі ўвагу на найбольш заблытаную частку храмасомы, якую было надзвычай цяжка адчытаць. Аказалася, што калі б храмасома Y была “нармальнай”, у некаторых сваіх частках яна накапляла бы шкодныя мутацыі. Вынікам такой генэтычнай сьметніцы былі б часьцейшыя выпадкі бясплоднасьці. Аднак Y, якая, у адрозьненьне ад іншых храмасомаў, ня мае патрнэра, які ў складаным працэсе, званым “рэкамбінацыйным выпраўленьнем”, маскіраваў бы яе хібы, усё ж спраўляецца сама і сама сябе выпраўляе.
Паводле адмыслоўцаў, адчытаньне храмасому Y мае сваё практычнае значэньне. Яно дапаможа ў вытлумачэньні працэсаў, якія прыводзяць да гермафрадытызму, раку полавых органаў і адкідваньня прышчэпленых органаў, калі яны паходзяць ад іншага полу. Найперш аднак, гэта дапаможа раскрыць сакрэт мужской бясплоднасьці.
Прыблізна 15% сужэнстваў ня могуць мець дзяцей. Згодна з дасьледаваньнямі, у 30% выпадкаў вінаватая бясплоднасьць мужчыны, а ў 20% выпадкаў – абодвух партнэраў. У любым выпадку, за палову выпадкаў бясплоднасьці адказны мужчына, і навукоўцы лічаць, што незалежна ад іншых чыньнікаў, расшыфроўка храмасомы Y дапаможа справіцца з гэтай праблемай.
А зараз найноўшыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.
Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі над вітамінам D, Вы павінны яшчэ болей палюбіць ласося. Гэтая рыба багатая вітамінам D, якая карысна ўплывае ў прыватнасьці на сэрца. У натуральным выглядзе, вітамін D знаходзіцца толькі ў некаторых прадуктах: рыбе, яйках, малаку і цэльназерневых прадуктах. Тымчасам у 100 грамах печанага ласося ажно 360 міліграмаў вітаміну D, тады як яго аптымальная колькасьць – 400 міліграмаў у дзень, а для людзей, старэйшых за 70 гадоў – 600 міліграмаў. Калі вы прынамсі раз на тыдзень будзеце спжываць рыбу, ваш біялягічны ўзрост будзе амаль на 3 гады маладзейшы.
Калі Вы чысьціце зубы, не перастарайцеся. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, калі чысьціць зубы задоўга і зь вялікай сілай, гэта можа толькі пашкодзіць дзёсны і зубную эмаль. Чыстка зубоў не павінна працягвацца даўжэй за дзьве хвіліны, і няма патрэбы празьмерна ціснуць шчоткай на зубы. Паводле спэцыялістаў, ціск не павінен перавышаць 150 грамаў, гэта значыць, вагі сярэдняга яблыку. Паводле Real Age, калі Вы будзеце належна дбаць пра свае зубы, Ваш біялягічны ўзрост будзе больш як на 6 гадоў маладзейшы.