Многія цяжкія хваробы выклікаюць паразыты, у тым ліку нябачныя воку аднаклеткавыя арганізмы, пра існаваньне якіх людзі звычайна не задумваюцца. Паразыты трапляюць у арганізм самымі нечаканымі шляхамі і гадамі застаюцца незаўважнымі, пакуль не распачынаецца хвароба. Навукоўцы мяркуюць, што ад іх магчыма абараніцца, але дзеля таго пра іх варта ведаць.
Шырака вядома, што інфэкцыі спрычыняюцца да шматлікіх хваробаў. Нямала распавядаецца і парадаў, як засьцерагацца. Але інфэкцыі існуюць розныя – да прыкладу, ёсьць такія, як рэсьпіраторныя захворваньні, і ёсьць цэлы шэраг цяжкіх хваробаў, якія выклікаюць паразыты. Паразыты трапляюць у арганізм рознымі шляхамі і добраахвотна ніколі не пакідаюць арганізм гаспадара – яны ня здольныя існаваць самі па сабе і могуць здабываць патрэбнае для сваёй жыцьцядзейнасьці харчаваньне толькі ад іншых.
Паразыты ўтвараюць вялікую праблему для мэдыцыны, бо многія іх віды не паддаюцца зьнішчэньню – пакуль, – а хваробы, якія яны выклікаюць, цяжка выявіць і не вядома як лекаваць.
Найбольш распаўсюджанае ў сьвеце захворваньне ад паразытаў – таксаплазмоз – ад яго церпяць 30% усіх людзей на Зямлі – амаль кожны трэці. Прычына – унутрыклеткавы паразыт, які завецца таксаплазма (Toxoplasma). Гэты паразыт, таксаплазма, жыве у цягліцах многіх жывёлаў і птушак і самастойна у навакольнае асяродзьдзе не вылучаецца. Заразіцца ім магчыма толькі празь мяса – сырое альбо недагатаванае. Вядомая такая статыстыка: ва ўсім сьвеце гэтым паразытам інфікаванае ўсё курынае мяса (100% выпадкаў), 30% ялавічыны, 40% сьвініны. Таксаплазма можа доўгі час існаваць ў тканках цягліцы ў неактыўнай форме, хвароба можа выявіцца толькі празь некалькі гадоў. Звычайна гэтая хвароба мае хранічную форму і пашкоджвае нэрвовую сыстэму, цягліцы і вочы. Доўгі час не заўважна ніякіх сымптомаў, многія інфікаваныя не падазраюць, што маюць паразытаў у сваім арганізме. Паразыт, тым часам, пры пэўных умовах, выклікае гепатыт, пнэўманію, сьлепату, моцныя нэўралягічныя парушэньні. Людзі з аслабленай імуннай сыстэмай найбольш рызыкуюць захварэць.
Дасьледчая група з амэрыканскага Дармуцкага мэдычнага інстытуту (Dartmouth Medical School, New Hampshire, USА) вынайшла магчымасьць абяззброіць паразыта таксаплазму (Toxoplasma gondii).
Лябараторнай мышы праз ін’екцыю ўвялі мутаваную форму паразыта. Высьветлілася, што ў гэткім выглядзе паразыт цалкам бясшкодны. Больш за тое, гэты мутант паразыту стымуляваў моцны адказ імуннай сыстэмы арганізму, што абараніла мыш ад пазьнейшай інфэкцыі ад паразыту ў яго дзікай, найбольш небясьпечнай для арганізму форме.
Дасьледчыкі зрабілі паразыта бясшкодным такім чынам: зьнішчылі у яго адзін фэрмэнт. Гэта зрабіла паразыта няздольным да размнажэньня і нават да выжываньня ў целе гаспадара. Адзін паразыт ў яго звычайным, натуральным выглядзе забіваў мыш з аслабленай імуннай сыстэмай. Але калі навукоўцы інфікавалі аслабленую мыш мільёнамі мутаваных паразытаў, яны не зрабілі мышы ніякай шкоды.
Вынікі досьледу, які абяцае паратунак і абарону ад таксаплязмы, падаюцца у часопісе “Nature”. Дасьледчык др. Дэвід Бзік паведаміў: “Вынікі робяць істотны унёсак ў разьвіцьцё хіміятэрапіі супроць паразытарных інфэкцыяў і дэманструюць новы падыход у вакцынацыі супроць інфэкцыяў, выкліканых паразытамі”.
Паразыты трапляюць у арганізм чалавека самымі рознымі шляхамі, і пра некаторыя зь іх чалавек звычайна ня мае нават і уяўленьня.
Напрыклад, кантактныя лінзы, якія робяцца ўсё больш папулярнымі і даступнымі. Кантактныя лінзы насамрэч сталіся паратункам для людзей з праблемамі зроку. Аднак – кантактныя лінзы могуць зрабіцца і правадніком паразытаў у арганізм.
Навукоўцы з Аддзяленьня мэдычнай паразыталёгіі ў Венскім унівэрсытэце вынайшлі, што звычайныя вадкасьці для дагляду за кантактнымі лінзамі амаль ня ўзьдзейнічаюць на адмысловы паразыт (acanthamoeba), які спрычыняецца да язваў вачэй, кератыту і іншых пашкоджаньняў. Гэты аднаклеткавы паразыт надзвычай устойлівы, і яго досыць цяжка зьнішчыць, таму што ён можа існаваць у двух формах – у актыўнай (“tropozoite”) і значна менш актыўнай (“cyst”), але ня цалкам пасыўнай. Гэты паразыт застаецца жывым і моцным пасьля 8 гадзінаў знаходжаньня ў вадкасьці, якая звычайна выкарыстоўваецца для дэзынфэкцыі. Былі паспрабаваныя ўсе вадкасьці для лінзаў, якія зараз ужываюцца у сьвеце. Фармацэўты паведамілі, што на сёньня няма такіх патрабаваньняў у стандартах, якія б улічвалі зьнішчэньне гэтага паразыту (acanthamoeba).
“Брытанскі часопіс афтальмалёгіі” (British Journal of Ophthalmology) у паведамленьні пра досьлед адносна паразытаў, якія трапляюць у арганізм праз кантактныя лінзы, раіць – пакуль не распрацаваная адпаведная вадкасьць – клапаціцца пра ачыстку лінзаў ад калёніяў паразытаў шляхам кіпячэньня або мікрахвалевага ўзьдзеяньня і часьцей мяняць лінзы. Вадкасьці для лінзаў, якія утрымліваюць 0,6% перакісу вадароду, здольныя часткова нэўтралізаваць калёніі паразытаў. Іншыя вадкасьці, ў склад якіх перакіс вадароду ня ўлучаны, ня дзейсныя супроць гэтых паразытаў ўвогуле.
А цяпер новыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі “Real Age” – як жыць доўга і захаваць добрае здароўе:
- Апякуйцеся сваім эмацыйным здароўем, то бок добрым настроем і ураўнаважанымі пачуцьцямі, незалежна ад таго весела вам альбо цяжка на сэрцы. Варта памятаць пра гэта цягам клапатлівага дня альбо у часе працы – знайдзеце, хаця б ненадоўга, магчымасьць прыслухацца да сябе і вярнуць сабе раўнавагу. Шкодны уплыў на здароўе мае і перагружанасьць працай, і нудота. Варта хаця б цягам некалькіх хвілінаў спраўдзіць свой настрой, а таксама сваю жыцьцёвую стратэгію. Не забывайцеся падтрымліваць у сабе дабрызычлівасьць і эмацыйную раўнавагу. Real Age сьведчыць: клопат пра эмацыйнае здароўе зробiць ваш бiялягiчны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.
- Ці можа гарачая каўбаска з булачкай – “гот дог” – спрычыніцца да боляў у сэрцы? Напэўна, лёгка здагацца пра адказ – так, менавіта “гот дог” можа быць прычынай болі у вашым сэрцы, асабліва калі вашаму арганізму не падабаюцца нітрыты. Нітрыты выкарыстоўваюцца дзеля магчымасьці даўжэй захоўваць вырабы зь мяса, такія як каўбасы, вяндліна, бэкон, у тым ліку і каўбаскі для “гот дог’аў”. Гэтае рэчава уплывае на сасуды і можа выклікаць мітрэнгу і сардэчныя болі. Калі вы пакутуеце на гэтыя болі і часта ўжываеце каўбасныя вырабы, прасачыце, ці ня сталіся вы ахвярай нітрытаў. Real Age раiць: актыўны клопат пра здароўе можа зрабіць ваш біялягічны узрост прынамсі на 12 гадоў маладзейшым.