Каля 10% людзей пакутуюць ад астэаартрытаў (зношваньне храсткоў суставаў, якое часта суправаджаецца запаленьнем і выклікае моцны боль). Навукоўцы прагназуюць значнае павышэньне колькасьці хворых на гэтую хваробу цягам найбліжэйшых 5 гадоў. Як цалкам эфэктыўна лекаваць артрыт, пакуль невядома, – усё, чым лекары могуць дапамагчы, гэта зьмяншаць боль і падтрымліваць магчымасьць пацыентаў рухацца. Невядома таксама, як спыніць разьвіцьцё хваробы, як прадухіліць пагаршэньне стану храсткоў і ўзмацненьне болю.
Адмыслоўцы шукаюць паратунку ад хваробы, і час ад часу зьяўляюцца новыя суцяшальныя адкрыцьці. Цяпер зьявілася новая вестка – пра трохгадовы навуковы досьлед у Брытанскім Каралеўскім Нацыянальным Артапэдычным Шпіталі (Royal National Orthopaedic Hospital, Stanmore, Middlesex) і Лёнданскім унівэрсытэце (University College, London). Мэта досьледу – высьветліць, ці магчыма папярэдзіць ўзмацненьне астэартрыту. У досьледзе удзельнічаюць 600 пацыентаў. Кампанія па дасьледаваньнях артрыту (Arthritis Research Campaign) вылучыла на гэты досьлед 500 000 фунтаў стэрлінгаў.
Падчас досьледу будзе спраўджвацца дзейснасьць вітамінных дадаткаў, якія ўжо далі станоўчыя вынікі у ЗША. Мэтад выглядае настолькі нечаканна простым, што эўрапейскія адмыслоўцы арганізавалі новы клінічны досьлед.
Сутнасьць мэтаду у тым, што пацыентаў забясьпечваюць штодзённай дозай вітаміну Д, узровень якой кантралюецца і падтрымліваецца на сталым ўзроўні. Ранейшыя досьледы ў ЗША пацьвердзілі, што недахоп вітаміну Д павялічвае колькасьць вадкасьці у злучэньнях храсткоў суставаў, што пахутчае разьвіцьцё астэартрыту.
Др. Рычард Кін, рэўматоляг, адзін з кіраўнікоў досьледу, тлумачыць: “Мы спадзяемся, што прадухіленьне разьвіцьця хваробы пазбавіць хворых на астэартрыты ад ўзмацненьня болі, і дапаможа зьмяншаць боль бяз моцных абязбольваючых лекаў”. Адмыслоўцы адзначылі, што у выпадку артрыту самыя простыя рэчы часам могуць быць найбольш дзейснымі. Кіраўнікі досьледу паведамілі, што адначасова высьвятляецца пацьверджаньне таго, ці зьмяншэньне вагі ўплывае на боль пры артрытах, і яшчэ адзін досьлед – адносна эфэктыўнасьці алею з вантробаў траскі.
Каб мэтады лекаваньня – нават такія простыя і пэўна бясшкодныя – сталіся сусьветна прызнанымі у клінічнай практыцы, неабходныя навуковыя пацьверджаньні некалькіх незалежных клінічных досьледаў.
Стэрэатыпы адносна некаторых хваробаў, якія ўяўляюцца часьцей ўласьцівымі жанчынам, ствараюць недахопы у мэдыцынскай практыцы ва ўсім сьвеце – у выніку пацыенты-мужчыны не атрымліваюць своечасовай належнай дапамогі. Навукоўцы зьвярнулі на гэта ўвагу ў выпадку такой распаўсюджанай хваробы, як астэапароз – захворваньне костак. Паводле статыстыкі, на гэтую хваробу пакутуе кожная трэцяя жанчына сталага веку. Для жанчынаў рызыка астэапарозу у 4 разы большая, чым для мужчынаў. Дзеля параўнаньня – на астэапароз хварэе кожны дванаццаты пасьля сярэдняга ўзросту.
Др. Алайсан Ст’юарт з Брытанскага ўнівэрсытэцкага аб’яднаньня па дасьледаваньні астэапарозу (University of Aberdeen’s Osteoporosis Research Unit) кіруе досьледам, які спраўджвае розьніцу хваробы на астэапароз паміж жанчынамі і мужчынам. Распаўсюджанае меркаваньне, што гэтая хвароба – пераважна жаночая (хвароба жанчын у пэрыяд пасьля мэнапаўзы). Тым часам як пацыенты-мужчыны, гэтак і іх лекары часта не бяруць пад увагу рызыку разьвіцьця гэтае хваробы на пачатковых стадыях.
Навукоўвец зьвяртае ўвагу, што, ў тым часе як жанчыны – праз жаночыя часопісы, выданьні пра мэнапаўзы – “літаральна бамбардуюцца інфармацыяй пра рызыку хваробы костак і неабходнасьці сачыць за ўзроўнем кальцыю у арганізьме, мужчыны проста не уяўляюць, што ім можа пагражаць хрупкасьць костак, пакуль хвароба не засьпявае іх знянацку”.
Толькі адмысловыя тэсты на астэапароз вызначаюць хваробу на пачатковых стадыях, калі ўжо самы час прымаць меры. Такія тэсты звычайна абавязковыя для жанчын, чый узрост набліжаецца да мэнапаўзы. Раней меркавалася, што мужчынам няма неабходнасьці ў гэтым – такім чынам, астэапароз у мужчынаў дыягназаваўся часта на позьніх стадыях. Цяпер брытанскія навукоўцы зьвяртаюць увагу мэдыкаў усяго сьвету на неабходнасьць спраўджваць стан костак мужчынаў пасьля сярэдняга узросту.
А цяпер новыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі “Real Age” – як жыць доўга і захаваць добрае здароўе:
- Для людзей сталага веку карысна займацца такой дзейнасьцю, якая зазвычай лічыцца проста прыемнай забавай – чытаньне, настольныя гульні, танцы, сьпевы. Насамрэч ўсё гэта спрыяе яснаму мысьленьню і добрай памяці ў людзей сталага веку, як сьведчаць вынікі досьледаў – для людзей, старэйшых за 75 гадоў, якія займаліся ўсім гэтым, значна зьмяншаецца рызыка хваробы Альцгаймэра і падобных хваробаў, пры якіх страчваецца памяць. Real Age сьведчыць: клопат пра эмацыйнае здароўе зробiць ваш бiялягiчны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.
- Для чалавека любога ўзросту вельмі істотна ўлетку мець дастатковую дозу правітаміну А – бэтакаратыну. Усім вядомая дзейснасьць вітаміну А для зроку і здароўя вачэй. Менш вядома, што вітамін А неабходны для здароўя зубоў, валасоў, скуры, нэрваў, для імуннай і рэпрадукцыйнай функцыяў арганізму. Безь вітаміну А, на думку адмыслоўцаў, загар ня толькі не дае карысьці, але і можа пашкодзіць. Дзеля выпрацоўкі арганізмам вітаміну Д пад сонечнымі промнямі, а таксама ва ўсіх выпадках, калі даводзіцца занадта доўга быць на сонцы, абавязкова патрэбны вітамін А. Найлепшыя крыніцы – морква, чарніцы, вінаград, гарбуз. Real Age раiць: спажываньне гародніны, садавiны i ягадаў 4 разы ў дзень можа зрабiць ваш бiялягiчны узрост як найменей на 4 гады маладзейшым.