Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клiнiчныя выпрабаваньнi пацьвердзiлi карысьць новых лекаў супраць раку на апошняй стадыi хваробы


Тацяна Поклад, Прага

Два гатункі новых лекаў супроць раку паказалi станоўчыя вынiкi ў выпрабаваньнях у Амэрыцы i Эўропе, гаворыцца у паведамленьнi. Новыя лекi, прадукты бiятэхналёгii, здольныя ўзьдзейнiчаць на працэсы росту ракавых пухлiнаў. Адметнасьць у тым, што гэта – новы спосаб лекаваньня, калi да традыцыйнай хiмiчнай тэрапii дадаюцца новыя лекi, створаныя мэтадам бiятэхналёгii.

Пра адзiн з гэтых новых прэпаратаў – “Avastin” – быў расповяд ў мiнулым выпуску. Цяпер зьявiлася пацьверджаньне, што гэтыя лекi робяць жыцьцё хворых на рак простай кiшкi як найменей на 5 месяцаў даўжэй, чым пры старых спосабах лекаваньня. “Avastin” пазбаўляе ракавыя пухлiны кiслароду i спажыўных рэчываў i гэтак спыняе iх рост. Падобная iдэя лекаваньня раку выпрабоўвалася навукоўцамi цягам 30 гадоў, але часьцей бязвынiкова. “Avastin” выпрабоўвалi на раньнiх стадыях ракавай хваробы, калi дыягназ толькi вызначаны i нiякiя iншыя лекi яшчэ не ўжывалiся.

Другi прэпарат – “Erbitux” – дзейнiчае падобна, але яго выпрабоўвалi на пацыентах, якiм не дапамаглi iншыя мэтады лекаваньня i якiя знаходзiлiся на апошняй стадыi разьвiцьця хваробы. “Erbitux” распрацавала амэрыканская кампанiя ImClone Systems. Яе першыя пасьпяховыя вынiкi выпрабаваньня новых лекаў яшчэ у 2001 г. не былi прызнаныя – Адмiнiстрацыя харчаваньня i лекаў у ЗША знайшла, што клiнiчныя выпрабаваньнi ладзiлiся недастаткова дакладна. Тагачасны выканаўчы дырэктар кампанii, яе заснавальнiк Самуэль Ваксал, быў абвiнавачаны ў пасьпешлiвасьцi. Новае выпрабаваньне было зьдзейсьненае у Эўропе нямецкай кампанiяй Merck, якая тут мае правы на прэпарат “Erbitux”. Гэты досьлед, зроблены з улiкам ўсiх патрабаваньняў, iзноў пацьвердзiў папярэднiя вынiкi, i такiм чынам, адкрыўся шлях для прызнаньня новых лекаў.

Калi выпрабоўвалi новы прэпарат “Erbitux”, яго спалучылi з хiмiятэрапiяй, каб толькi даведацца, цi дасьць злучаная тэрапiя лепшыя вынiкi. Таксама мелася на мэце прасачыць хуткасьць разьвiцьця хваробы. Мэту высьветлiць, цi новыя лекi працягваюць пацыентам жыцьцё, нават i ня ставілі. 329 пацыентаў бралi удзел у выпрабаваньнях. Паводле вынiкаў, найбольшы плён дала злучаная тэрапiя. Прыкладна ў адной трацiны ўсiх пацыентаў жыцьцё працягнулася даўжэй за год, тады як звычайна з iх дыягназам жывуць каля двух месяцаў альбо крыху даўжэй.

Абодва прэпараты былi выпрабаваныя на хворых на рак простай кiшкi, калi рак распаўсюдзiўся ужо i на iншыя часткi арганiзму. На гэтай стадыi рак фактычна немагчыма вылекаваць. Нядаўна знойдзеныя прэпараты хiмiятэрапii “Irinotecan” i “Oxaliplatin” далi магчымасьць працягнуць пацыентам жыцьцё да паўтара году. Цяпер новыя прэпараты – прадукты бiятэхналёгii, ужытыя ў дадатак да хiмiятэрапii, – абяцаюць зрабiць жыцьцё пацыентаў яшчэ даўжэйшым, – да двух гадоў.

Адмыслоўцы прыйшлi да высновы, што дадзеныя выпрабаваньняў заахвочваюць рабiць далейшыя пашыраныя досьлед. І амэрыканская кампанiя ImClone Systems, якая стварыла “Erbitux”, i яе эўрапейскi партнэр – кампанiя Merck – паведамiлi, што новы прэпарат зьявiцца на рынку ў 2004 г. Спадзевы, якiя ўскладаюцца на абодва новыя прэпараты, сьведчаць i пра тое, як мала ведае навука пра лекаваньне раку. Вынiкi апошнiх выпрабаваньняў надаюць аптымiзму, але адмыслоўцы кажуць i пра пэўныя расчараваньнi, бо новыя лекi дапаўняюць хiмiятэрапiю, але не замяняюць яе.


* * *

А цяпер новыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі “Real Age” – як жыць доўга і захаваць добрае здароўе:

- Сябры i сям’я могуць па-сапраўднаму аблегчыць моцны боль хворага чалавека. Апошнiя навуковыя досьледы засьведчылi, што пацыенты лягчэй трываюць боль i хутчэй выздараўлiваюць, калi хто-небудзь з блiзкiх побач выказвае хвораму актыўную альбо хоць бы пасіўную падтрымку. Real Age раiць: калi вы маеце добрую маральную падтрымку ад сям’i i сяброў, гэта робiць вас як найменей на тры з паловай гады маладзейшым за ваш бiялягiчны ўзрост.

- калi ў штодзённым харчаваньнi пераважае перапрацаванае мяса, напрыклад готдогi, кiлбасы, узрастае рызыка ракавых хваробаў. Паводле навуковых досьледаў, людзi, якiя часта ядуць перапрацаваныя мясныя вырабы, больш рызыкуюць захварэць на рак страўнiка цi простай кiшкi. Больш карысна заместа смажаных кiлбасаў есьцi курынае мяса, рыбу i катлеты з гароднiны. Real Age нагадвае, што разнастайнае харчаваньне, у якiм мала калёрыяў i шмат спажыўных рэчываў, можа зрабiць вас як найменей на 4 гады маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG