Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае адкрыцьцё ў барацьбе з атлусьценьнем


Кастусь Бандарук, Прага

Хочаш схуднець? Зьеш пігулку. Амэрыканскія вучоныя лічаць, што занісамід і тапірамат – лекі, шырока ўжываныя ў лячэньні эпілепсіі, могуць дапамагчы ў барацьбе са значна больш пашыранай хваробай – атлусьценьнем. “Вынікі маіх дасьледаваньняў шматабяцальныя, хаця для эўфарыі зарана”, – кажа доктар Кішор Гэд з мэдычнага цэнтру ва Ўнівэрсытэце Д’юк. Вынікі сваіх працаў ён апублікаваў ў навуковым часопісе “Журнал Амэрыканскага Мэдычнага Таварыства”.

У чатырохмесячным дасьледаваньні ўзялі ўдзел 60 таўстуноў, у тым ліку ажно 55 жанчын, у якіх сярэдні індэкс масы цела, які вылічваецца на падставе супастаўленьня росту і вагі цела, склаў амаль 37. Нагадаем, што паказчык 30 лічыцца ўжо ня толькі празьмернай вагой, але атлусьценьнем, небясьпечным для здароў’я.

Кожны пацыент атрымліваў нізкакалярыйную дыету, усяго 500 калёрыяў на дзень. Частка пацыентаў атрымлівала лекі супраць эпілепсіі – занісамід, а астатнія плацэба – субстанцыю, якая ня ўзьдзейнічае на арганізм. Доза леку, як і плацэба, пастаянна павялічвалася, ад 100 да 600 міліграмаў на дзень. Усіх удзельнікаў дасьледаваньня падахвочвалі есьці болей садавіны і гародніны, а таксама выпіваць прынамсі 8 шклянак вады. Яны таксама павінны былі больш займацца фізычнымі практыкаваньнямі.

Ужо пасьля 12 тыдняў тыя з пацыентаў, якія атрымлівалі занісамід, схуднелі на 7,5 кіляграма, прыблізна на 5% сваёй вагі, і худзелі далей, затое астатнія – усяго на 1 кіляграм. Падобныя вынікі атрымала таксама група навукоўцаў з Бойс, у штаце Айдага, на чале з доктарам Скотам Гоўпсам. Вынікі сваіх дасьледаваньняў яны маюць прээнтаваць 18 траўня падчас сустрэчы Амэрыканскага Псыхіятрычнага Таварыства ў Сан Францыска.

“Ня ведаем, як дзейнічаюць гэтыя лекі. Мяркуем, што яны зьмяншаюць вытворчасьць мозгам сэратаніну і допаміну, двух нэўрапераказчыкаў, што адказваюць за пачуцьцё голаду, апэтыту і сытасьці, – заявіў доктар Кішор Гэд. – Пацыенты проста маюць меншы апэтыт. У іх не бывае некантраляваных прыступаў голаду, калі яны зьядаюць зь лядоўні літаральна ўсё. У маіх пацыентаў чыпсы і ласункі выклікалі агіду. Адна жанчына заявіла, што яна аж занадта любіла пэпсі, а цяпер ня можа на яе глядзець”.

Занісамід і тапірамат – гэта не адзіныя прэпараты, якія дапамагаюць схуднець. Даўжэйшы час на амэрыканскім рынку прадаюцца два лекі: мэрыдыя і ксэнікал. Першы зь іх зьмяншае адчуваньне голаду, а другі блякуе энзымы, што адказваюць за працэс убіраньня арганізмам харчовых тлушчоў. Аднак абодва гэтыя прэпараты менш эфэктыўныя. Мэрыдыя дазваляе за 6 месяцаў страціць 6-7 кіляграмаў. Ксэнікал, як пераканаўся ў выніку дасьледаваньня доктар Стывэн Геймзьфілд зь Нью-Ёрку, здымае за год 7 кіляграмаў вагі. Аднак абодва гэтыя прэпараты маюць сур’ёзны недахоп. Калі іх кінеш прымаць, вага імгненна вяртаецца да ранейшага ўзроўню.

З ужываньнем таблетак дзеля схудненьня заўсёды былі зьвязаныя пабочныя эфэкты, некаторыя зь якіх нават небясьпечныя для жыцьця. Некалькі гадоў таму шматабяцальным здаваўся прэпарат пад назовам “Fen-phen”. Калі ж лек займеў значную папулярнасьць, выявілася, што ён шкодзіць сэрцу.

Пабочных эфэктаў не пазбаўленыя і два вышэй згаданыя лекі: занісамід і тапірамат. Першы зь іх выклікае пачуцьцё стомленасьці, другі – атупеньне і праблемы з памяцьцю ды канцэнтрацыяй. Піяніст ня мог запомніць мэлёдыі, а студэнт чытаў адну старонку падручніка некалькі разоў, – заявіла Карла Ўолпэр, дыетык са шпіталю Сьвятога Лукі-Рузвэльта ў Нью-Ёрку. Пацыенты доўгі час ні на што ня скардзіліся, бо вельмі хацелі схуднець і баяліся, што лекары скажуць ім спыніць прыём прэпарату.

Весткі пра пабочныя эфэкты занісаміду і тапірамату не расхалоджваюць тысячы амэрыканцаў, якія прымушаюць лекараў выпісваць іх. Празьмерную вагу маюць 60 мільёнаў амэрыканцаў. Штогоду з прычыны атлусьценьня ў ЗША паміраюць 300 тысяч чалавек (больш сьмерцяў нясе толькі паленьне).

Паводле Нацыянальнага Інстытуту Здароў’я, амэрыканцы штогод выдаткоўваюць на лекі супраць атлусьценьня 33 мільярды даляраў. Занісаміду і тапірамату дармовую рэкляму зрабілі газэта “New York Times” і шэраг навуковых выданьняў. Абодва прэпараты афіцыйна дапушчаныя да шырокага ўжытку як лекі ад эпілепсіі, аднак жа лекары маюць права выпісваць іх супраць іншых хваробаў – на сваю адказнасьць.

“Гэта павінен быць усяго другі або трэці крок у барацьбе з атлусьценьнем, – лічыць прафэсар Кэтрын Гэлмі з Корнуэльскага Ўнівэрсытэту. – Таўстуны павінны сьпярша схуднець бязь лекаў, а потым паспрабаваць псыхатэрапію. Лекі я прыпісала б толькі тым, каму атлусьценьне пагражае сур’ёзнымі наступствамі”, – кажа Кэтрын Гэлмі.

Сам аўтар адкрыцьця Кішор Гэд рэкамэндуе паўстрымацца з масавым ўжываньнем лекаў супраць эпілепсіі ў барацьбе з атлусьценьнем, пакуль ня будуць праведзеныя дадатковыя дасьледаваньні. На цяперашнім этапе, ён, як і іншыя спэцыялісты, рэкамэндуе правераны спосаб: шмат руху і пільнае сачэньне за калёрыямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG