Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уплыў навакольнага асяродзьдзя на здароўе дзяцей ды іншыя тэмы


Кастусь Бандарук, Прага

З нагоды Ўсясьветнага Дня Здароўя 7 красавіка Ўсясьветная Арганізацыя Здароўя апублікавала дасьледаваньне наконт уплыву навакольнага асяродзьдзя на здароўе дзяцей. Паводле публікацыі, каля траціны ўсіх захворваньняў у сьвеце выкліканыя навакольным асяродзьдзем. Гэтыя чыньнікі рызыкі асабліва небясьпечныя для дзяцей. Сярод хворых 40% дзяцей да 5 году жыцьця, хаця яны складаюць усяго 10% насельніцтва плянэты. Штогод больш як 5 мільёнаў дзяцей да 14 году жыцьця паміраюць з прычыны хваробаў зьвязаных з асяродзьдзем, у якім яны жывуць, вучацца і гуляюць”, – заявіла ў часе ўрачыстасьці ў Нью-Дэлі дырэктар Арганізацыі Гро Гарлем Брунтлянд.

Яшчэ ва ўлоньні маці дзеці падвергнутыя шкоднаму ўплыву асяродзьдзя, напрыклад, калі маці курыць або прымае наркотыкі. Пасьля нараджэньня, паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя, галоўныя чыньнікі рызыкі ёсьць:

- рэсьпіраторныя хваробы. Каля чвэрці ўсяго насельніцтва плянэты дыхаюць паветрам, забруджаным прамысловымі выкідамі. З гэтай прычыны ў сьвеце штогод памірае каля 2 мільёнаў дзяцей;

- нізкі ўзровень гігіены. Гэта тычыцца амаль 2,5 мільярда дзяцей;

- адсутнасьць доступу да чыстай вады. З прычыны паносу, запаленьня пячонкі тыпу А і E, паразытных хваробаў, інфэкцыі скуры і вачэй ды хваробаў, выкліканых неякаснай вадою, штогод у сьвеце памірае 1,300 тысячаў дзяцей;

- малярыя ды іншыя хваробы, пераношваныя насякомымі, штогод забіваюць каля аднаго мільёна дзяцей;

- 50 тысячаў дзяцей штогод паміраюць ў выніку атручаньня пэстыцыдамі ды іншымі хімічнымі субстанцыямі;

- 700 тысячаў дзяцей тонуць або гінуць ў няшчасных выпадках.

Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя, зьменшыць гэтую статыстыку можна адносна проста і танна. Тое, на што неабходна зьвярнуць увагу, гэта: ачыстка і бясьпечнае захоўваньне вады, мыцьцё рук, адпаведная вэнтыляцыя памяшканьняў, абмежаваньне выкідаў шкодных субстанцыяў з дапамогай лепшых печаў, шырэйшае скарыстоўваньне сетак супраць насякомых, больш дбайнае абазначэньне і захоўваньне атрутных хімікаліяў, а таксама – больш жорсткія правілы дарожнага руху і абмежаваньне хуткасьці аўтамабіляў. Паводле ААН, нават безь вялікіх грошай, дзякуючы адукацыйным праграмам і элемэнтарным захадам з боку ўрадаў і арганізацыяў, можна выдатна зьменшыць нэгатыўны ўплыў асяродзьдзя на здароўе дзяцей.

З нагоды Ўсясьветнага Дня Здароўя ААН апублікавала аб’ёмную – на 350 старонках – справаздачу, прысьвечаную праблеме раку. “Калі мы не дамо рады з курэньнем тытуню ды інфэкцыйнымі хваробамі, калі не распрапагандуем здаровы спосаб харчаваньня, то да 2020 году, колькасьць захворваньняў на рак павялічыцца на палову, да 15 мільёнаў. У 2000 годзе рак быў прычынай 12% з амаль 56 мільёнаў усіх сьмерцяў. За гэты год на розныя віды раку захварэлі 10 мільёнаў чалавек, зь ліку якіх больш за 6 мільёнаў памерлі, – гаворыцца ў справаздачы. “Трэць захворваньняў мы можам прадухіліць, яшчэ траціну вылячыць, і астатняй траціне аблягчыць жыцьцё з хваробай”, – заявіў Пол Клейгес (Paul Kleihues), суаўтар справаздачы, дырэктар Міжнароднага агенцтва дасьледаваньня раку, якое падрыхтавала дакумэнт.

Цягам многіх гадоў лічылася, што рак датычыць найперш багатых краінаў, але аказалася, што і ў бедных краінах колькасьць захворваньняў рэзка павялічваецца. Экспэрты лічаць, што менавіта ў краінах Трэцяга сьвету барацьба з ракам будзе найцяжэйшай. Тым болей, што амаль 80% усіх пацыентаў у бедных краінах зьвяртаюцца да лекара ў апошняй стадыі хваробы, калі на лячэньне ўжо запозна.

Яшчэ адзін з суаўтараў справаздачы д-р Бэрнард Ст’юарт (Bernard Stewart) з Унівэрсытэту Паўдзённай Валіі лічыць, што дзеля барацьбы з ракам не патрэбныя новыя адкрыцьці. “Калі б веды, якімі мы ўжо валодаем, даступныя спосабы лячэньня і правераныя мэтады прафіляктыкі эфэктыўна выкарыстоўваліся ва ўсім сьвеце, мы лепш спраўляліся б з ракам”, – кажа ён. Дарэчы, да траўня 2004 году, Усясьветная Арганізацыя Здароўя мае падрыхтаваць шырокую праграму пад назвай “ Глябальная стратэгія ў пытаньнях дыеты, фізычнай актыўнасьці і здароўя”. Праграма разьлічаная на процідзеяньне асноўным чыньнікам сьмяротнасьці ў сьвеце: раку, сардэчна-сасудзістым хваробам, дыябэту і атлусьценьню.

Паводле згаданай справаздачы, асноўнай прычынай раку зьяўляецца курэньне. У адрозьненьне ад Амэрыкі і Заходняй Эўропы, у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, а таксама ў краінах Трэцяга сьвету колькасьць курцоў, у тым ліку сярод дзяцей, павялічваецца. У XX стагодзьдзі ад хваробаў, зьвязаных з курэньнем – у прыватнасьці, раку, інфаркту ды інсульту – памерлі 100 мільёнаў чалавек. Зь ліку курыльшчыкаў ажно чвэрць памерла заўчасна, ва ўзросьце ад 35 да 69 гадоў. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што таксама гэтак званае “пасіўнае курэньне” на 20% павялічвае рызыку захворваньня на рак. Вядома, найлепш ніколі не пачынаць курыць, але калі ўжо гэтак здарылася, дык ніколі ня позна адмовіцца ад гэтай дрэннай звычкі. Нават пасьля 50 гадоў жыцьця адмаўленьне ад тытуню зьмяншае рызыку захворваньня на рак да 60%.

Даўжэйшы час рак лічыўся “заходняй” хваробай. Яе пашырэньне тлумачылася забруджаньнем навакольнага асяродзьдзя ў разьвітых краінах і нездаровым ладам жыцьця. У прыватнасьці, заходні лад жыцьця палягае ў высокалярыйнай дыеце пры малой фізычнай актыўнасьці. У выніку гэта прыводзіць да атлусьценьня, сардэчна-сасудзістых хваробаў, дыябэту, высокага крывянога ціску і раку. З прычыны неадпаведнага харчаваньня, штогод у сьвеце фіксуецца 870 тысячаў захворваньняў на рак страўніка, 60% зь іх у разьвітых краінах.

Аднак у Швайцарыі ды іншых заходнеэўрапейскіх краінах цягам аднаго пакаленьня колькасьць захворваньняў рэзка зьменшылася. У асноўным гэта тлумачыцца распаўсюджаньнем халадзільнікаў і маразілак, што дазваляе захоўваць мяса і рыбу без ужываньня солі ды іншых кансэрвантаў. Рэзка зьменшылася колькасьць захворваньняў на рак страўніка ў Ісьляндыі, ды скандынаўскіх краінах, дзе традыцыйна спажываецца шмат рыбы. Станоўчая тэндэнцыя асабліва бачная ў параўнаньні з такімі краінамі, як Партугалія, Бразылія, Японія і Карэя, дзе папулярныя салёныя стравы. Згодна з дасьледаваньнямі, спажываньне штодзень прыблізна 500 грамаў садавіны і гародніны, можа на 25% зьменшыць рызыку захворваньня на рак стрававальнага тракту. На яго хварэюць амаль 10% усіх хворых на рак.

Вельмі важнае своечасовае выяўленьне раку ў пачатковай стадыі. Надзвычайныя вынікі даюць такія метады прафіляктычнага абсьледваньня, як магнэтычны рэзананс, кампутарная тамаграфія, мамаграфія грудзей і цыталёгія шыйкі маткі. У 2000 годзе ад раку грудзей памерлі 400 тысячаў жанчынаў, аднак дзякуючы мамаграфіі ўдаецца прадухіліць 30% гэтага віду раку, найперш у заможных краінах з добрай мэдычнай апекай. Таксама праверка ўзроўню гэтак званых “спэцыфічных антыгенаў прастаты” (PSA) дазваляе своечасова прадухіліць 75% захворваньняў . Аднак, паводле ААН, верагоднасьць своечасовага дыягназаваньня і адпаведнага лячэньня раку ўдвая большая ў заможных краінах, чым у бедных . Таму, незважаючы на тыя канцэрагенныя чыньнікі, у багатых краінах ад раку паміраюць 50% хворых, у бедных краінах – ажно 80%.

Паводле д-ра Клейгеса, зараз асноўная задача – як мага шырэй папулярызаваць справаздачу, якая мае выгляд сярэдняй таўшчыні кнігі і налічвае 350 старонак. “Гэта выключна важная кніга, якая будзе разьмеркаваная сярод міністраў здароўя, мэдычных школаў і кнігарняў. Няма ў сьвеце падобнай кнігі. Ніхто дагэтуль ня ўзяўся за тое, аб чым гаворыцца ў гэтай кнізе. Мы склалі кнігу, у якой мноства складаных паняцьцяў і якая адначасова карысная і зразумелая як для дылетанта, так і для спэцыяліста”.

І на заканчэньне – парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.

- Натуральныя прадукты, вырошчваныя без хімічных сродкаў, могуць выдатна засьцерагчы ад раку. У адрозьненьне ад збожжавых расьлінаў з дадаткам пэстыцыдаў, у збожжы, вырашчаным натуральнымі мэтадамі, прыблізна на 60% болей флаваноідаў, паколькі гэтыя расьліны самі вырабляюць большую колькасьць засьцерагальных субстанцыяў для барацьбы з рознымі вірусамі і хваробамі. Паводле навукоўцаў, флаваноіды – гэта антыаксыданты, якія зьмяншаюць рызыку захворваньня на рак. Дзякуючы адпаведнаму харчаваньню, Ваш біялягічны ўзрост будзе на 4 гады маладзейшым.

- Не занадта напружвайцеся падчас рутынных веснавых шпацыраў. Кароткая хадзьба можа быць ня менш карысная за далёкія дыстанцыі. Згодна з трохмесячным дасьледаваньнем, жанчыны з празьмернай вагою, якія пяць разоў на тыдзень шпацыравалі па 30 хвілінаў, дасягнулі такіх жа вынікаў, што і жанчыны, якія зьнясільвалі сябе гадзіннай хадзьбою. Паводле Real Age, нават гадзіна фізычных практыкаваньняў у тыдзень абмаладзіць Ваш біялягічны ўзрост болей, як на 6 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG