Цяпер сьвет жыве ў чаканьні чарговага тэракту. Аднак тэрарыст-камікадзэ ня мусіць узрываць сябе ў натоўпе людзей, ні захапляць самалёт, каб ударыць ім у нейкі стратэгічны аб’ект. Ён сам можа быць біялягічнай бомбай. Напрыклад, з прышчэпленай воспай пасьля некалькіх гадзінаў палёту ён заразіць усіх пасажыраў на борце самалёту, а пасьля тыя ўсіх вакол сябе.
Біялягічная зброя ўжывалася ад найдаўнейшых часоў. Асырыйцы атручвалі калодзежы ворага спарыньнёй, зь якой атрымліваецца лізэргінавую кіслату, субстытут LSD. П’ючы атручаную ваду, ворагі Асырыі перажывалі галюцынацыі, што зьмяншала іхную баяздольнасьць. Ганібал закідваў катапультамі на барты варожых караблёў збаны, поўныя вужоў. Татары перакідалі целы памерлых ад чумы праз муры абложаных крэпасьцяў. Аднак улюбёнай біялягічнай зброяй аказаўся вірус воспы. Ужо ў 15-м стагодзьдзі гішпанцы абдарвалі індзейцаў вопраткай, інфікаванай вірусам гэтай хваробы. За імі вірус воспы ўжылі ангельцы, заваёўваючы Агаё і Пэнсыльванію.
Адмыслоўцы згодна лічаць, што тэрарысты раней ці пазьней ужывуць біялягічную зброю ў буйных памерах. Такая выснова вынікае з таго, што:
- гэта зброя, якой вытворчасьць найтаньнейшая,
- яе вытворчасьць і складаваньне можна лёгка ўтаіць,
- вытворчасьць біялягічнай зброі не патрабуе складаных тэхналёгіяў,
- яе цяжка выявіць,
- яна даступная ня толькі для дзяржаваў, але і для крымінальных груповак.
Зь ліку вірусаў, якія ў першую чаргу могуць быць скарыстаныя ў якасьці біялягічнай зброі, спэцыялісты выдзяляюць некалькі. Гэта, у прыватнасьці:
- Эбола, або крывацечная гарачка. Упершыню зафіксаваная ў 1976 годзе ў Заіры і Судане. Хвароба пачынацца з болю галавы і цягліцаў, высокай тэмпэратуры і агульнага аслабленьня. Ад разбурэньня ўнутраных органаў і крывяцёку паміраюць каля 90% інфікаваных.
- Сыбірская язва. Хвароба жывёльнага паходжаньня, якая ў людзей распазнаецца па прышчах на скуры, крывацечным запаленьні лёгкіх, кашлі, дыхавіцы і сымптомах цяжкога атручаньня. У выпадку хуткага дыягназу хваробу можна вылячыць антыбіётыкамі, інакш хворы памірае цягам 2-3 дзён.
- Халера. Вірус гэтай хваробы выклікае ваніты і панос і ў выніку хуткае абязводжаньне ды разбурэньне арганізму. Вірус халеры можна лёгка здабыць. Ім інфікаваныя амаль усе пацукі, якія жывуць на вышыні больш за 1000 мэтраў.
- Чума. Вострая інфэкцыйная хвароба. Выклікае гарачку, дрыжыкі і кашаль. Без адпаведнага лячэньня ўзьнікаюць праблемы з дыханьнем і наступае сьмерць.
- Батулінавы таксын, або “каўбасны яд”. Сымптомамі атручаньня гэтым таксынам ёсьць невыразнае бачаньне ў выніку пашырэньня зрэнак, праблемы з мовай і праглынаньнем, параліч цягліц, слабасьць і дыхавіца.
Да найбольш небясьпечных хваробаў, якія могуць у наш час выкарыстоўвацца ў выглядзе біялягічнай зброі, належыць воспа. Першыя сымптомы інфэкцыі – гэта гарачка, дрыжыкі, ваніты, боль галавы і струпы на целе. Паводле афіцыйнай заявы ААН, воспа – гэта адзіная інфэкцыйная хвароба, якую поўнасьцю ўдалося зьнішчыць ў 1977 годзе. Прышчэпліваньне супраць яе было спыненае ў 80-я гады, і зараз большасьць дзяцей не валодае імунітэтам супраць віруса, якога нібыта не існуе. Аднак ён існуе. Валодаюць ім ЗША і Расея. Паводле дысыдэнта Кена Алібэка, які ў 1992 годзе застаўся ў ЗША, у 1988 годзе Савецкі Саюз вырабіў 12 тон асабліва небясьпечнага віду віруса воспы пад назовам “Індыя”. Ня выключана, што пасьля Масква перадала свае запасы віруса сваім сябрам. З вартых даверу крыніцаў адназначна вынікае, што Ірак можа валодаць небясьпечным тыпам вірусу воспы пад назовам “Аральск 1970”, які Садам Хусэйн можа скарыстаць.
Таму ЗША ўжо пачалі прышчапляць супраць воспы 400 тысячаў супрацоўнікаў службы аховы здароўя і ў хуткім часе маюць намер вырабіць больш за 200 мільёнаў дозаў вакцыны супраць гэтай хваробы. Усіх сваіх грамадзянаў – 61 мільён чалавек – зьбіраецца прышчапіць Францыя, а таксама іншыя краіны. Прэзыдэнт ЗША Буш заклікаў Кангрэс выдзяліць цягам найбліжэйшых 10 гадоў 6 мільярдаў даляраў на распрацоўку вакцыны супраць вірусаў сыбірскай язвы, чумы, эболы і батулінавага таксіну, якія могуць быць ужытыя ў якасьці біялягічнай зброі. Вакцыны старэйшай генэрацыі супраць сыбірскай язвы і чумы ўжо існуюць, аднак яны мала ўжываліся, паколькі вірусы гэтай хваробы зьнішчаюць традыцыйныя антыбіётыкі. Затое вакцынаў супраць эболы і каўбаснага яду, якія таксама могуць быць ужытыя ў якасьці біялягічнай зброі, дагэтуль няма, і навукоўцы інтэнсіўна працуюць над імі.
Ужыцьцё сыбірскай язвы ў Амэрыцы паказала, што гэта дасканалы спосаб, каб выклікаць паніку, паралізаваць горад або раён, але гэткім чынам немагчыма пакласьці на лапаткі ўсю краіну. У выніку ўжываньня сыбірскай язвы ў ЗША памерлі ўсяго 6 чалавек. Значна больш небясьпечным можа быць атручаньне сельскагаспадарчых палеткаў або хатняй жывёлы. Выпадкі воспы або эболы лёгка распазнавальныя, але збожжавая ржа або яшчур у жывёлаў могуць быць доўга не заўважаныя. Маштабы пагрозы дазваляе ўсьведаміць эпідэмія яшчура ў Велікабрытаніі ў 2001 годзе. Яна не была вынікам біятэрарызму. Крыніцай заражэньня быў імпартаваны з Далёкага Ўсходу корм для сьвіней. Адзіным выйсьцем быў масавы забой жывёлы, што прынесла 45 мільёнаў эўра стратаў. Калі б біятэрарысты ў некалькіх месцах адначасова выклікалі эпідэміі, гэта азначала б вынішчэньне жывёлаў па ўсім кантынэнце і ў выніку неверагодныя страты. Калі б з гэтым супала атручаньне палёў спарыньнёй, збожжавай ржой або небясьпечнымі вірусамі і грыбамі, мільёнам людзей пагражаў бы голад і эканамічная катастрофа.
Каб засьцерагчыся ад біятэракту, трэба ўмець хутка ідэнтыфікаваць вірус. У пачатку гэтага году ЗША стварылі сыстэму хуткага выяўленьня і рэакцыі на заражэньне пасеваў і гаспадарчых жывёлаў. Дзеля гэтага ўжываюцца тэсты, угрунтаваныя на мэтадзе PCR (polymerase chain reaction). Яны дазваляюць амаль імгненна распазнаць ДНК віруса і хутка праверыць, якія ён зьмяшчае гены і мутацыі. Гэтак было выяўлена, што крыніцай заражэньня сыбірскай язвай ў часе паштовых атакаў у ЗША ў 2001 годзе былі бактэрыі пад назовам AMES. Ведаючы тып бактэрыяў, можна было звузіць пошукі яго крыніцы да некалькіх лабараторыяў.
Дасьледаваньні генэтычнага коду мікраарганізмаў, якія могуць быць ужытыя біятэрарыстамі ў якасьці “пораху”, маюць вялікае значэньне. Расшыфроўка генэтычнай інфармацыі Brucella suis (бактэрыі, якая атакуе хатнюю жывёлу, але можа быць небясьпечная і для людзей), а таксама Agrobacterium tumefaciens дазволіла сьцьвердзіць, што абодва вірусы валодаюць падобнымі генамі і мэханізмамі атакаваньня сваіх ахвяраў. У выпадку расьлінаў сытуацыя больш складаная, паколькі іх атакуюць грыбы, расшыфроўка генэтычнага коду якіх значна болей складаная.
Хуткая лякалізацыя месца біялягічнага тэракту мае ключавое значэньне для выратавальнай акцыі. Адным зь першых сымтомаў заражэньня сыбірскай язвай ёсьць востры кашаль. Масавае пакупка сыропаў ад кашлю дазволіла хутка знайсьці ачаг хваробы.
Жывёлаў неабходна загадзя прышчэпліваць. Падчас апошняй эпідэміі яшчура ў Велікабрытаніі вакцына не ўжывалася, паколькі немагчыма было адрозьніць прышчэпленых жывёлаў ад хворых. У выніку прыйшлося зьнішчыць мноства статкаў. Зараз гэтага можна было б пазьбегнуць, паколькі існуюць вакцыны, якія дазвалаюць адрозьніць прышчэпленых жывёлаў ад хворых.
Як гэта ні дзіўна, але спробы засьцерагачыся ад біялягічнага тэрарызму абярнуліся новай пагрозай. Лябараторыі па ўсім сьвеце валодаюць нязьлічонай колькасьцю розных відаў бактэрыяў, вірусаў і хваробатворных грыбоў. Доступ да іх абмежаваны, але досьвед паказвае, што да кожнага замка знойдзецца ключ. Акрамя таго, спрабуючы знайсьці вакцыну супраць адных вірусаў, навукоўцы міжвольна стварылі іх новыя віды. Гэтак было яшчэ да 11 верасьня 2001 году, калі ўвесь навуковы сьвет абляцела інфармацыя пра сумнеўны посьпех аўстралійскіх навукоўцаў. Яны спрабавалі мадыфікаваць вірус мышынай воспы дзеля таго, каб грызуны сталі бясплодныя, і гэткім чынам вынішчыць мышэй і пацукоў. Аднак навукоўцы выпадкова атрымалі вірус, забойчы для людзей. Да таго ж, надзвычай просты спосаб атрыманьня новай мутацыі віруса яны дакладана апісалі ў навуковым часопісе “Journal of Virology”.
Пасьля 11 верасьня 2001 году ў ЗША быў прыняты гэтак званы Patriot Act, які абмяжоўвае доступ навукоўцаў да хваробатворчых мікраарганізмаў. Аднак дагэтуль не прыняты закон, які акрэсьліваў бы, якая інфармацыя можа, а якая ня можа быць публікаваная. Зь ліку 14 тысячаў публікацыяў Амэрыканскай мікрабіялягічнай асацыяцыі за апошнія два гады ажно 224 зьмяшчалі інфармацыю, якая дапамагае вырабіць біялягічную зброю. Толькі 2 з гэтых артыкулаў былі не дапушчаныя да друку. У канцы мінулага году амэрыканскае Міністэрства сельскай гаспадаркі пераканала Нацыянальную акадэмію навук, каб тая не публікавала справаздачы аб магчымасьцях агратэрарызму. Аднак такія дзеяньні, хаця і прадыктаваныя высокароднай мэтай, шмат для каго прынцыпова непрымальныя, паколькі мяжуюць з цэнзурай.
У пачатку гэтага году Рон Атлас прэзыдэнт Мікрабіялягічнай асацыяцыі, склікаў нараду выдаўцоў навуковых часопісаў. Найбольш папулярныя часопісы, такія як “Nature” і “Science”, выказаліся за прыняцьце своеасаблівага “кодэксу”, які дапускаў бы адмову друку некаторых матэрыялаў і акрэсьліваў бы рамкі дзейнасьці выдаўцоў. Добраахвотнае падпарадкаваньне цэнзуры – гэта цалкам новая зьява ў навуковым сьвеце. Аднак незважаючы на ўсе засьцярогі, гэта відавочна першы крок у накірунку законнага ўрэгуляваньня небясьпечных навуковых экспэрымэнтаў з хваробамі, якія могуць стаць біялягічнай зброяй.
А зараз – парады мэдычнай арганізацыі Real Age.
У Вашым дзённым рацыёне павінна знайсьціся месца для грыбоў, якія могуць быць дасканалым і карысным дадаткам да многіх салатаў і мясных страваў. У параўнаньні зь іншымі, гэта надзвычай нізкалярыйны прадукт. У кубку вараных грыбоў ўсяго 42 калёрыі, аднак такая порцыя зьмяшчае ў сабе больш за міліграм медзі. Аптымальная доза медзі – да 3-х міліграмаў у дзень. Апрача таго, у порцыі вараных грыбоў 500 міліграмаў іншага мінэралу – калію. Медзь і калій, якіх звычайна недастаткова ў тыповай дыеце – гэта мінэралы, якія адыгрываюць ключавую ролю ў прадухіленьні остэапарозу.
Калі Вы прымаеце антыбіётыкі, не запівайце іх апэльсынавым сокам, бо ў ім вялікая колькасьць кальцыю. З той самай прычыны навукоўцы ўжо даўно рэкамэндуюць не спалучаць антыбіётыкаў з малочнымі вырабамі, аднак шкоднасьць спалучэньня антыбіётыкаў з апэльсынавым сокам стала вядомая нядаўна. Каб антыбіётык быў больш эфэктыўны, спэцыялісты рэкамэндуюць пасьля яго прыняцьця паўстрымацца як мінімум дзьве гадзіны ад спажываньня прадуктаў, багатых на кальцый.