Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці шкодзяць здароўю прадукты з замяняльнікамі цукру, напрыклад, кола і жавальная гума і як не захварэць на грып?


Сяргей Абламейка, Прага

Сёньня замяняльнікі цукру ўжываюць ужо ня толькі хворыя на цукровы дыябэт. Ангельскае слова “Light” (лёгкі) апанавала рэкляму і паліцы крамаў – кола-light, ёгурт-light, жавальная гума- light і гэтак далей. Азначае гэта – выкарыстаньне замест цукру яго замяняльнікаў. Яшчэ адзін шлях паступленьня замяняльнікаў цукру ў арганізм – іх наўмыснае ўжываньне самімі людзьмі з чаем ці кавай. Большасьць з нас спажываюць гэтыя прадукты і думаюць, што робяць карысьць для свайго здароўя. Гэта, аднак, не заўсёды так.

Чаму людзі наогул пачалі ўжываць цукровыя замяняльнікі? Прычынай было тое, што звычайны рафінаваны цукар прыводзіць да паўнаты, карыесу і цукровага дыябэту другога тыпу. Звычайны белы цукар утрымлівае толькі пустыя калёрыі – у ім няма ніякіх мінэралаў і вітамінаў. У выніку, навукоўцы сёньня прызнаюць, што цукар нашаму арганізму парктычна не патрэбны – ён усяго толькі паляпшае смак ежы.

Каб вызваліць прадукты ад цукру чалавецтва прыдумала два шляхі. Адзін шлях – замяняльнік цукру, пазбаўлены ад глюкозы, ён мае звычайную колькасьць калёрыяў. Такія прадукты прызначаныя для дыябэтыкаў. Другі шлях – замяняльнік цукру, які зусім ня мае калёрыяў. У першым выпадку на харчах пішуць “dia”, у другім “light”.

Самым старым і адным з самых распаўсюджаных замяняльнікаў цукру зьяўляецца сахарын. Яго сынтэзавалі яшчэ напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. Вакол яго дасюль вядуцца спрэчкі. Напачатку 70-х гадоў амэрыканская Адміністрацыя па кантролі за лекамі і прадуктамі харчаваньня (FDA) забараніла сахарын, бо лекары высьветлілі, што ён выкліткае рак жоўцевага пухіра ў лябараторных пацукоў. У 2000 годзе, аднак, FDA сахарын зноў дазволіла, бо высьветлілася, што рак ў пацукоў ўзьнікае шляхам, які ў людзей немагчымы. І ўсё ж частка мэдыкаў, перш за ўсё у Злучаных Штатах Амэрыкі, дасюль сьцьвярджае, што сахарын выклікае рак страўніка.

Другі вельмі распаўсюджаны замяняльнік цукру – аспартам. Яго вынаходніцтва ў 1965 годзе якраз і азначала зьяўленьне на рынку прадуктаў пад маркай “light” – аспартам якраз амаль не ўтрымлівае калёрыяў. Гэты сродак заваяваў рынак, бо значная частка чалавецтва жадала і жадае схуднець. Навукоўцы аднак засьцерагаюць, што гэты замяняльнік вельмі шкодна адбіваецца на дзейнасьці нэрвовай сыстэмы. Лекары штопраўда высьветлілі, што аспартам шкодны найперш людзям з рэдкім генэтычным недахопам – так званай фэнілкетанурыяй, і таму яго не забараняюць. Сайт часопісу Newsweek, аднак, паведамляе, што на сёньняшні дзень у амэрыканскую Адімністрацыі па кантролі за лекамі і прадуктамі харчаваньня зьвярнуліся пісьмова больш за 7000 чалавек са скаргамі на праблемы са здароўем, якія ў іх, на іх думку, выклікаў аспартам. Мова ідзе якраз пра згаданыя праблемы з нэрвовай сыстэмай, найперш доўгатрывалыя галаўныя болі.

У Злучаных Штатах за апошнія 15 гадоў праведзеныя дзясяткі дасьледаваньняў аб уплыве аспартаму на здароўе чалавека, у тым ліку на функцыю мозга і на здароўе немаўлятаў. Пакуль што лічыцца, што аспартам бясшкодны. Гэтаксама адзназначна лічыцца, што ён можа шкодзіць здароўю дзяцей. Менавіта аспартам утрымліваецца ў кока- і пэпсі-коле і шматлікіх ліманадах, у цукерках з паніжаным утрыманьнем цукру і ў жавачках. Шкоднасьць аспартаму і яго аналягаў залежыць ад вагі цела. Напрыклад, дзіця, якое важыць 20 кіляграмаў, не павінна спажыць больш за 340 міліграмаў замяняльніку цукру ў дзень. Пры гэтым 1 літар напою “light” утрымлівае 500 міліграмаў цукровага замняльніку.

Прадукты з азначэньнем “light” выклікаюць у людзей падманлівае пачуцьцё бясьпекі і ствараюць уражаньне, што такіх прадуктаў можна спажыць неабмежаваную колькасьць. Гэта якраз найбольш шкодна адбіваецца на арганізме чалавека ў выпадку колы і іншых ліманадаў. Але якраз кола ўтрымлівае ў сабе фосфарную кіслату – яна, дарэчы, азначаецца на этыкетках як Е338. Гэтая кіслата вельмі эфэктыўна зьнішчае кальцый у арганізме чалавека і тым самым спараджае слабасьць касьцей. Так што бацькі, якія купяць свайму дзіцяці колу-“light” замест звычайнай, у сапраўднасьці не дапамогуць яго здароўю.

На гандлёвых налепках вы можаце сустрэць і іншыя назвы замяняльнікаў цукру. Напрыклад аналяг аспартаму ацэсульфам К, або ў дзесяць разоў слабейшы за аспартам цыкламат. Трэба таксама памятаць, што да ўсяго іншага, арганізму дзяцей шкодзяць шматлікія фарбавальнікі і кансэрванты, што ўтрымліваюцца ў ліманадах, жуйках і цукерках.

Калі ж падсумаваць усе выгады і шкоды ад ужываньня цукру і яго замяняльнікаў, – напісаў папулярны чэскі часопіс Zdravi, – дык акажацца, што здароўю шкодзіць у той ці іншай ступені і тое, і тое. Навукоўцы сьцьвярджаюць, што цукар не зьяўляецца незаменным прадуктам для чалавека, а таму, у прынцыпе, ад яго можна адмовіццца бяз шкоды для здароўя ў любым узросьце. У любым выпадку кожны з нас можа лёгка зьменшыць колькасьць спажыванага цукру і яго замяняльнікаў. Лепш за ўсё паступова зьмяншаючы дозу, давесьці яе да паловы або да траціны звычайнага дзённага спажываньня. Тым жа, хто зусім ня можа адмовіцца ад цукру, раяць перайсьці, калі гэта магчыма, на прыродны нерафінаваны цукар – ён, прынамсі, утрымлівае невялікую колькасьць вітамінаў і мінэралаў.

***

У Беларусі, паводле прагнозаў мэдыкаў, пік эпідэміі грыпу прыпадзе на сярэдзіну сакавіка. У гэтай сувязі варта прывесьці некалькі простых парадаў, якія трэба выконваць падчас эпідэміі. Гэтыя парады можна знайсьці на сайце Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, іх таксама часам друкуюць эўрапейскія мэдычныя выданьні.

1. Хворы павінен заўсёды мець насоўку. Калі чалавек ня дбае пра гігіену, ён ставіць пад пагрозу найперш сябе. Справа ў тым, што нават вандруючы сярод членаў аднаго калектыву, вірус у кожнага чалавека троху зьмяняецца. У выніку нядбайны чалавек, заразіўшы калегаў, рызыкуе захварэць празь некалькі тыдняў ячшчэ раз – да яго проста вернецца троху зьменены ягоны ж вірус, супраць якога ў пачынальніка мікраэпідэміі няма імунітэту.
2. Ногі павінны быць заўсёды ў цяпле. У нашых канцовінах бег крыві запаволены, і гэта зьяўляецца дадатковым фактарам для пераахалоджваньня. Аднак, калі зьмерзнуць рукі, вялікай праблемы няма, калі ж зьмерзнуць ногі, прастудзіцца можа цэлы арганізм – і лёгкія, і ныркі, і іншыя жыцьцёва-важныя ворганы. Пераахалоджаньне дапамагае вірусу грыпу ўкараніцца ў арганізме. Таму тут дзейнічае парада нашых бабуляў – ногі трымайце ў цяпле.
3. Кожны дзень паласкайце горла. Паласканьне зьяўляецца выдатным гігіенічным сродкам для горла. Менавіта ў горле найперш пасяляюцца хваробатворчыя вірусы і бактэрыі. Паласкаць горла можна купленым у аптэцы растворам або прыгатаваным вамі растворам солі. Канцэнтрацыю солі выбірайце самі, але не забывайцеся, што раствор не павінен быць непрыемным. Калі вы ўжо захварэлі, паласкаць трэба ня менш за 6 разоў на дзень. Для прэвэнцыі дастаткова і аднаго разу.
4. Падчас эпідэміі вельмі карысна рабіць мэнтолавыя інгаляцыі і прамыўку носу. Можна дадаць невялікую колькасьць мэнтолавага алею ў цёплую ваду і падыхаць парам, або і прамыць такой вадой нос. Прамываньне носу патрабуе пэўнага досьведу. Трэба навучыцца ўцягваць ноздрамі ваду, але адначасова не глытаць яе. Прамываньне носу вельмі эфэктыўна дэзінфікуе сьлізістую абалонку.

Апрача таго лекары нагадваюць, што падчас эпідэміі вельмі важна спажываць дастатковую колькасьць садавіны і гародніны, а таксама бялку ў выглядзе мяса і гарэхаў. Вельмі карыснымі будуць і заняткі спортам або лёгкай гімнастыкай.

***

15 лютага ў нашай перадачы мы паведамлялі пра абяцаньне амэрыканскай кампаніі VaxGen яшчэ да канца лютага абвесьціць аб стварэньні новай эфэктыўнай вакцыны супраць СНІДу. Замест гэтага 25 лютага многія сусьветныя сродкі масавай інфармацыі паведамілі аб няўдачным выпрабаваньні гэтай вакцыны. Сярод 5 тысяч добраахвотнікаў вакцына паказала сябе троху больш дзейснай толькі для людзей афрыканскага і азіяцкага паходжаньня. Але і гэты эфэкт быў настолькі нязначным, што спэцыялісты прызналі практычна поўны правал выпрабаваньняў

***

А зараз яшчэ некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Калі вы бераце лекі ад болю, напрыклад, ад болю галавы, сачэце за дозамі. Калі вам даводзіцца перавышаць максымальна дапушчальную колькасьць таблетак, зьвярнецеся да свайго лекара. Адно нядаўняе дасьледаваньне высьветліла, што максымальна дапушчальную дозу перавышае паловы з тых, хто карыстаецца лекамі ад болю, і гэта павялічвае рызыку пабочных эфэктаў. У гэтай сувязі RealAge засьцерагае, што калі вы будзеце злоўжываць лекамі, гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на чатыры з паловай гады старэйшым.

2. Калі вы будзеце дадаваць да вашых салатаў невялікую колькасьць аліўкавага алею, гэта можа істотна зьнізіць рызыку захварэць на хваробу Альцгаймэра. Дасьледаваньні паказваюць, што існуе сувязь паміж некаторымі відамі тлушчу і хваробай Альцгаймэра. Людзі, якія ўжываюць здаровыя ненасычаныя тлушчы, маюць менш шанцаў захварэць. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце спажываць аліўкавы алей і гарэхі, якія таксама зьяўляюцца добрай крыніцай ненасычанага тлушчу, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа стаць на 6 гадоў маладзейшым.

3. Не чакайце, пакуль прыйдзеце ўвечары дадому, каб расслабіцца. Калі вы дадасьцё некалькі расслабляльных момантаў у свой працоўны графік – гэта вельмі добра адаб’ецца на вашым здароўі. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што вялікае працоўнае напружаньне можа выклікаць падвышэньне ўзроўню халестэролу (або як у Беларусі кажуць – халестэрыну) – а гэта фактар рызыкі інфаркту. Знайдзіце час на працы, каб глыбока падыхаць, пацягнуцца, прайсьціся або папіць супакаяльнай гарбаты. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце сачыць за сваім эмацыйным станам, гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.

4. Статыстыка паказвае, што ў большасьці цывілізаваных краінаў расьце ўзровень спажываньня прадуктаў харчаваньня. Сярод іншага, расьце і спажываньне хлебных і мучных прадуктаў. У гэтай сувязі RealAge нагадвае, што хлебныя прадукты, нават буйназярністы хлеб з вялікм утрыманьне расьліннай клятчаткі, могуць быць вельмі калярыйнымі. Калі вы дбаеце аб сваім здароўі, замянеце хаця б частку вашай дзённай нормы хлеба на порцыю сьвежай садавіны ці гародніны. RealAge нагадвае, што калі вы будзеце трымацца нізкакалярыйнай і багатай на вітаміны і мінэралы дыеты, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа зьнізіцца на 4 гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG