Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая “ харчовая піраміда”; у продажы зьявіліся бязьнікатынавыя цыгарэты ды іншае


Кастусь Бандарук, Прага

У навуковым друку зьявіліся паведамленьні пра новую “піраміду грамадзкага здароўя”. Яна можа пераадолець шкодныя харчовыя прызвычаеньні звычайных амэрыканцаў, – лічыць яе аўтар, д-р Уолтэр Уілет, кіраўнік дэпартамэнту харчаваньня з гарвардзкай школы грамадзкага здароўя ў Бостане. Ён зьяўляецца аўтарам папулярнай на Захадзе кнігі “Еш, пі і будзь здаровы”. Група дасьледчыкаў на чале з доктарам Уілетам праверыла новую харчовую піраміду на 100 тысячах мужчынаў і жанчынаў. Атрымалася, што ў мужчынаў рызыка сардэчна-сасудзістых хваробаў зьменшылася на 39%, а ў жанчынаў – на 28%. Рызыка іншых хранічных хваробаў зьменшылася адпаведна на 20% і на 11%.

Дагэтуль агульнапрынятай і найбольш правільнай лічылася чатырохузроўневая “ харчовая піраміда”, распрацаваная ў 1992 годзе спэцыялістамі зь Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША. Яна заняла месца аналягічнай піраміды з 1946 году, якая грунтавалася на чатырох прадуктах: малацэ, мясе, хлебабулачных вырабах і садавіне ды гародніне. Цягам апошніх 10 гадоў амэрыканцам рэкамэндавалася абмяжоўваць спажываньне масла, ласункаў і мучных прадуктаў. У выніку вучоныя справакавалі цягу амэрыканцаў да рознага тыпу абястлушчаных, але высокакалярыйных прадуктаў, якія ня толькі адкладваюцца ў выглядзе тлушчу, але і могуць спрыяць цукроваму дыябэту і хваробам сэрца.

Апошнімі гадамі амэрыканцы больш увагі надаюць здароваму харчаваньню, але яны проста ядуць зашмат. Да такой высновы прыйшлі дасьледчыкі з Унівэрсытэту Паўночнай Караліны Самара Джой Нільсэн і Бары Попкін. Зь іхнага дасьледаваньня вынікае, што за апошнія 20 гадоў памеры гамбургераў павялічыліся на 23%, порцыі мэксыканскай ежы павялічыліся на 27%, напояў кшталту кока-колы падаюць на 52% болей, а порцыі чыпсаў павялічыліся ажно на 60%.

Што тычыцца “харчовай піраміды” з 1992 году, дык у ёй на першым узроўні былі зьмешчаныя хлебныя вырабы і гарніры, бульба, макароны, рыс, фасоля і соя. Гэтых прадуктаў людзі спажываюць найбольш. Другі ўзровень піраміды – багатыя на вітаміны і мінэралы садавіна і гародніна, якія павінны займаць ў нашым дзённым рацыёне другое месца. Трэці ўзровень – нізкатлушчавыя малочныя вырабы, некаторыя віды мяса, рыба і птушкі. І апошні, самы маленькі паверх піраміды – прадукты, якіх мы павінны спажываць найменш, а лепш іх увогуле пазьбягаць. Гэта найперш салодкія вырабы і ласункі, а таксама чырвонае мяса і масла.

Д-р Ўілет моцна перабудаваў “харчовую піраміду”. Вядома, напрыклад, што алей з алівак або рыба – асноўная крыніца тлушчаў ў клясычнай міжземнаморскай дыеце, зьмяшчаюць у сабе вялікую колькасьць поліненасычаных кіслотаў, карысных для сэрца і крывяных сасудаў. Адначасова вугляводы, якія лёгка засвойваюцца арганізмам, напрыклад бульба і рыс, на думку Ўілета, могуць прынесьці шмат шкоды.

“Цяперашняя харчовая піраміда поўная хібаў. Нас запэўнівалі, што ўсе тлушчы дрэнныя, а ўсе вугляводы добрыя, хаця ўжо 30-40 гадоў таму было вядома, што гэта ня цалкам праўда”, – кажа д-р Ўілет. На ягоную думку, вялікая колькасьць вугляводаў зьніжае ўзровень “добрага” халестэрыну і ў выніку павялічвае рызыку хваробаў сэрца. Галоўным адрозьненьнем ягонай схемы ёсьць індывідуальны падыход да розных крыніцаў тлушчаў і вугляводаў. Ён разьдзяляе прадукты на крыніцы “добрых” і “дрэнных” тлушчаў, а таксама “добрых” і “дрэнных” вугляводаў. Ён строга разьямяжоўваў мучныя вырабы з пункту погляду ўзроўню клятчаткі ў іх. У выніку белы хлеб, белы рыс і бульба трапілі на верх піраміды, у катэгорыю прадуктаў, якіх трэба пазьбягаць.

Д-р Ўілет разбурыў шэраг харчовых мітаў. Ён перакананы, што многія стэраатыпы грунтуюцца не на навуковых доказах, але на здагадках. Паводле Амэрыканскай асацыяцыі сэрца, 30% калёрыяў паходзіць ад тлушчаў, але Ўілет кажа, што ніхто гэтага не праверыў. Чаму гэта трэба пазьбягаць яек? Пакажыце мне вынікі дасьледаваньняў, зь якіх вынікае, што яйкі павялічваюць рызыку інфаркту, – кажа Ўілет. Няпраўда, што кава без кафэіну лепшая. Ўілет лічыць, што кафэін ня шкодзіць на сэрца, але кава без кафэіну можа быць шкодная. Няпраўда, кажа Ўілет, што алькаголь дрэнны. У невялікіх колькасьцях ён зьніжае рызыку інфаркту, хаця ў жанчынаў павялічвае рызыку раку грудзей. Прынята лічыць, што расьлінны алей карысны для здароўя, аднак д-р Ўілет лічыць, што маргарын якраз павялічвае рызыку хваробаў сэрца.

Ўолтэр Ўілет ня ўнёс карэнных зьменаў ў дыетэтыку. Ён гарачы прыхільнік міжземнаморскай дыеты, якую лічыць аптымальнай. Садавіна, гародніна і цэльназерневыя мучныя прадукты павінны быць падставай дыеты, – лічыць ён. Сталым элемэнтам дзённага рацыёну павінны быць малочныя абястлушчаныя прадукты, а таксама два або тры разы ў тыдзень – рыба. Тыя, хто мае праблемы з халестэрынам, не павінны есьці болей як 3-4 яйкі ў тыдзень. Калі спажываеце мяса, хай яно будзе як мага худзейшае, найлепш белае, курыца або індык. Не забывайцеся, – раіць д-р Ўілет, – пра “добры” тлушч у арэхах, льняным семяні і алеі з алівак. Варта пазьбягаць салоджаных газаваных напояў. Што тычыцца салодкіх вырабаў, дык ня трэба ад іх адмаўляцца цалкам, але й нельга злоўжываць імі. Здаровая дыета, на думку д-ра Ўілета, павінна быць адначасова прыемнай.

Зразумела, ня ўсе падтрымліваюць тэорыю Ўолтэра Ўілета. Шматлікія экспэрты проста не дапускаюць думкі аб тым, што, напрыклад, белы рыс, якія зьяўляецца падставай штодзённай дыеты мільёнаў людзей ува ўсім сьвеце і дапамагае ім захаваць добрае здароўе, практычна трэба выключыць з харчаваньня. Ўілет прапагандуе алей з алівак, але ж ён таксама высокакалярыйны, і нельга яго спажываць ў вялікіх колькасьцях.

Пры ўсіх адметнасьцях сваёй тэорыі Ўолтэр Ўілер у асноўным згодны з тым, што рэкамэндуюць іншыя спэцыялісты. Спалучэньне некалькіх чыньнікаў: адмаўленьне ад тытуню, фізычная актыўнасьць і адпаведная дыета могуць прадухіліць больш як 80% хваробаў сэрца, 70% інсультаў і гэтулькі ж раку прамой кішкі, а таксама 90% дыябэту.

А цяпер да іншай тэмы: у 7 амэрыканскіх штатах у продажы зьявіліся цыгарэты з генэтычна зьмененым тытунём, што дазволіць курцам выбіраць узровень нікатыну. Цыгарэты пад назвай Quest 1 зьмяшчаюць у сабе 0,6 міліграма нікатыну, Quest 2 – на палову меней, а ў Quest 3 – проста сымбалічная колькасьць субстанцыі, якая выклікае залежнасьць ад сябе. Вытворца – кампанія Vector Group – заяўляе, што ў смаку новыя цыгарэты нічым не адрозьніваюцца ад звычайных, але яны могуць выдатна дапамагчы курцам абмежаваць і затым цалкам адмовіцца ад гэтай шкоднай звычкі.

Курэньне гэтых цыгарэтаў, запэўнівае вытворца, зьнізіць узровень нікатыну ў крыві, што і выклікае патрэбу курыць. Аднак прадставіць цыгарэты ў ролі сродку дзеля таго, каб кінуць курыць, няпроста. Справа ў тым, што такія мэдыкамэнты павінны прайсьці экспэртызу ў органах аховы здароўя, тады як звычайныя цыгрэты гэтага не патрабуюць. Кампанія Vector Group мяркуе, што ёй прыйдзецца выдаткаваць каля 15 мільёнаў даляраў на рэкляму, якая ня будзе дэзінфармаваць спажыўцоў і ня выкліча засьцярогаў з боку мэдыкаў.

Каб новы прадукт не ўспрымаўся ўсяго толькі інтрыгоўным кур’ёзам, як лічаць спэцыялісты ў галіне аховы здароўя, кампанія Vector Group мае намер замовіць навуковае дасьледаваньне, якое пацьвердзіць карысьць навінкі для курцоў. Раней у якасьці больш бясьпечных тытунёвыя кампаніі рэклямавалі розныя “лёгкія” або “мягкія” цыгарэты са зьніжаным узроўнем нікатыну. Пасьля аказалася, што каб арганізм атрымаў патрэбную яму дозу нікатыну, курэц выкурваў значна болей цыгарэтаў. Гэта стала падставай для судовых пазоваў супраць тытунёвых кампаніяў, якія, на думку курцоў, дэзінфармавалі іх, называючы такія цыгарэты менш шкоднымі.

Праціўнікі курэньня наагул выказваюць боязь, што нібыта бясьпечныя бязьнікатынавыя цыгарэты могуць толькі пашырыць гэтую дрэнную звычку. Тыя, хто цалкам ня курыць або нядаўна перасталі, могуць пачаць курыць, а тым, якія спрабуюць перастаць курыць, можа падацца, што з прычыны невялікай шкоднасьці няма патрэбы адмаўляцца ад сваёй страсьці. У кожным разе, сама кампанія Vector Group ня кажа, што ейныя цыгарэты бясьпечныя. Паводле прадстаўніка кампаніі д-ра Тоні Албіно, цыгарэты Quest, як і ўсе астатнія зьмяшчаюць поўны набор субстанцыяў, якія лічацца таксычнымі і канцэрагеннымі. У сувязі з гэтым, лічыць д-р Альбіно, курэньне любога віду цыгарэтаў заўсёды зьвязанае з рызыкай.

І на заканчэньне – парады мэдычнай арганізацыі Real Age. Каб засьцерагчыся ад сур’ёзных праблемаў са здароўем, дадавайце да супоў і асноўнай стравы багаты на калій сталовы гарбуз. Згодна з дасьледаваньнямі, нізкі ўзровень калію ў крыві павялічвае верагоднасьць інсульту. Порцыя парэзанага на кубікі гарбуза зьмяшчае 900 міліграмаў калію. Аптымальная доза гэтага мінэралу – 3000 міліграмаў у дзень. Іншыя крыніцы калію – гэта бананы, манга і таматная паста.

Ёсьць яшчэ адна важная прычына, дзеля якой варта кантраляваць вагу свайго цела. Паводле навукоўцаў, існуе наўпростая залежнасьць паміж лішнімі кіляграмамі і зрокам. У людзей з індэксам масы цела 36 значна хутчэй разьвіваецца катаракта. Людзі з празьмернай вагою пераважна маюць вышэйшы ўзровень цукру ў крыві, а таксама больш схільныя да рознага тыпу запаленьняў. У выніку гэта можа прывесьці да катаракты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG