Сёлета колькасьць мабільных тэлефонаў у сьвеце пераваліла за 100 мільёнаў. Увесну ў навуковых часопісах зьявіліся артыкулы пра шкоднасьць мабільнікаў. Вынікі дасьледаваньняў, праводжаных паралельна ў 6 навуковых цэнтрах у Швэцыі, Швайцарыі, Галяндыі і ЗША, паказалі, што людзі, якія цягам 10 гадоў ужываюць мабільнікі, на 26% адсоткаў больш схільныя да раку мозгу. Паводле навукоўцаў, выпраменьваньне з мабільнікаў зьмяняе нармальныя хімічныя працэсы ў арганізьме. Радыёхвалі павялічваюць вытворчасьць гармону стрэсу, могуць выклікаць мігрэні, шум у галаве ды іншыя сымптомы. Цалкам загадка ўплыву мабільнікаў на здароўе яшчэ не разьвязаная, але навукоўцы прызналі, што ёсьць пэўная сувязь паміж карыстаньнем мабільнікамі й хваробай Паркінсона, амнэзіяй, хваробай Альцгаймэра і некаторымі хваробамі скуры.
Сёлета ў красавіку зьявілася інфармацыя пра тое, што ў папулярных печаных і смажаных прадуктах: бульбе-фры, чыпсах і хлебабулачных выбарах знаходзіцца канцэрагенная субстанцыя акрыламід. У чыпсах яе нават у 500 разоў болей, чым гэта дапускаюць нормы Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя. Небясьпечная колькасьць акрыламіду зьяўляецца ў прадукце толькі ў выніку гэтак званай “ рэакцыі Майларда”, гэта значыць, пад узьдзеяньнем тэмпэратуры, вышэйшай за 100 градусаў Цэльсія, і калі ў прадукце ёсьць адна з 20 вядомых амінакіслотаў – аспарагін. Экспэрты лічаць, што акрыламід пашкоджвае ДНК і клетачныя пратэіны, можа выклікаць пашкоджаньне нэрвовай сыстэмы, страту каардынацыі рухаў і параліч. Гэтае адкрыцьцё ўжо мае свае практычныя наступствы: навукоўцы разам з Усясьветнай Арганізацыяй Здароўя зьбіраюцца абсьледаваць каля 600 найбольш папулярных прадуктаў і рэкамэндаваць спосаб зьніжэньня ў іх акрыламіду.
У сьвеце на астму хварэюць 150 мільёнаў чалавек, у тым ліку 60 тысячаў – у Беларусі. І вось у траўні сёлета амэрыканскія навукоўцы паведамілі пра вынаходніцтва новага антыастматычнага леку пад назвай Халаір. Лек трапляе ў крывяносную сыстэму, як губка, упітвае ў сябе алергічныя антыцелы і нэўтралізуе іх. Халаір вельмі добра дзейнічае супраць алергічных тыпаў астмы, як і супраць усіх астатніх. Гэткім чынам, хворыя на астму людзі атрымалі сёлета цудоўны падарунак – вельмі якасны лек, якія істотна скарачае колькасьць прыступаў гэтай дакучлівай і пашыранай хваробы.
У жніўні брытанскія навукоўцы з Каралеўскага Коледжу ў Лёндане на чале з Тэры Мофіт выявілі “ген агрэсіўнасьці”. Гэты ген кантралюе ў арганізьме чалавека актыўнасьць энзыму, званага ў скароце МАОА. Энзым парушае дзейнасьць нэўрапераказчыкаў, якія перадаюць сыгналы паміж нэрвовымі клеткамі, і ў выніку ўплывае на пачуцьці ды настрой чалавека. Навукоўцы высьвятлілі, што мужчыны з генам, які абмяжоўвае выпрацоўку МАОА, выразна больш схільныя да антысацыяльных паводзінаў і гвалту. Аднак лекары лічаць, што сам “ген агрэсіўнасьці” можа не запрацаваць, калі яго наяўнасьць не супадзе з дрэнным выхаваньнем ў крымінагеннай атмасфэры.
Група амэрыканскіх дасьледчыкаў з Балтымару абвесьціла пра адкрыцьцё трох фактараў доўгажыхарства. Сутнасьць адкрыцьця зводзіцца да таго, што меншая колькасьць ежы можа працягнуць жыцьцё чалавека. Ужо з ранейшых дасьледаваньняў, праводжаных на пацукох і малпах, вынікала, што калі яны недаядалі, дык жылі ад 9% да 40% даўжэй. Згаданыя тры фактары – гэта паніжаная тэмпэратура цела, меншая выпрацоўка інсуліну і павялічаная выпрацоўка рэчыва, званага DHEA, андрагену з анабалічным дзеяньнем. Паводле аднаго з суаўтараў дасьледаваньня, д-ра Джорджа Рота, наяўнасьць хаця б аднаго з трох “фактараў доўгажыхарства” можа падоўжыць чалавечае жыцьцё на 2-3 гады. Аднак навукоўцы прызнаюць, што акрамя памяркоўнага харчаваньня, падоўжыць жыцьцё могуць: чыстае паветра, фізычная актыўнасьць, спакой і аптымізм.
7 кастрычніка сёлета у Стакгольме былі абвешчаныя імёны сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў галіне мэдыцыны. Імі сталі два брытанцы – Сыднэй Брэнэр і Джон Салстан, а таксама амэрыканец Робэрт Горвіц. Асноўнае іх дасягненьне – адкрыцьцё апаптозы, альбо мэханізму натуральнай, запраграмаванай сьмерці клетак. Апаптоза, насуперак сваёй назьве, стаіць на варце нашага жыцьця і здароўя. Вучоныя прыйшлі да высновы, што апаптоза кантралюецца генамі. Арганізм пазбываецца клетак, якіх зашмат, якія выканалі сваё заданьне або інфікаваныя вірусам. Ліквідаваць клетку – гэта адно, але трэба гэта зрабіць гэтак, каб не пакінуць сьледу. Уявім сабе, што людзі перасталі б хаваць памерлых. У выніку трупы выклікалі б эпідэмію. Здаровы чалавек пазбываецца каля аднаго граму клетак у дзень, але апаптоза не дазваляе атруціць арганізм мёртвымі клеткамі.
У выніку адкрыцьця запраграмаванай сьмерці клетак навука цяпер ведае, якія вірусы і бактэрыі актывуюць генную мутацыю, што дачасна ўключае запраграмаваны мэханізм паміраньня клеткі. Гэтак адбываецца падчас СНІДу і сарэчна-сасудзістых хваробаў. Затое пры раку гэты мэханізм адключаецца, што прыводзіць да выжываньня клетак, якія павінны былі б памерці. У заяве Нобэлеўскага Інстытуту гаворыцца: “Цяпер мы ведаем, што пры некаторых хваробах, такіх як інсульт ды інфаркт, адбываецца страта клетак у выніку іх празьмернай гібелі”. Працы сёлетніх нобэлеўскіх ляўрэатаў адкрываюць новыя пэрспэктывы ў лячэньні самых цяжкіх хваробаў сучаснасьці: СНІДу, хваробаў Альцгаймэра і Паркінсона, раку і сардэчна-сасудзістых хваробаў.
Сёлета навуковыя часопіы “New Scientist” і “Journal of Dental Research” паведамілі пра важныя адкрыцьці ў галіне стаматалёгіі. У пачатку жніўня прафэсар Пол Шарп зь лёнданскага Каралеўскага Коледжу паведаміў, што ён трапіў на сьлед гэтак званых “сыгнальных клетак”, дзякуючы якім бясформенная маса ператвараецца ў зародак зуба. “Я стаўлю перад сабою мэту прышчапіць у пустыя месцы ў дзяснах зубныя зародкі, вырашчаныя з уласных клетак чалавека. Пацыент будзе перахоўваць свае клеткі ў дантыста, і пасьля прыблізна 10 тыдняў вырошчваньня ён атрымае новыя, здаровыя зубы”.
У пачатку сьнежня, раней чым меркаваў Пол Шарп, брытанскія вучоныя зрабілі наступны крок у кірунку вырошчваньня новых зубоў. Зь неразьвітых зубоў 6-месячнага парасяці вучоныя ізалявалі клеткі і прышчапілі іх пацуку. Пасьля 30 тыдняў у пацука вырасьлі невялікія, але поўнасьцю сфармаваныя сьвіныя зубы. “Дагэтуль такое нікому не ўдавалася. Гэта пераломны момант, які прывядзе да таго, што старыя зубы мы будзем замяняць іх новымі біялягічнымі дуплікатамі”, – заявілі навукоўцы.
Аднак і ў галіне традыцыйнага лячэньня зубоў сёлета адбыўся значны прагрэс. Дасьледчыкі з аўстралійскага Нацыянальнага Ўнівэрсытэту ў Канбэры на чале з Андрэям Родэ распрацавалі мэтад лячэньня зубоў з дапамогай лязэру. Кароткія і вельмі дакладныя імпульсы лязэрнай радыяцыі дазваляюць лёгка і бязбольна пранікаць ў хворыя часткі зуба, не пашкоджваючы пры гэтым зубную эмаль. У міжчасе брытанскія вучоныя з Унівэрсытэту ў Бэлфасьце на чале з Эдвардам Лінчам распрацавалі мэтад лячэньня зубоў з дапамогай азону. Гэты бяспахавы від кіслароду забівае да 99% бактэрыяў, а ачышчаная зубная маса бяз аніякіх дадаткаў аднаўляецца сама.
Здаўна вядома, што сакрэт нашага жыцьця і сьмерці зашыфраваны ў генах. У кастрычніку сёлета амэрыканскія генэтыкі Джордж Чэрч і Крэйг Вэнтэр паведамілі пра вынаходніцтва новай тэхналёгіі, якая дазволіць хутка і танна апісаць генэтычны код чалавека. Паводле брытанскай фірмы “Солекса”, празь некалькі гадоў кожны зможа атрымаць апісаньне свайно ДНК ў часе рутыннага абсьледаваньня крыві. Бацькі змогуць атрымаць генны кампакт-дыск з ДНК дзіцяці у часе выпісваньня са шпіталю пасьля родаў. На думку спэцыялістаў, гэта азначае рэвалюцыйную зьмену ў сыстэме аховы здароўя. Апісаньне генэтычнага коду будзе падставай для далейшага лячэньня. Бацькі, якія будуць ведаць пра генэтычныя схільнасьці свайго дзіцяці, змогуць засьцерагчы яго перад многімі хваробамі і нават заўчаснай сьмерцю.
Сёлета амэрыканскія вучоныя на чале з праф. Чунг Лі наблізіліся да вырашэньня праблемы раку. З дапамогай геннай тэрапіі ім ўдалося вылячыць злаякасныя пухліны ў лябараторных мышэй. У костны мозг мышэй яны ўвялі змутаваны ген, які актывізаваў дзейнасьць іхнай ўласнай імуннай сыстэмы і блякаваў любую спробу ракавых клетак “схавацца” і замаскіравацца. У выніку выздаравелі 70% мышэй з ракам скуры і 80% з ракам прастаты. Аднак калі мэдыкі выказалі намер правесьці дасьледаваньні на людзях, яны сустрэліся з супрацівам з боку іншых навукоўцаў з буйных навуковых цэнтраў. Не падлягае сумневу, што адкрыцьцё ідэальнага леку супраць раку азначала б фінансавы крах тых кампаніяў, якія вырабляюць прэпараты для традыцыйнай хіміятэрапіі. Такім чынам, не зважаючы на посьпех вучоных, на шырокае выкарыстаньне геннай тэрапіі ў барацьбе з ракам прыйдзецца яшчэ пачакаць.
І на заканчэньне – найноўшыя парады мэдычнай арганізацыі RealAge.
Па меры магчымасьці, часьцей спажывайце з хлебабулачнымі вырабамі арахісавае масла. Яно выдатна зьмяншае рызыку захворваньня на дыябэт другога тыпу (г.зн. набыты дыябэт, у адрозьненьне ад першага тыпу, што азначае прыроджаны дыябэт). У жанчынаў, якія 5 разоў на тыдзень спажывалі арахісавае масла, рызыка дыябэту зьменшылася на 20%. Наагул рэкамэндуецца пазьбягаць празьмернай колькасьці калёрыяў і замяняць звычайнае масла менавіта арахісавым. Калі вы будзеце прытрымлівацца нізкакалярыйнай дыеты, ваш білягічны ўзрост будзе на 6 гадоў маладзейшым.
Калі Вы хочаце лепш пераносіць і нават палюбіць сваю цяжкую працу, паспрабуйце адначасова з рутыннымі заняткамі слухаць спакойную музыку. Згодна з дасьледаваньнямі, людзі, якія падчас выздараўленьня пасьля апэрацыі слухалі музыку, папраўляліся хутчэй. У параўнаньні з тымі, хто працуе ў цішыні, значна лепшы настрой бывае у тых, хто ў часе працы слухае музыку. Апрача таго, дзякуючы лепшаму настрою, Вы можаце палюбіць тое, што робіце.