Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справаздача ААН да Міжнароднага дня барацьбы са СНІДам; нараджэньне жанчынай дзіцяці магчымае пасьля 50 ці нават 60 гадоў ды іншае


Кастусь Бандарук, Прага

У нядзелю 1 сьнежня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы са СНІДам. У аўторак 26 лістапада Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў апублікавала справаздачу аб эпідэміі СНІДу ў сьвеце. Кіраўнік адмысловай праграмы ААН у справе СНІДу (UNAIDS) Пітэр Паёт (Peter Piot) паведаміў агенцтву Reuters надзвычай трывожныя дадзеныя. Ён сказаў, што на дадзены момант у сьвеце інфікаваныя вірусам імунадэфіцыту чалавека 42 мільёны чалавек. Прыблізна 5 мільёнаў чалавек заразіліся гэтым вірусам сёлета. Дагэтуль ад віруса імунадэфіцыту памерлі 25 мільёнаў чалавек. Яшчэ 3,1 мільёна памруць да канца бягучага году.

Паводле справаздачы, найболей хворых на СНІД – амаль 30 мільёнаў чалавек – жыве ў Афрыцы. Эпідэмія пашыраецца найхутчэй ва Ўсходняй Эўропе, асабліва ўва Ўкраіне, і ў Цэнтральнай Азіі. Экспэрты мяркуюць, што да 2010 году ў Украіне колькасьць ВІЧ-інфікаваных можа дасягнуць 1,5 мільёна чалавек. У Азіі, асабліва ў Кітаі і Індыі, СНІД можа аказацца сапраўднай бомбай запаволенага дзеяньня. Да канца гэтага дзесяцігодзьдзя ў Кітаі колькасьць хворых на СНІД можа дасягнуць 10 мільёнаў чалавек.

“Найбольшым шокам для мяне сталася тое, што ўпершыню жанчыны склалі 50% глябальнай эпідэміі”, – адзначыў Пітэр Паёт. Калі два дзясяткі гадоў таму распачалася эпідэмія СНІДу, яна асацыявалася з гомасэксуалістамі – найбольш выпадкаў СНІДу ўзьнікала ў іхным асяродзьдзі. “Зараз у Афрыцы жанчыны складаюць ажно 58% носьбітаў ВІЧ. Аблічча СНІДу набывае рысы маладой жанчыны”, – сказаў Паёт. Гэта азначае, што заражацца ад маці і паміраць будзе ўсё большая колькасьць дзяцей.

“Гэта крызыс ня толькі ў галіне здароўя, але і ў галіне разьвіцьця”, – сказаў пасьля апублікаваньня справаздачы ААН д-р Алан Ўайтсайд (Alan Whiteside) з Паўдзённаафрыканскай Рэспублікі. На думку экспэртаў, СНІД паглыбляе іншыя беды, заняпад эканомікі і харчовы крызыс у краінах Трэцяга Сьвету. У Афрыцы засухі і голад зьява ня новая, але ў краінах, дзе чвэрць або траціна насельніцтва ВІЧ-інфікаваная, СНІД толькі паглыбляе эканамічны спад. Хворыя людзі ня могуць працаваць, затое самі патрабуюць мэдычнай апекі і добрага харчаваньня.

З другога боку, экспэрты ААН адзначаюць некаторы спад колькасьці захворваньняў на СНІД нават ў бедных краінах. “Упершыню за апошнія гады мы маем неаспрэчны доказ, што прафіляктыка дае вынікі нават у найбяднейшых краінах”, – сказаў Пітэр Паёт. За апошнія 3 гады у Паўдзённай Афрыцы, а таксама ў Этыёпіі, колькасьць цяжарных жанчынаў, малодшых за 20 гадоў зьменшылася, з 21% да 15%. Часткова гэта вынік таго, што ў шэрагу краінаў, такіх як Батсвана і Нігерыя, зьнізіліся цэны лекаў і палепшылася мэдычная апека.

Паводле справаздачы ААН, дзякуючы прафіляктыцы і лепшаму лекаваньню, у 1995-96 гадох колькасьць захворваньняў на СНІД у Амэрыцы і Заходняй Эўропе выразна зьменшылася. На жаль, яна ізноў вяртаецца да ранейшага ўзроўню з прычыны заражэньня ў выніку гетэрасэксуальных полавых зносінаў. Паводле ведамства ААН у справах СНІДу, да 2007 году агулам на барацьбу з хваробай трэба выдаткаваць як мінімум 15 мільярдаў даляраў. Што тычыцца барацьбы са СНІДам у найбяднейшых краінах, дык яна можа быць пасьпяховай толькі дзякуючы дапамозе звонку.

А цяпер да іншай тэмы. У Злучаных Штатах за апошнія 10 гадоў, колькасьць жанчынаў, якія вырашылі стаць маці пасьля саракоўкі, перад самай мэнапаўзай, павялічылася ўдвая. Гэта зьвязанае з цалкай новай тэндэнцыяй ў заходніх грамадзтвах. Эмансіпаваная жанчына ня хоча абмяжоўвацца роляй хатняй гаспадыні, жонкі і маці. Яе не палохае мянушка “старой дзевы”, з замужжам яна сама паўстрымліваецца як мага даўжэй. Яна сьпярша набывае адукацыю, затым займаецца прафэсійнай кар’ерай і толькі потым пачынае думаць пра сям’ю і дзяцей. Часта гэта здараецца ўжо у апошні магчымы тэрмін, пасьля якога, у адпаведнасьці з прыродай, жанчына ўжо ня можа мець дзяцей.

Аднак жанчына ў свае 50 і нават 60 гадоў можа лёгка зацяжарыць, калі скарыстаць зародышы, узятыя ў малодшай жанчыны, найлепш 20-30-гадовай, і затым яна без праблемаў можа нарадзіць здаровае дзіцё. Паводле найноўшых дасьледаваньняў, яечнік, а ня матка, ёсьць прычынай мэнапаўзы і затым зьвязаных з узростам праблемаў з нараджальнасьцю. “Сам узрост не зьяўляецца перашкодай для цяжарнасьці”, – напісаў на старонках Journal of American Medical Asociation Рычард Поўлсан. Да такой высновы ён прыйшоў разам з групай навукоўцаў з Унівэрсытэту Паўдзённай Каліфорніі.

Поўлсан і ягоныя калегі абсьледавалі 77 жанчынаў у веку ад 50 да 63 гадоў, якія ў 1991-2001 гадох прайшлі ўва ўнівэрсытэце штучнае апладненьне мэтадам ін-вітра. У матку кожнай з жанчынаў былі перанесеныя ад 3 да 4 чалавечых эмбрыёнаў. Кожная з жанчынаў ў часе цяжарнасьці атрымлівала адпаведныя гармоны і знаходзілася пад дбайным наглядам спэцыялістаў. З 77 жанчынаў пасьпяхова зацяжарылі 45 жанчынаў. Яны агулам нарадзілі 61 здаровае дзіцё: 31 жанчына па адным дзіцяці, у 12 былі блізьняты, а ў двух нарадзілася па трое дзяцей. Больш як палова парадзіхаў дагэтуль былі бяздзетныя.

Пераважная большасьць дзяцей, у тым ліку блізьняты і трайняты, прыйшлі на сьвет мэтадам кесаравага сячэньня, якое практыкуецца зрэдку ў выпадку апладненьня мэтадам ін-вітра малодшых жанчынаў. Д-р Поўлсан быў перакананы, што матка ў старэйшым узросьце менш расьцяжная і недастаткова гнуткая для звычайных родаў. Ў 20 адсоткаў жанчынаў зьявіўся дыябэт, зьвязаны зь цяжарнасьцю. Ён зьяўляецца толькі ў 5% цяжарных 20-гадовых жанчынаў і ў 14% 30-гадовых.

Аднак асноўнае ўскладненьне ў выпадку цяжарных жанчынаў у старэйшым ўзросьце – гэта прэ-эклямпсія, званая даўней “таксікозам” альбо “сымптомам позьняй цяжарнасьці”. Гэтая хвароба, зьвязаная з падвышэньнем крывянога ціску, выкліканая пашкоджаньнем пупавіны. Пры пасярэдніцтве гэтага органу дзіцё атрымлівае харчы і кісларод з крыві маці. У выніку эклямпсіі можа быць пашкоджаны плод. Як правіла, дзіцё горш разьвіваецца і мае меншую вагу. Хвароба закранае амаль траціну цяжарных жанчынаў, але ў жанчынаў, старэйшых за 40 гадоў, яна бывае ў тры разы часьцей.

Магчымасьць зацяжарыць і нарадзіць дзіцё ва ўзросьце 50-60 гадоў выклікае рознагалосьсі ужо цягам 10 гадоў, з часу, як у клінічных умовах, мэтадам штучнага апладненьня, адбыўся першы такі выпадак. Яшчэ 6 гадоў таму Амэрыканская асацыяцыя рэпрадуктыўнай мэдыцыны цьвердзіла, што позьняе мацярынства неэтычнае і трэба пазьбягаць яго. У кожным разе, спэцыялісты не рэкамэндуюць гэтага. “Тое, што нешта магчымае, ня значыць, што яно пажаданае”, – заявіў Робэрт Стыльман з дасьледчага Цэнтру апладненьня ў Роквіл, штат Мэрыленд.

Паводле спэцыялістаў, неабходна ўлічваць найперш мэдычныя мінусы позьняга мацярынства. Д-ра Чэнг Лі Чанг з Томсанскага цэнтру апладненьня называе тры асноўныя чыньнікі. Гэта зьменшаная плоднасьць, ускладненьні ў часе цяжарнасьці і большая верагоднасьць неданашэньня дзіцяці. Калі жанчыне 19-26 гадоў, верагоднасьць, што яна зацяжарыць цягам месяца складае 50%. Калі ёй 27-34 гады, гэты шанец зьмяншаецца да 40%, а калі жанчыне больш за 35 гадоў, дык верагоднасьць цяжарнасьці зьмяншаецца да 30%. У 20-гадовых жанчынаў неданошанымі нараджаецца ўсяго 9% дзяцей, але калі жанчыне больш за 40 гадоў, гэты ўзровень павялічваецца больш як у 4 разы. Адно з 600 дзяцей у сьвеце нараджаецца з хваробай Даўна, званай таксама “мангалізмам”. Аднак 40% адсоткаў усіх выпадкаў гэтай хваробы здараецца тады, калі маці было болей за 40 гадоў, а 30% – калі парадзісе было ад 35 да 40 гадоў.

Сам д-р Поўлсан прызнае наяўнасьць адмоўных аспэктаў позьняга мацярынства. На ягоную думку, нельга ня ўлічваць яго псыхалягічныя і сацыяльныя аспэкты. Нарадзіць доўгачаканае дзіцё нават ў старэйшым ўзросьце – гэта невыказная радасьць для жанчыны, якая, напрыклад, лячылася ад бясплоднасьці. Але выглядаць бы бабуля ўласнага дзіцяці – гэта дыскамфорт для абодвух бакоў. Сама біялёгія чалавечага арганізму абмежавала рэпрадукцыйны ўзрост да аптымальнага пэрыяду. Паколькі ў нашай культуры асноўны цяжар апекі над дзіцём і выхаваньня спачывае на маці, яна павінна быць сама дастаткова маладая і здаровая, каб выхаваць дзяцей, не асіраціць іх малымі і бездапаможнымі.

А зараз найноўшыя парады мэдычнай арганізацыі Real Age. У чацьвер, 28 лістапада, амэрыканцы адзначалі Дзень падзякі. Варта памятаць, што традыцыйны дадатак да індыка – журавіны вельмі карысныя для здароўя. У іх вельмі шмат антыаксыдантаў, якія выдатна зьмяншаюць рызыку інсульту ды інфаркту. Журавіны таксама зьніжаюць узровень “дрэннага” халестарыну і гэткім чынам прадухіляюць артэрыясклероз.

Калі ў сьвяточныя выхадныя вы хочаце пазьбегнуць пераяданьня, перш чым сесьці за стол, пажадана пайсьці на шпацыр. Насуперак традыцыйнаму ўяўленьню, дадатковы рух і фізычныя практыкаваньні не павялічваюць апэтыт. Згодна з найноўшымі дасьледаваньням, наадварот, фізычная актыўнасьць дапамагае ўтаймоўваць празьмерны апэтыт. Шпацыр перад абедам дазволіць пазбыцца часткі калёрыяў, якія непазьбежна вас чакаюць за багатым сталом. Фізычная актыўнасьць наагул можа зрабіць ваш біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.

Паводле Real Age, вельмі важна для здароўя, у якой тэмпэратуры чалавек працуе. Кліматызыванае, халаднейшае працоўнае месца можа ўзмацніць вашую імунную сыстэму, затое празьмернае цяпло на працоўным месцы – шкоднае. Гэтая заканамернасьць даказаная ў выніку дасьледаваньняў, праведзеных на спартоўцах.

У выпадку падвышанага крывянога ціску некаторыя цалкам адмаўляюцца ад кавы, нават без кафэіну. Вядома, што некалькі кубкаў любой кавы ў дзень падвышаюць узровень шкоднай для сэрца амінакіслаты гомацыстын. Аднак галяндзкія вучоныя высьвятлілі, што крывяны ціск падвышае і кава без кафэіну, асабліва, калі яе выпіваць пасьля абеду. Справа ў тым, што і ў каве без кафэіну ёсьць субстанцыя, званая хлорагеннай кіслатою, якая адмоўна дзейнічае на сардэчна-судзінную сыстэму. У сувязі з гэтым, любую каву лепш піць нашча, чым пасьля абеду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG