Тытунь, на лаціне Herba Nicotiana, ад самага свайго зьяўленьня ў Эўропе выклікаў рознагалосьсі сярод лекараў. Калі ў 1560 годзе францускі пасол у Партугаліі Жан Нікот падараваў каралеве Екацярыне Мэдыцэйскай і Францішку ІІ зёрны і лісьце тытуню (ад ягонага прозьвішча паходзіць назоў нікатыну), тытунь ужывалі для лячэньня хваробаў скуры. Некаторыя лекары рэкамэндавалі тытунь у якасьці сродку для абязбольваньня, пры дрэнным самаадчуваньні, заразных хваробах, а іншыя цьвердзілі, што тытунь некарысны, адмоўна ўплывае на полавае жыцьцё, нішчыць спэрматазоіды і зьмяншае лібіда.
Пасьля пашырэньня звычаю курэньня тытуню шкодны ўплыў гэтай звычкі на здароўе стаў відавочны. У Швайцарыі з 1670 году курцоў зь люлькай ў зубах выстаўлялі па пасьмешышча ў публічных месцах. У Англіі курэньне было афіцыйна забароненае, а кароль Якуб ІІ апублікаваў нават адмысловую брашуру супраць курцоў. У Расеі ў 1634 годзе цар Міхаіл Раманаў даў загад караць курцоў злоўленых на паленьні ўпершыню 60 ударамі палкі, а за другім разам ім абразалі насы. Цар Аляксей загадаў паддаваць курцоў катаваньням, а гандляром тытуню абразалі насы і вушы. Забарона паленьня ў Расеі была скасаваная у 1697 годзе, калі цар Пётар І прызнаў паленьне адной з навінак заходняй цывілізацыі.
Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя, штогод у сьвеце ад хваробаў, зьвязаных з паленьнем, паміраюць больш за 4 мільёны чалавек, у ЗША – каля 400 тысячаў чалавек. Незважаючы на той факт, што ў заходніх краінах пасьпяхова пашыраецца мода на не-паленьне і рэзка зьменшылася колькасьць курцоў, тытунёвыя канцэрны актывізуюць свой экспарт у краіны Трэцяга Сьвету. Немалаважнае значэньне мае той міт, што паленьне дапамагае ўтрымаць добрую фігуру. Нават у Заходняй Эўропе і ЗША зараз сярод курцоў-падлеткаў больш дзяўчат, чым хлопцаў. Назойлівыя каляровыя рэклямы ў краінах Азіі і Ціхага акіяну маюць пераканаць жанчын, што тонкая нібыта бясьпечная для здароўя цыгарэта ў роце – гэта сымбаль іхнай эмансыпацыі і лепшага жыцьця.
“Не падлягае сумневу, што цыгарэтны дым вельмі шкодны, асабліва ў часе цяжарнасьці жанчыны, – піша ў “Nature Medicine” праф. Бары Фінэт (Barry Finette). Дзеці, якіх маці ў часе цяжарнасьці ня перасталі паліць (у тым ліку пасіўна) больш падатлівыя на хваробы лёгкіх, запаленьне вуха, у іх меншая вага цела і яны горш разьіваюцца інтэлектуальна. Д-р Стывэн Гечт (Steven Hecht) з Ракавага Цэнтру ва Ўнівэрсытэце Мінэсота (University of Minnesota Cancer Center) выявіў ў мачы двух трацінаў немаўлятак, маці якіх у часе цяжарнасьці курылі, небясьпечную ракавую субстанцыю, якой цалкам ня знойдзена у мачы немаўлятак, маці якіх не палілі. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, праведзенымі д-рам Робэртам Клесгесам (Robert Klesges) з Унівэрсытэту Мэмфіса (University of Memphis), тытунёвы дым выразна зьмяншае плоднасьць жанчынаў. Тым ня менш, паводле “American Journal of Public Health”, 61% амэрыканак, якія паляць, не перастаюць паліць нават у часе цяжарнасьці.
Паводле агенцтва Ройтэрс, мужчыны і жанчыны з розных прычынаў працягваюць руку па цыгарэты. Мужчыны паляць, калі яны злосныя або знэрваваныя, а жынчыны – калі яны сябе адчуваюць шчасьлівымі і расслабленымі. Да такой высновы прыйшлі каліфарнійскія вучоныя, якія цягам двух сутак назіралі за 25 жанчынамі і 35 мужчынамі. Вучоныя рэгістравалі іхны крывяны ціск, паводзіны, настрой і кожную цыгарэту. Калі ўдзельнікі дасьледаваньня былі ў дрэнным настроі, усе яны палілі часьцей, але ў большай ступені мужчыны. Калі мужчыны былі нэрвовыя або адчувалі стрэс, яны палілі ў два разы часьцей. Затое жанчыны сягалі па цыгарэты, калі адчувалі сябе шчасьлівымі.
Чаму варта кінуць курэньне? Калі вы адмовіцеся ад гэтай звычкі, адразу лепш вам будзе смакаваць ежа. У вас будзе лепшае дыханьне, зьнікне кашаль, і пры тым нават у старэйшых людзей. Кінуўшы курэньне, вы значна зьменшыце рызыку раку лёгкіх, іншых ракавых захворваньняў, інфаркту, інсульту, хваробаў лёгкіх і зьвязаных з дыханьнем. Тыя, хто кінуў курэньне, значна менш хварэюць, асабліва на бранхіт і пнэўманію. Немалаважны таксама эканамічны чыньнік. Калі беларус выкурвае ўсяго толькі адзін пачак цыгарэтаў у дзень за 1 тысячу беларускіх рублёў, ці амэрыканец за 2,5 даляра, дык, памножыўшы праз 365 дзён у год, і для аднаго, і для другога гэта будзе значная сума, якая магла быць выдаткаваная разумней.
Калі вы ўжо вырашылі кінуць паленьне, прызначце дакладную дату. Перагледзьце, дзе і чаму вы паліце, якія дзённыя заняткі неразрыўна зьвязаныя ў вас з паленьнем – напрыклад, калі п’еце ранішнюю каву або едзеце аўтамабілем. Зьмяніце рутынныя жэсты, трымайце цыгарэты ў іншым месцы. Цыгарэты пачніце трымаць ў іншай руцэ. Калі курыце, не рабіце нічога іншага, думайце пра тое, як вы сябе адчуваеце, курачы. Курыце толькі ў адным месцы, напрыклад, на ганку, ці балконе. Калі вам захочацца запаліць, спрабуйце паўстрымацца ад гэтага як мага даўжэй, падумайце, што іншае вы маглі б зрабіць у гэты момант – напрыклад вазьміце жвачку, або выпіце шклянку соку ці вады. Купляйце толькі адзін пачак цыгарэтаў, не рабіце запасу. Спрабуйце таксама перайсьці на іншыя цыгарэты, якія вам не падабаюцца.
Калі падыдзе дзень, у які вы вырашылі разьвітацца з тытунём, выкіньне ўсе цыгарэты і папяльнічкі, якія ёсьць у хаце. Зьмяніце расклад дня. Калі ясьцё сьнеданьне, зьмяніце месца за сталом і спрабуйце быць увесь час нечым занятым. Калі прыйдзе ахвота закурыць, займіцеся нечым іншым. У крытычны момант заміж цыгарэты добра мець у роце жвачку, цьвёрдую цукерку, або зубны калыпок. Узнагародзьце сябе за увесь дзень бяз цыгарэты. Пайдзіце у кіно, або ў рэстарацыю, і закажыце ўлюбёную страву.
Што рабіць, каб далей не паліць? Не хвалюйцеся, калі вы будзеце адчуваць сябе больш соннымі і нэрвовымі чым звычайна. Гэта пройдзе. Падумайце пра тое, колькі карысьці ад непаленьня вам самім і вашай сям’і. Рэгулярна харчуйцеся, бо часта адчуваньне голаду блытаецца з тугой за цыгарэтным дымком. Пачніце складаць у асобную скарбонку грошы, якія вы зэаканомілі на цыгарэтах. Пажадана часьцей быць у атачэньні людзей, якія ніколі не палілі, або перасталі. Калі вам ня ўдасца вытрымаць без цыгарэты і вы зноў закурыце, не перажывайце, пачніце ўсё спачатку. Некаторым назаўсёды ўдалося кінуць паленьне толькі пасьля некалькіх спробаў. Калі вам гэта даецца асабліва цяжка, зьвярніцеся да лекара. Ён можа вам прыпісаць нікатынную жвачку або плястыр.
А цяпер – да іншай тэмы. Многія ня могуць дачакацца летняга адпачынку, нават калі яны не плянуюць падарожжа ў экзатычныя краіны. Пабыць на сваёй дачы, у лесе, над возерам або ракою – адна з самых доўгачаканых прыемнасьцяў. Аднак бестурботны адпачынак на прыродзе больш чым дрэннае надвор’е могуць нам сапсаваць крыважэрныя насякомыя: камары, восы, пчолы і кляшчы. Даступныя ў продажу сродкі не заўсёды засьцерагаюць ад іх, і таму варта ведаць, што рабіць, калі пакусаюць насякомыя, і калі абавязкова трэба зьвярнуцца да лекара.
Улетку, асабліва ў лесе і ля вады, найбольш нам дакучаюць камары. Калі мы не апынуліся ў малярыйных раёнах сьвету, дык у сярэдне-эўрапэйскім клімаце камароў ня трэба баяцца. Звычайна наступствы ўкусу камара – усяго толькі сьвярбячы, зачырванелы пухір. Каб прынамсі часткова засьцерагчыся ад гэтых назойлівых насякомых, каб бясконца не адганяцца ад іх і ня чухацца, варта загадзя, асабліва пад вечар, спырскаць усе адкрытыя часткі цела адмысловым аэразолям супраць камароў. Гэтыя сродкі даступныя ў продажу і ня надта дарагія. Нанач у месцах, дзе сьпім, варта адгарадзіцца ад камароў спэцыяльнай сеткай-маскітыерай.
Найбольш асьцярожныя павінны быць тыя, хто мае алергію на пчол або вос. У такіх людзей рэакцыя на яд гэтых насякомых вельмі небясьпечная: аслабленьне арганізму, забурэньні ў дыханьні, раптоўны кашаль, шум у вушах, зьніжэньне крывянога ціску і крапіўная ліхаманка. Пухнуць твар, рукі і ногі, а з прычыны пухліны гартані можна задушыцца. Алергікі, калі яны загадзя не прынялі адпаведную прышчэпку, самі з укусам асы або пчалы ня справяцца, яны мусяць неадкладна зьвярнуцца да лекара.
Калі нехта ня мае алергіі на насякомыя, аднак яго ўкусіла аса ці пчала, тады гэтае месца пухне і чырванее, аднак сымпоты зьнікаюць пасьля сутак. Калі ў ране засталося джала, яго трэба далікатна дастаць, найлепш з дапамогай пінцэту. У якасьці дэзынфэкцыі на месца ўкусу трэба ўжыць перакіс, сьпірт, раствор воцату, або звычайныя каплі ад насмарку. У якасьць супрацьалергічных сродкаў можна прыняць вітамін С і кальцый. Сапраўдная небясьпека існуе тады, калі чалавека ўджаліць адначасова некалькі дзясяткаў восаў або пчолаў.
На прыродзе трэба памятаць пра маленькіх, нябачных, але вельмі небясьпечных для нашага здароўя кляшчоў. У лесе, на лузе, нават у садзе гэтыя крыважэрныя стваркі непрыкметна ўпіваюцца ў скуру людзей і хатніх жывёлаў. У тых, што своечасова ня ўзяў прышчэпку ад кляшчоў, яны могуць быць прычынай запаленьня мазгавой абалонк – бэральёзу, што можа закончыцца трывалым калецтвам, або сьмерцю. Кляшча трэба неадкладна выцягнуць зь цела пінцэтам такім чынам, каб не разарваць яго, і каб у ране не засталася галоўка кляшча. Месца ўкусу трэба дэзінфэктаваць, і трэба назіраць за рэакцыяй арганізму як мінімум цягам двух тыдняў. Калі зьявіцца сіне-чырвоная аблямоўка, трэба прыняць антыбіётык і хутка накіравацца да лекара. З другога боку, калі быць асьцярожным і дальнабачным, цягам летняга адпачынку ўсяго гэтага можна пазьбегнуць.
А зараз некалькі найноўшых парадаў Real Age. Каб зьменшыць рызыку інсульту, вы не павінны забываць пра дабрачынны ўплыў вітаміну Б. Ім асабліва багатыя мучныя прадукты, арэшкі, шпарагі, зёрны сланечніка, соя , і асабліва –зялёны гарошак. Невялікая порцыя гарошку зьмяшчае ў сабе 75 міліграмаў вітаміну Б. Спажываючы з рознымі прадуктамі 700 міліграмаў вітаміну Б, вы больш як на год амалодзіце свой біялягічны ўзрост.
У штодзённым харчаваньні варта памятаць пра тое, наколькі важныя для здароўя клятчатка, арганічнае рэчыва у двух відах, распушчальная і нераспушчальная ў вадкасьцях. Багатыя клятчаткай збожжы, асабліва ячмень, авёс, грэчка, а таксама маліны, парэчкі, агрэст. Арганізм не пераварвае клятчатку, і таму ад яе не таўсьцеюць. Затое яна аблягчае страваваньне, зьніжае крывяны ціск, ўзровень халестырыну і цукру ў крыві. Клятчатка таксама ачышчае арганізм, прадухіляе запоры і рак тоўстай кішкі. Ідэальная дзённая норма клятчаткі – 30-45 грамаў на дзень. Калі вы будзеце яе спажываць 25 грамаў ў дзень, ваш біялягічны ўзрост будзе на 2,5 гады маладзейшы.
Падумайце, што вы будзеце рабіць ў выхадныя, і ў якой кампаніі будзеце праводзіць час. Карысна для вашага здароўя будзе прыдбаць новых сяброў. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, у нелюдзімаў, некампанейскіх людзей, асабліва мужчынаў, на 82% павялічваецца рызыка сэрцавых захворваньняў. Калі вы будзеце цікава, весела бавіць свабодны час у коле блізкіх і сяброў, вы будзеце сябе адчуваць маладзейшым на 3,5 гады.