Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вывад радыенуклідаў і барацьба зь вясновай алергіяй


Сяргей Абламейка, Прага

Днямі ў сродках масавай інфармацыі, як на Захадзе, гэтак і ў Беларусі пераважаюць матэрыялы адмоўнага характару, які пералічваюць пагрозы, што нясуць людзям наступствы Чарнобылю. Мы пазнаёмім вас з інфармацыяй больш ужытковага і аптымістычнага характару – а менавіта з дасьледаваньнямі навукоўцаў, якія шукаюць шляхі вываду радыенуклідаў з арганізму чалавека і жывёлаў і знаходзяць іх.

Вядома, што на паўночныя раёны Вялікай Брытаніі падчас Чарнобыльскай катастрофы таксама выпала частка радыеактыўных ападкаў. І вось сёньня ўжо падлічана, што наступствы Чарнобыльскай катастрофы ў гэтай краіне будуць адчувацца ў 100 разоў даўжэй, чым меркавалася раней. 230 тысяч авечак з 400 фэрмаў Уэльсу, Шатляндыі і поўначы Ангельшчыны зараз вельмі пільна кантралююцца пры здачы на бойні і будуць гэтак жа жорстка кантралявацца наступныя 15 гадоў.

Аднак брытанскія і галяндзкія навукоўцы, якія вывучаюць сытуацыю на поўначы Брытаніі, сёньня ўстанавілі, што існуюць даволі простыя шляхі нэўтралізацыі чарнобыльскай пагрозы. Аказалася, што дастаткова перагнаць статак авечак на чыстыя ад радыенуклідаў выпасы, і колькасьць утрыманага ў мясе жывёлаў радыецэзію-137 пачынае рэзка зьмяншацца. Доктар Джым Сьміт з Цэнтру Экалёгіі й Гідралёгіі ў Дорчэстэры паведаміў, што пэрыяд паўраспаду радыецэзію-137 у арганізме авечкі складае 30 дзён. Іншы дасьледчык гэтага Цэнтру, доктар Нік Брэсфард паведамляе, што ў залежнасьці ад узросту авечкі пэрыяд паўраспаду радыецэзію-137 мяняецца, і для ягняці ён складае ўсяго 10 дзён. Такім чынам, навукоўцы лічаць, што мяса жывёлаў пасьля перамяшчэньня іх на чыстыя выпасы можа значна ачысьціцца.

Сёлета вядомы беларускі навуковец, член-карэспандэнт Акадэміі Навук, дырэктар інстытуту “Белрад” прафэсар Васіль Несьцярэнка апублікаваў чарговы “Радыяцыйны маніторынг жыхароў Беларусі і іх харчоў у Чарнобыльскай зоне Беларусі”. У маніторынгу прафэсар Несьцярэнка адзначае, што захады дзяржавы ў Беларусі, сярод якіх напрыклад 2-3-разовае харчаваньне дзяцей у школах на заражаных тэрыторыях, для чаго харчы закупаюцца ў іншых месцах, прыносяць плён. Зь іншага боку, спажываньне мясцовымі жыхарамі, у тым ліку і дзецьмі, харчоў мясцовай вытворчасьці, асабліва мяса дзікіх жывёлаў, грыбамі, ляснымі ягадамі й рыбай зь мясцовых вадаёмаў шмат у чым абясцэньваюць дарагія высілкі дзяржавы.

На думку прафэсара Несьцярэнкі, насельніцтва павінна атрымаць дастатковы ўзровень ведаў і аб’ектыўную інфармацыю аб радыяцыйнай забруджанасьці, каб сьвядома браць захады дзеля зьніжэньня дозаў унутранага апраменьваньня. У прыватнасьці, людзі павінны быць паінфармаваныя:

- аб ступені небясьпекі ад спажываньня мясцовых харчоў, заражаных радыецэзіем-137;
- аб важнасьці прыёму 3-4 разы на год пэктынавых прэпаратаў для ачышчэньня арганізму ад радыенуклідаў і цяжкіх мэталаў;
- а таксама аб асновах радыяцыйнай бясьпекі і радыяцыйнай культуры жыцьця на заражаных тэрыторыях.

На думку прафэсара Несьцярэнкі, гэтая інфармацыя найлепш будзе засвоеная, калі яе данясуць да мясцовых жыхароў найбольш паважаныя землякі. Сярод элемэнтарных захадаў, якія дапамогуць рэзка зьнізіць узровень унутранага апраменьваньня, паводле прафэсара Несьцярэнкі, знаходзяцца наступныя:

- ужываньне мінэральных угнаеньняў на выпасах, сенакосах і садовых участках;
- выкарыстаньне для кароваў у заражаных рэгіёнах кармоў з сарбэнтамі, а таксама сэпараваньне малака і выгароджваньне зонаў збору чыстых грыбоў і ягад;
- вымочваньне ў салёнай вадзе грыбоў, рыбы і мяса дзікіх жывёлаў;
- уключэньне ў рацыён людзей пэктынавых харчовых дадаткаў;
- прыцягненьне замежнай дапамогі для аздараўленьня і абароны дзяцей пэктынавымі прэпаратамі.

У Чарнобыльскіх раёнах Беларусі жыве 480 тысяч дзяцей. Паводле Несьцярэнкавага маніторынгу, ступень назапашваньня радыенуклідаў у арганізме чалавека нераўнамерная – больш іх зьбіраецца ў сэрцы, шчытападобнай залозе, эндакрынных залозах і нырках. Паталёгія ў дзяцей пачынаецца, калі яны набіраюць радыецэзію-137 больш за 50 бэкерэляў на 1 кіляграм вагі, а прафіляктыку, паводле прафэсара Несьцярэнкі, трэба пачынаць, калі ў дзіцяці знойдзена толькі 30% ад небясьпечнай дозы, гэта значыць 15-20 бэкерэляў на кіляграм вагі.

Для вартай даверу выбаркі трэба праверыць на ўтрыманьне радыецызію-137 ад 130 да 150 тысяч дзяцей. Інстытут “Белрад” праверыў за апошнія гады 133 тысячы дзяцей. Вынікі паказваюць, што нават 3-4-разовы прыём у год пэктынавых прэпаратаў дазваляе зьнізіць дозу ўнутранага апраменьваньня ў 2-3 разы. Устаноўлена, што калі дзіця аздараўлівалася за мяжой або ў санаторыях у чыстых рэгіёнах Беларусі, харчавалася пры гэтым чыстымі прадуктамі й прымала пэктынавыя прэпараты, дык узровень утрыманьня радыецэзію-137 у дзіцячым арганізме зьмяншаўся на 50–65%.

Нават у чарнобыльскіх раёнах Беларусі, калі дзіця прымала 20-25 дзён пэктынавыя дадаткі й харчавалася пры гэтым “бруднымі” прадуктамі, колькасьць радыецэзію у арганізме зьніжалася на 20–40%.

Як бачым, спэцыялісты сьцьвярджаюць, што сытуацыя з чарнобыльскай радыяцый зусім не безнадзейная, некаторыя радыенукліды можа даволі эфэктыўна выводзіць з арганізму і для гэтага трэба, каб самі людзі больш увагі надавалі свайму здароўю і яго абароне ад шкоднага ўзьдзеяньня радыяцыі.


* * *
У Эўропе і Паўночнай Амэрыцы пацяплела, і пачалася пара квіценьня садоў. А разам зь цёплай парой году прыходзяць і прыступы алергіі. Напрыклад, у ЗША кожны красавік у 35 мільёнаў амэрыканцаў сьлязяцца вочы, закладае нос, трэскаюцца ноздры і здараюцца прыступы ўдушша або так званай сянной ліхаманкі.

Сёньня ў сьвеце назіраецца ўстойлівы рост захворваньняў на алергію. Сярод прычынаў лекары называюць зьмену асяродзьдзя і стылю жыцьця, зьмяншэньне ўстойлівасьці дзяцей да паразытарных інфэкцыяў, павелічэньне прамысловых выкідаў. Большасьць хворых на алергію сутыкаецца з алергенамі ў раньнім узросьце. Вельмі рана праявіцца алергія і ў таго, хто мае спадчынную схільнасьць да яе.

У людзей у арганізме ўзьнікаюць алергічныя антыцелы IgE. Да алергіі схільныя і дзеці, якія нарадзіліся ў пыльны сэзон. Антыцелы IgE зьвязваюцца з тлуставымі клеткамі, якія маюць шмат гістаміну і іншых моцных рэчываў, так званых лейкатрыенаў. Гэтыя рэчывы здольныя выклікаць скарачэньне гладкай мышцы ў лёгкіх і бронхах. Алергічныя антыцелы прыцягваюць і іншыя рэчывы, якія здольныя выклікаць запаленьне і пашкоджаньне тканак арганізму. Гістамін і лейкатрыены спараджаюць сьверб і кашаль, ацёк скуры і сьлізістай абалонкі верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў. Вынікам ёсьць пачырваненьне і ацёк пэўных частак скуры, астма і закладзены нос.

Сярод сродкаў лячэньня і прадухіленьня алергіі сёньня лекары называюць загартоўку. Гэта можа быць, напрыклад, наведваньне саўны, якую лекары ўсё часьцей згадваюць сярод сродкаў барацьбы з алергіяй. Гэта і загартоўка паветрам – прагулкі й фізычныя практыкаваньні на чыстым паветры, прычым дзеці павінны быць апранутыя асабліва лёгка. Гэта можа быць і загартоўка вадой, калі людзі паступова зьніжаюць тэмпэратуру вады, даводзячы яе да зусім халоднай.

Паколькі галоўнай формай алергіі зьяўляецца пылавая алергія, дык лекары зьвяртаюць увагу на неабходнасьць прайсьці тэст на пылавую алергію на пачатку вясны.

Наступныя парады лекараў дапамогуць вам максымальна пазьбегнуць прыступаў алергіі, нават калі вы схільныя да іх:

- трэба абмежаваць знаходжаньне на вуліцы ў дні з асабліва вялікім утрыманьня пылу ў паветры;
- абмежаваць рухомасьць у надвячэрнія гадзіны, калі ўтрыманьне пылавых часьцінак у паветры найвялікшае;
- спаць пры зачыненых вокнах, каб нават у спакойнае надвор’е пыл не пранікаў у кватэру;
- насіць сонечныя акуляры, якія прадухіляюць патрапляньне пылу ў вочы;
- абмежаваць працу на сваім участку ўключна з касьбой травы;
- зачыняць вокны, калі вы едзеце ў аўтамабілі, і старацца мець пылавы фільтар у сыстэме вэнтыляцыі і абагрэву машыны;
- кожны дзень браць душ і мыць галаву, каб пазбыцца панабранага пылу;
- калі ў вас ёсьць такая магчымасьць, праводзьце адпачынак на марскім узьбярэжжы, прычым ня толькі паўднёвых мораў, бо марскія брызы затрымліваюць пыл у цэнтры кантынэнтаў.


* * *
А зараз некалькі карысных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі “RealAge” – як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Калі вы хочаце зрабіць ваш дом бясьпечнай зонай падчас сэзону алергіі, не марудзьце з прыборкай. Дасьледаваньні паказваюць, што алергены пыльцы кветак і травы накапліваюцца у звычайным пыле. Як толькі надвор’е робіцца цяплейшае, і вы часьцей трымаеце вокны адчыненымі, прыбірайцеся ў хаце больш рэгулярна. “RealAge” сьведчыць, што абарона вашай імуннай сыстэмы зробіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

2. Калі вы хочаце быць здаравейшыя, зрабіце аліўкавы алей часткай сваёй дыеты. Дасьледаваньні паказваюць, што нават у тых людзей, хто ўжываў аліўкавы алей на працягу аднаго тыдня, адбыліся значныя зьмены ў суадносінах дрэннага і добрага халестэролу. Малекулы дрэннага халестэролу робяцца больш устойлівымі і такім чынам зьмяншаецца пагроза іх акісьленьня і стварэньня блякіровак у судзінах. “RealAge” сьведчыць, што спажываньне здаровых ненасычаных тлушчаў зробіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

3. Калі вы ня сьнедаеце і думаеце, што гэта дапаможа вам схуднець, вы памыляецеся. Вывучэньне звычак тых людзей, каму ўдалося значна схуднець, паказваюць, што сьняданак быў неабходнай і важнай часткай іх дзённага раскладу. Добры сьняданак дапамагае трымаць голад пад кантролем, і вы маеце шанец не аб’есьціся пазьней у той жа дзень. “RealAge” сьведчыць, што добры сьняданак можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1,1 года маладзейшым.

4. Калі вы часта злуецеся ці наракаеце на нешта, вам трэба рабіць больш фізычных практыкаваньняў. Дасьледаваньні паказваюць, што схільныя да выбухаў злосьці людзі маюць большую рызыку сардэчных хваробаў, чым людзі ўраўнаважаныя. Але практыкаваньні фактычна выраўноўваюць сытуацыю. Адно нядаўняе дасьледаваньне паказала, што людзі, якія рэгулярна займаліся фізычнымі практыкаваньнямі, мелі лепшыя ліпідныя профілі незалежна ад характару. “RealAge” сьведчыць, што рэгулярныя заняткі спортам зробяць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.

5. Зьніжэньне ўзроўню халестэролу і паляпшэньне стану сэрца – не адзіныя выгоды, якія дае чалавеку спажываньне соі. Апошнія дасьледаваньні навукоўцаў сьведчаць, што соя дзякуючы высокаму ўтрыманьню так званых фітаэстрагенаў можа павялічваць нашую ўстойлівасьць да болю. “RealAge” сьведчыць, што нізкакалярыйная дыета, багатая на карысныя рэчывы, можа зрабіць наш рэальны біялягічны ўзрост аж на 4 гады маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG