Герой старажытнага грэцкага міфу Тыфоніюс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у Багоў несмяротнасьць, але ён забыўся папрасіць аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё пераўтварылася для яго ў пакуты. Як жа можна жыць доўга, але захаваць добрае здароўе? Як зрабіць старасьць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць? Пра гэта ў адноўленай перадачы Міколы Іванова “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.
Яшчэ на пачатку 19 стагодзьдзя сярэдняя працягласьць жыцьця ў высокаразьвітых краінах Захаду не перавышала 50 гадоў. Сёньня яна павялічылася амаль да 80 і расьце надалей.
Ніколі яшчэ на сьвеце не жыла такая колькасьць 50-гадовых, як сёньня. Для пераважнай бальшыні зь іх гэта яшчэ зусім не схіл жыцьця… перад імі магчыма яшчэ 30, а можа і 40 гадоў жыцьця. Як зрабіць яго поўнавартасным?
Мэдыцына сёньня стаіць на парозе рэвалюцыйнага адкрыцьця сакрэту старэньня чалавечага арганізму.
Летась была ўпершыню складзеная мапа гэнаў чалавечага арганізму. Перад навукоўцамі адкрылася вялізная карціна: прыблізна 28-30 тысячаў гэнаў і амаль тры мільярды гэнэтычных кодаў. Расшыфроўка іх сёньня – галоўная задача гэнэтыкаў і біёлягаў.
Але і традыцыйная мэдыцына мае значныя рэзэрвы для новых дасягненьняў. Сёньня мы распавядзем вам пра ўнікальны экспэрымэнт, які ўжо на працягу 25 гадоў ажыцьцяўляецца ў ЗША. А ўдзельнікамі яго сталі больш за 120 тысячаў асобаў.
Чвэрць стагодзьдзя таму група навукоўцаў-дасьледчыкаў Гарвардзкага ўнівэрсытэту запрапанавала прыблізна 120 тысячам мэдычных сёстраў ЗША ва ўзросьце ад 30 да 55 гадоў прыняць удзел у дасьледваньні, якое б дапамагло высветліць працэсы старэньня чалавечага арганізму.
Удзельнікі экспэрымэнту павінны былі рэгулярна здаваць аналізы крыві і мачы, дасылаць поштаю абстрыжаныя кончыкі свіаіх пазногцяў для мінэралягічнага даследваньня, а таксама кожныя два гады папаўняць вельмі дэталёвую анкету на тэму іхнага тагачаснага стану здароўя.
Сёньня ў экспэрымэнце ўсё яшчэ актыўна ўдзельнічае больш за 100 тыс. чалавек. Іх сярэдні ўзрост 66 гадоў.
Тое, што мы атрымалі ад удзельнікаў экспэрыменту, кажа Боні Лібэрман, дырэктар аддзела харчаваньня, дасьледчага цэнтру Навука для народу, – гэта залатое зложжа інфармацыі.
Паводле вынікаў даследваньня была выдадзеная кніга “Здаровыя жанчыны, здаровае жыцьцё”. Гэта пераважна парады наконт таго, як захаваць здароўе да старасьці.
Галоўная ідэя гэтай кнігі, кажа адна зь ейных аўтараў доктарка Джоан Мэнсан, давесьці да чытача, што больш за 80% інфарктаў, інсультаў і дыябетаў мажліва прадухіліць з дапамогай зьмены ладу жыцьця.
У кнізе на падставе аналізу стылю і абставінаў жыцьця, а таксама мэдычных даследваньняў больш за 100 тысячаў асобаў даюцца практычныя парады, як захаваць добрае здароўе да старасьці.
Вось 5 галоўных правілаў здаровага жыцьця амэрыканскіх мэдычных сёстраў:
1. Не паліце тытуню;
2. Сачыце за сваёй вагой;
3. Займайцеся фізычнымі практыкаваньнямі;
4. Правільна харчуйцеся;
5. Штодня прымайце полівітаміны.
Правілы здаровага жыцьця, як бачым, вельмі простыя, але чаму людзі, нават самі лекары-прафэсыяналы, з такой цяжкасьцю прыступаюць да іх выкананьня? Вельмі цяжка зрабіць першы крок. І таму аўтары кніжкі даюць параду прыступаць да здаровага жыцьця паступова, крок пза крокам.
Ня ўсе вынікі гэтага ўнікальнага даследваньня ўвайшлі ў кнігу “Здаровыя жанчыны. Здаровыя жыцьці”. Так, напрыклад, вынікі дасьледчай працы абвяргаюць такія распаўсюджаныя (як цяпер высьвятляецца) міты, што высоказярністыя прадукты зьяўляюцца добрым прафіляктычным сродкам супраць раку тоўстай кішкі.
Высьветлілася і тое, што як правіла разьведзеныя мэдычныя сёстры ці ўдовы мелі больш высокі маёмасны стан, чымся іхныя замужнія каляжанкі, а гэта спрыяла іхнаму лепшаму здароўю. Вельмі важным для здароўя чалавека зьяўляецца наяўнасьць сяброў і знаемых. Асобы, якія вядуць актыўнае грамадзкае жыцьцё, жывуць даўжэй. Актыўная грамадзкая пазыцыя таксама спрыяе захаваньню фізычнай спраўнасьці і спраўнасьці розуму і ў сталым веку. Тое самае можна казаць і пра актыўных вернікаў, якія рэгулярна наведваюць царкву.
Даследваньне стану здароўя мэдычных сёстраў ЗША працягваецца. На сёньня ў экспэрымэнце ўдзельнічае яшчэ каля 100 тысячаў асобаў, але з кожным днём колькасць удзельнікаў зьмяншаецца. Арганізатары гэтага даследваньня сцвярджаюць, што яно будзе працягвацца аж да таго моманту, калі адыдзе на пакой апошняя ягоная ўдзельніца. На сёньня, прыгадаем, сярэдні век удзельнікаў 66 гадоў.
А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage, як жыць доўга і ў добрым здароўі.
1. Realage сьцвярджае, што гэтак званае пасыўнае паленьне, калі вы знаходзіцеся ў адным пакоі з тым, хто паліць, таксама шкоднае для вашага здароўя, як і нармальнае паленьне. Для таго, каб нэўтралізаваць адмоўны ўплыў пасыўнага паленьня на стан вашага здароўя Realage прапануе спэцыяльную дыету. Паспрабуйце есьці пераважна прадукты, багатыя на антыаксыданты, якія неўтралізуюць шкоду ад удыханьня цыгарэтнага дыму. Гэта пераважна садавіна і гародніна: яблыкі, цытрусавыя, вінаград. Realage папярэджвае, што пасыўнае паленьне можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост амаль на тры гады старэйшы.
2. Перад тымі, хто займаецца фізычнымі практыкаваньнямі ў спартовай залі, часта паўстае пытаньне, што лепш: рабіць невялікую колькасьць практыкаваньняў зь вялікім абцяжарваньнем, ці ў два-тры разы большую колькасьць практыкаваньняў зь меншай вагой штангі ці гантэляў. Вынікі дасьледваньняў амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць, што дзьве кантрольныя групы мужчынаў выказалі практычна аднолькавую спраўнасьць сілы цягліцаў. Пры гэтым, прадстаўнікі першай групы рабілі дакладна ў два разы больш практыкаваньняў, але з удвая меншаю вагой. Realage сцвярджае, што заняткі ў спартовай залі могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1 год маладзейшы.
3. Калі вы вырашылі паправіць стан вашага здароўя і пачалі есьці шмат садавіны і гародніны, сачыце за тым, каб есьці гэтыя прадукты сьвежымі. Realage сьцвярджае, што напрыклад сьвежазамарожаная капуста губляе ад 14 да 32% вітаміну С на працягу шасьці месяцаў замарозкі. Realage рэкамэндуе, калі гэта патрэбна, замарожваць сьвежую гародніну ці садавіну на кароткі тэрмін, альбо гатаваць яе перад замарозкай. Гэта дазволіць захаваць частку вітаміну С. Апрача таго рэкамендуецца выбіраць для спажываньня меншыя плады. Яны маюць большую канцэнтрацыю вітамінаў на грам вагі. Realage сцвярджае, што спажываньне штодня як мінімум 1000 мг вітаміну С можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшы.
4. Гарбата, асабліва зялёная, ёсьць вельмі карысным напоем для вашага здароўя. Realage, аднак, рэкамендуе ня піць яго адразу пасьля ежы. Асабліва гэта тычыцца тых людзей, у арганізме якіх не хапае жалеза. Гарбата здольная вымываць з арганізму альбо неўтралізаваць хімічныя рэчывы, якія ўтрымліваюць у сабе жалеза. Гарбата таксама можа неўтралізаваць іншыя карысныя для арганізму мінэралы. Таму, паводле рэкамендацыі Realage чаяпіцьце лепш за ўсё ладзіць недзе паміж сьняданкам і абедам ці паміж абедам і вячэрай. Realage сьцвярджае, што нізкакалярыйная дыэта з высокім утрыманьнем мінэралаў і вітамінаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшы.