Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міты і праўда аб загары


Мікола Іваноў, Прага

(Іваноў: ) “Сонца, ягоныя праменьні даюць жыцьцё пераважнай большасьці жывой прыроды. Але сонца можа быць і вельмі небясьпечным для чалавека – нават забойцам. Ці можна і як трэба зрабіць так, каб летняе сонца прыносіла вам толькі радасць?

Прырода патурбавалася аб тым, каб узброіць скуру чалавека абарончым супрацьсонечным мэханізмам. У скуры знаходзяцца мэлянацыты: клеткі, што вырабляюць фарбавальны элемэнт (мэлінію), які зьмяняе колер скуры, валасоў і нават вачэй. Чым больш сонечных праменьняў падае на цела, тым больш фарбы вытвараюць мэлянацыты, тым у большай ступені зьмяняецца колер скуры, валасоў і вачэй.

Мэлянацыты, аднак, у стане бараніць скуру толькі ад кароткіх сонечных праменьняў (ультрачырвоных), а доўгія ж праменьні (ультрафіялетавыя) у стане пранікаць глыбока пад скуру. Менавіта яны выклікаюць розныя хваробы, найбольш небясьпечная зь якіх – рак скуры. І таму амаль для ўсіх кожны раз перад пачаткам летняга сэзону ўзнікае пытаньне: загараць, ці не загараць?

З падобным пытаньнем мы зьвярнуліся да доктара Коліна Роі, мэнэджэра спэцыяльнага дасьледчага праекту Ўсясьветнай Арганізацыі Аховы Здароў’я ў справе ўплыву сонечнай энэргіі на здароў’е чалавека. Вось, што ён адказаў нам па тэлефоне з Жэневы.

(Pоі: ) “Магчыма, што карысны эфэкт загару існуе толькі суб’ектыўна ў галовах людзей. Але, магчыма, адзіны сапраўдны эфэкт – гэта мэханізм выдзяленьня вітаміну Д у скуры. Гэта вельмі важны працэс. Праўда, усё залежыць ад таго, у якой частцы сьвету вы знаходзіцеся. Пераважна для выпрацоўкі вітаміну Д дастаткова некалькіх хвілінаў знаходжаньня на сонцы. Зразумела, што ў некаторых краінах, дзе вельмі мала сонца ўзімку, недахоп вітаміну Д можа таксама быць сур’ёзнай праблемай.

Калі ў дзяцінстве людзі не былі шмат на сонцы, пазьней для іх існуе меншая рызыка рака скуры (мэляномы). Зразумела, калі яны абіраюць здаровы стыль жыцьця. Важна ніколі не спальвацца. Зразумела, важна і тое, каб ня мець так званага акумуляцыйнага – занадта доўгага знаходжаньня на сонцы”.

(Іваноў: ) “Як бачым, лекары раяць вельмі ўважліва ставіцца да загару. Але калі вы ўсё ж ткі вырашылі правесьці свой адпачынак на пляжы і загараць, прапануем вам некалькі істотных парадаў, якія дазволяць вам загараць бясьпечна і з максімальнай карысьцю для вашага арганізму.

Кожны чалавек мае сваю індывідуальную чульлівасьць да сонца. У бляндынаў і асобаў з выразна белым колерам скуры мэлянацыты вырабляюць мала фарбавальнага элемэнту, і для іх небясьпека спаліцца на сонцы цалкам рэальная. Затое асобы з аліўкавым колерам скуры амаль адразу добра загараюць.

У сёньняшняй перадачы на падставе дасьледваньняў амэрыканскіх спэцыялістаў мы прапануем вам пералік галоўных мітаў і праўдаў на тэму загару:

“Ці праўда, што белая вопратка найлепей бароніць наш арганізм ад сонца?”

НЯПРАЎДА. Ад белага колеру сонечныя праменьні адбіваюцца, як ад люстра. І калі, напрыклад, на вас апранутая белая кашуля, сонечныя праменьні адбіваюцца ад яе і апальваюць твар, шыю, грудзі. Нейлепшы супрацьсонечны колер – чорны. Ён уцягвае ў сябе ультрафіялетавыя праменьні і ператварае іх у цеплавую энэргію.

“Ваконнае шкло не абараняе ад загару”.

Гэта - ПРАЎДА. Шкло не затрымлівае ўльтрафіялетавых праменьняў. Нават калі падарожнічаеце цягніком, аўтобусам, ці легкавым аўтамабілем, не забывайце ўжываць крэм супраць загару.

“Цень – бясьпечнае месца ад загару”.

НЯПРАЎДА. У ценю можна моцна загарэць. Пясок ці трава як люстра адбіваюць сонечныя праменьні. Так што і ў гэтым выпадку ня трэба забывацца на крэм супраць загару.

“Пахмурнае неба не прапускае сонечныя праменьні”.

НЯПРАЎДА. Хмары часткова затрымліваюць толькі ультрачырвоныя праменьні, але ўльтрафіялетвыя
дасягаюць зямлі. Таму тут таксама не пашкодзіць
крэм зь фільтрам ад загару.

“Сонца трэба пазьбягаць паміж 11 і 14 гадзінамі”.

ПРАЎДА. Паміж гэтымі гадзінамі ўльтрафіялетавыя праменьні найбольш інтэнсіўныя. Нават на працягу 15 хвілінаў пад сонцам можна моцна спаліцца альбо атрымаць сонечны ўдар.

“Чым таўсьцейшы слой крэму накласьці на скуру, тым лепшы абарончы эфэкт”.

НЯПРАЎДА. Таўшчыня фільтру не ўплывае на ягоную
эфэктыўнасьць. Цела затое робіцца коўзкім. Да яго прыліпае пясок, які можа параніць скуру.

“Цяжарныя жанчыны не павінны загараць”.

ПРАЎДА. Гарманальныя зьмены ў арганізме цяжарнай жанчыны ўплываюць на тое, што яе скура робіцца празьмерна чульлівай на сонца. Доўгае знаходжаньне на сонцы можа выклікаць зьяўленьне на скуры плямаў, ад якіх немагчыма пазбавіцца. Таксама жанчыны, якія прымаюць гарманальныя таблеткі, альбо гарманальныя супрацьзачаткавыя сродкі павінны вельмі асьцярожна ставіцца да сонца.

Падчас сёньняшняй перадачы мы некалькі разоў нагадвалі пра неабходнасьць дзеля здаровага загару карыстацца крэмам. На рынку сёньня дзясяткі самых розных крэмаў, якія тэарэтычна гарантуюць здаровы загар. Але ці заўсёды рэклямныя абяцаньні вытворцаў крэмаў праўдзівыя? Што такое лічбавы фактар супрацьсонечнай абароны? Як доўга пасьля накладаньня крэм захоўвае сваю эфэктыўнасьць? На гэтыя і іншыя пытаньні адказ у наступнай перадачы сэрыі “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і.

1. Адзін з фактараў, які выразна ўплывае на працэсы старэньня арганізму – гэта гармон росту. Чым вышэйшая ягоная канцэнтрацыя ў арганізме, тым даўжэй можа жыць чалавек. Асобы з высокім узроўнем гармону росту ў арганізме маюць таксама лепшы выгляд. На жаль, з часам чалавек пачынае менш і менш спаць, і ўзровень гэтага гармону ў арганізме зьніжаецца. “Realage” рэкамэндуе: 6 – 8 гадзінаў здаровага сну штодня можа зьнізіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 7 гадоў.

1. Калі вы паводле парадаў Realage ужо ўключылі ў склад свайго штодзённага мэню сьвежую садавіну і гародніну, зрабіце і наступны крок: паспрабуйце рэгулярна есьці хурму. Хурма – унікальны плод. Ён мае ў сваім складзе ўдвая больш добрага халестэролу, чымся, напрыклад, яблыкі, якія таксама зьяўляюцца вельмі добрым сродкам ачысткі вашых артэрыяў. Хурма мае таксама ў сваім складзе кальцый і мінэральныя солі, якія дапамагаюць трымаць крывяны ціск у норме.

2. Спорт, асабліва павольны бег (джоггінг) - эфэктыўны сродак пераадоленьня стрэсаў. Але часам лактоза, якая акумулюецца ў крыві чалавека падчас стрэсу, зь цяжкасьцю раствараецца нават падчас джоггінгу. А гэта выклікае падвышаную стомленасьць мышцаў. Realage рэкамендуе перад заняткамі спортам зрабіць кароткую мэдытацыю. Гэта дазваляе паскорыць працэс распушчэньня лактозы ў крыві і падвысіць эфэктыўнасьць спартовых заняткаў. Realage нагадвае, што усяго 60 хвілінаў спартовых заняткаў штотыдзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

4. Амэрыканскія навукоўцы ўнівэрсытэту штату Агайя распрацавалі новы мэтад, які дазваляе прагназаваць будучае жыцьцё патэнцыйных супругаў. 10 год таму яны ўзялі аналіз крыві ў 90 сямейных параў. Высьветлілася, што паміж разводамі і гармонамі ёсьць сувязь. У тых, хто разьвёўся, быў выразна падвышаны ўзровень гармонаў адрэналіну, норадреналіну і адрэнакарцізону. Менавіта гэтыя гармоны адказныя за агрэсіўнасьць і неталерантнасьць. У большай ступені такая залежнасьць характэрная для жанчынаў. Навукоўцы рэкамендуюць тым, хто зьбіраецца ажаніцца, зазірнуць у вынікі аналізу крыві будучага партнэра.

5. Японскія вучоныя прапануюць абсалютна новы спосаб гігіены поласьці рота. Паміж верхнімі і ніжнімі зубамі ўсталёўваюцца дзьве пласьціны: магніевая і медная. Паміж імі праходзіць вельмі малы зарад электрычнага току, які можа з посьпехам замяніць зубную пасту і шчотку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG