Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што для чалавека сон?


Мікола Іваноў, Прага

(Іваноў: ) “Паводле экспэртызы амэрыканскай грамадзка-мэдычнай арганізацыі Realage, нармальны сон – гэта адна з галоўных умоваў захаваньня здароў’я да старасьці.

Сон – гэта ўнікальны стан чалавечага арганізму, калі функцыянаваньне бальшыні ворганаў адбываецца ў запаволеным тэмпе, калі ўсе без выключэньня клеткі рэгенэруюцца, калі адбываецца актывізацыя імуннай сыстэмы арганізму на барацьбу з інфэкцыяй і хворымі клеткамі.

У старажытнай Грэцыі існавалі храмы Эскулапа, куды людзі прыходзілі спэцыяльна спаць і лячыцца падчас сну.

Сон і сёньня магутны сродак лячэньня чалавечага арганізму. Мэдыкі цяжка хвораму чалавеку вельмі часта даюць лекі на сон, бо менавіта падчас сну працэс выздараўленьня адбываецца ў аптымальных умовах.

Амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя Realage адзначае, што 6-8 гадзінаў нармальнага здаровага сну можа зьменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 5 з паловаю гадоў.

Памятайце, кожная недаспаная гадзіна ня толькі пагаршае вашае самапачуваньне, але і скарачае вашае жыцьцё.

У гісторыі мэдыцыны зарэгістравана шмат выпадкаў, калі некаторыя людзі спалі вельмі мала альбо ня спалі зусім. На пачатку 70-х гадоў навукоўцы тагачаснай Югаславіі вывучалі фэномэн здароў’я аднаго сэрбскага юнака, які ніколі ня спаў, але адначасна быў абсалютна здаровы чалавек. У войску яго заўсёды прызначалі ў начныя караулы або прыдумлялі яму нейкія іншыя начныя працы. Але чалавек гэты не пражыў і 40 гадоў. Ягоны рэальны біялягічны ўзрост быў амаль на траціну даўжэйшы, чымся ў аднагодкаў. Яго жыцьцё было карацейшае на столькі гадоў, колькі ён не даспаў.

Што ж такое сон з мэдычнага пункту гледжаньня? У чым сутнасьць ягоных унікальных лекавых якасьцяў? Камэнтар на гэтую тэму дае вядучы экспэрт Усясьветнай Арганізацыі Аховы Здароў’я Франклін Апфэльд.

(Апфэльд: ) “З чыста фізыялягічнага пункту гледжаньня, калі б мы наклалі электроды на галаву чалавека, падчас сну зьмяняюцца частоты функцыянаваньня мазгавых хваляў. Асабліва гэта датычыць таго часу, калі людзі знаходзяцца ў стане так званага глыбока сну. Фізыялягічна гэтага глыбокага сну найбольш патрабуе нашае цела. Калі такога глыбокага сну няма, людзі робяцца вельмі нэрвовымі. Кожнаму чалавеку патрэбная індывідуальная колькасьць сну. І на працягу вашага жыцьця гэтая колькасьць мяняецца. Ёсьць такая прымаўка ў ангельскай мове: чалавек усяго тры абеды ад злачынства і дзьве начы ад вар’яцтва. І гэта праўда: калі вы тры разы не зьясьцё, вы пойдзеце красьці ежу. А калі дзьве начы запар не пасьпіцё, вы можаце звар’яцець. Сон – гэта, здавалася б, звычайная зьява, але абсалютна неабходная зьява для падтрыманьня здароў’я. Я скончу свой камэнтар заўвагай: няма нічога лепшага ад кароткага сну пасьля абеду, асабліва, калі вы старэеце”.

Траціну свайго жыцьця чалавек павінен аддаваць сну. Недахоп сну, бяссоньніца ня толькі пагаршаюць вашае самапачуцьце, але і могуць быць прычынай шматлікіх хваробаў.

Бяссоньніца, бадай што, самая распаўсюджаная хвароба, зьвязаная са сном. Таму наступная перадача сэрыі “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” будзе прысьвечаная новым дасьледаваньням і адкрыцьцям у гэтай галіне, абвяржэньню некаторых мітаў, а таксама практычным парадам, ці браць лекі на сон.

Прыгадаем, што сон можа падоўжыць вашую маладосьць на 5,5 гадоў.

А цяпер у нашай традыцыйнай рубрыцы “Навіны мэдычнага жыцьця” некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Абрыкосы (як сьвежыя, гэтак і сушаныя) з даўніх часоў служаць чалавеку як лек ад шматлікіх хваробаў. Апошнія навуковыя дасьледаваньні, як сьцьвярджаюць экспэрты Realage, высьветлілі, што штодзённае спажываньне абрыкосаў спрыяе працы галаўнога мозгу, умацоўвае косьці і зубы, ачышчае кроў, а таксама спрыяе працы пячонкі і дапамагае супрацьстаяць стрэсу. Абрыкосы багатыя на калій і карацін. Яны засьцерагаюць ад язьвенных хваробаў, затрымліваюць працэс стварэньня камянёў у нырках, спрыяюць умацаваньню сардэчнай мышцы. Здаровая дыета можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 8 гадоў маладзейшым.

2. Амэрыканскі лекар Петэр Стаатс лічыць, што эфэктыўным сродкам лячэньня шматлікіх хваробаў можа быць сэкс. Ён з групай навукоўцаў на працягу некалькіх год вывучаў гарманальныя зьмены, якія адбываюцца ў арганізме чалавека падчас сэксу. Сэкс выразна зьмяншае колькасьць гармонаў, якія могуць выклікаць галаўны боль, боль у сасудах, адыгрываць ролю праваднікоў розных відаў інфэкцыяў.

3. Калі перад вамі стаіць дылема: прысьвячаць заняткам спортам адну вялікую трэніроўку ці рабіць некалькі малых трэніровак на працягу дня (калі вам дазваляе час), экспэрты Realage кажуць: усё залежыць ад таго, якая мэта вашых заняткаў. Калі вы перадусім хочаце ўмацаваць свае сэрца і ўнармаваць крывяны ціск, некалькі інтэнсыўных трэніровак на працягу дня могуць мець такі самы эфэкт для вашага здароў’я, як і адна вялікая. Калі ж вы хочаце пахудзець альбо павялічыць аб’ём мышцаў, патрэбная адна вялікая трэніроўка. Спорт можа зрабіць вас ажно на 9 гадоў маладзейшым.

4. Хочаце з младых гадоў трымаць свой крывяны ціск у норме? Экспэрты Realage раяць уключаць адзін банан у сьняданак. Бананы вельмі багатыя на кальцый, а кальцый зьяўляецца добрым антыаксыдантам. Ён дапамагае трымаць у норме ціск крыві. Адзін банан сярэдняга памеру ўтрымлівае да 450 мг. кальцыю. А дзеля таго, каб трымаць ціск крыві на нармальным узроўні, экспэрты Realage лічаць, што трэба спажываць да 3 тыс. мг. кальцыю штодня.

5. Данія, Швэцыя і Нямеччына нядаўна ўвялі ў сваё заканадаўства абмежаваньні на гандаль каструлямі са сталі, якая не ржавее. Апошнія навуковыя дасьледаваньні высьветлілі, што нікель, які ўваходзіць у склад такой сталі, мае канцэрагенныя якасьці. Новы закон уводзіць вельмі жорсткія патрабаваньні што да працэнту нікелю, які ўваходзіць у склад сталі. А на паліцах заходніх крамаў зьявіліся новыя каструлі з надпісам “бяз нікелю”. Экспэрты-дыетолягі раяць: калі ў вашым доме ёсьць посуд з нержавейкі, не гатуйце ў ім стравы, якія патрабуюць доўгага смажэньня ці варэньня. Пазьбягайце таксама гатаваць у ім кіслую і вострую ежу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG