Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як да старасьці захаваць зубы здаровымі?


Мiкола Iваноў

(эфір 29.10.2000)

Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў

Здаровыя зубы – гэта люстэрка, якое гаворыць пра агульны стан здароўя чалавечага арганізму. Але ці магчыма да старасьці захаваць нашыя зубы здаровымі? Якія новыя мэтады змаганьня з зубнымі хваробамі прапануе сучасная мэдыцына?

Жыхароў былога Савецкага Саюзу да сёньняшняга дня можна пазнаць ва ўсіх кутках сьвету па дрэнным выглядзе зубоў. У савецкія часы залатыя зубныя каронкі былі нават сымбалем свееасаблівага добрабыту. Бо менш прывіліяваныя савецкія грамадзяне мелі зубы ня з золата, а са сталі, якія ў простым народзе называлі "жалезнымі".

Да сёньняшняга дня, сустракаючы на вуліцах Прагі групы беларускіх і расейскіх турыстаў, адразу звяртаеш увагу на іх зыркія, з залатым блескм усьмешкі.

Уявіць жа амэрыканца ці жыхара Нямеччыны з залатым зубам практычна немагчыма. Чаму?

Стаматалёгія, прафіляктыка зубных хваробаў – гэта тая галіна мэдыцыны, у якой розьніца ва ўзроўнях разьвіцьця заходняй і былой савецкай мэдычнай навукі найбольш відавочная. Але выразнае адставаньне былой савецкай стаматалёгіі стала відавочным толькі пасля краху камунізму.

Самая галоўная прычына дрэннага стану зубоў у жыхароў сёньняшняй Беларусі – гэта стыль іх жыцьця. Пітная вада і прадукты харчаваньня, якія яны спажываюць, - непасрэдная прычына карыесу ўжо ў вельмі маладым, нават школьным, узросьце. На надзычай дрэнны стан зубоў старэйшага пакаленьня беларусаў свой негатыўны ўплыў мелі сталінскі тэрор, гады нямецкай акупацыі і цяжкія пасляваенныя гады, калі нармальнае харчаваньне было прывілеям толькі нешматлікіх.

Але, ці можна нават у варунках Беларусі жыць па-амэрыканску такім чынам, каб да старасьці захаваць зубы здаровымі?

Зубы чалавека – найбольш цьвёрды элемэнт цела кожнага з нас. Паводле сваёй цьвёрдасьці яны не саступаюць нават сплавам шляхетных мэталаў. Але ў адрозьненьне ад мэталаў чалавечыя зубы даволі безабаронныя перад эрозіяй. Галоўная прычына іх зьнішчэньня – карыес, хвароба, якая амаль на 90 працэнтаў залежыць ад зубной гігіены.

Насуперак перакананьням некаторых, зубы не псуюцца хутка. Вось толькі мы заўважаем, што нашыя зубы патрабуюць плямбаваньня вельмі позна. Наадварот працэс карыесу ідзе даволі павольна. Палягае ён на тым, што бактэрыі, якія знаходзяцца ў роце, перарабляюць цукар на розныя кісьлінныя рэчывы, а тыя паволі пачынаюць зьнішчаць цьвёрдае цела зуба. Менавіта таму стаматолягі рэкамэндуюць наведваць лекара рэгулярна, ня менш як раз за паўгоду.

Для амэрыканцаў правільная і даволі строгая зубная гігіена – гэта стыль жыцьця. Ад самага малога ўзросту амэрыканскае дзіця ведае, якім чынам трэба прытрымлівацца адпаведнай гігіены зубоў. Амэрыканскія дзеці амаль зусім не баяцца візыту ў стаматоляга.

Амэрыканскія бацькі ніколі не прыводзяць сваё дзіця ўпершыню да лекара дзеля сур'ёзнай апэрацыі, зьвязанай з зубным болем. Першы візыт дзіцяці да стаматоляга – заўсёды павінен быць прыемным успамінам.

Боль у амэрыканскіх дантыстычных кабінэтах – рэч амаль зусім невядомая. Усе зубныя маніпуляцыі адбываюцца ў варунках мясцовай анэстэзіі.

Для шэраговага амэрыканца чыстка зубоў зубной пастаю пасля салодкага дэсэрту ці шакалядкі – гэта амаль аксыёма. А калі магчымасьці пачысьціць зубы няма, дык тады можна карыстацца спэцыяльнай дмнтыстычнай жуйкай.

Зубачысткі пасля яды ў Амырыцы – гэта амаль цэлая філязофія. Якіх гатункаў іх толькі няма: касьцяныя, драўляныя, у выглядзе нітак, мініятурных шчотачак, нават з электрапрывадам. І кожны падчас візыту да лекара атрымлівае параду, якая зубачыстка найбольш падыдзе для вашых зубоў.

Людзі, якія часта знаходзяцца пад уплывам стрэсавай сытуацыі, маюць нізкі імунітэт супраць зубных хваробаў. Падчас стрэсу ў іх сліне зьніжаецца колькасць анціцелаў, якія супрацьдзейнічаюць разьвіцьцю карыесу.

Амэрыканскія дантысты з Каліфорніі зьвярнулі ўвагу на факт, што людзі пасля сьмерці блізкага чалавека, пасля разводу ці нават пасля экзамэнацыйнай сэсіі даволі часта маюць пільную патрэбу наведаць кабінэт зубнога лекара.

Сапраўднай рэвалюцыяй у прафікляктыцы зубных хваробаў у ЗША стала практыка дабаўкі фтору ў пітную ваду. Дзякуючы фтарызацыі вады, колькасць зубных захворваньняў, асабліва сярод дзяцей, скарацілася амаль утрая. На Беларусі ж да сёньняшняга дня фтарызацыя пітнай вады ажыцьцяўлаецца далёка ня ў кожным горадзе, не гаворачы ўжо пра тысячы малых мястэчак і весак. І таму дасюль шмат хто яшчэ на беларускай правінцыі хавае залатыя царскія манэты на зубы.

У Амэрыцы ж, як і ў заходнеэўрапейскіх краінах, золата ў якасьці зубапратэзнага матэрыялу страціла канчаткова свае пазыцыі яшчэ 20 год таму.

Швэдзкі навуковец-стаматоляг прафэсар Бранэмарк, вывучаючы крывазварот у косьцях трусоў, заўважыў, што інструмэнты з тытану, якія ўводзіліся ў косьці празь нейкі час гарманічна ўрасталі ў косьці і іх нельга было пазьней выцягнуць. І празь нейкі час тытанавыя зубапратэзы зрабілі рэвалюцыю ў пратэзаваньні зубоў.

Тытанавыя пратэзы сёньня паспяхова замяняюць карэньні зубоў. Яны паспяхова ўрастаюць у косьці сківіцы і не выклікаюць ніякіх негатыўных рэакцыяў. Пачаткова тытанавыя імплянтанты з фарфоравымі штучнымі зубамі выкарыстоўваліся толькі ў тых людзей, косьці ськівіцы якіх былі здаровымі і моцнымі.

Вядома, што пасля страты зубоў косьць ськівіцы зьмяншаецца ў памерах і робіцца крохкай. І таму лекары знайшлі выхад у перасадцы косцевых тканак сьцягна ў ськівіцу. І таму сёньня амаль кожны, хто зьвяртаецца да амэрыканскіх дантыстаў з прозьбай аб імплянтацыі зубоў, атрымлівае пазытыўны адказ.

А цяпер нашая традыцыйная рубрыка "Новыя распрацоўкі ў галіне мэдыцыны і добрыя парады "на здароў'е":

1. Амэрыканскі часопіс "Science" надрукаваў на сваіх старонках інфармацыю аб тым, што група навукоўцаў з Каліфорніі блізкая да адкрыцьця мэханізму старэньня чалавека, а гэта дазволіць без перашкодаў павялічыць сярэднюю працягласьць жыцьця ажно на 25%. За старэньне ў чалавечым арганізьме адказны ген, які атрымаў умоўную назву СІР2. Падчас экспрымэнтаў высьветлілася, што дастаткова зьменшыць на 75% спажываньне клеткамі чалавечага арганізму глюкозы, і актыўнасьць гэтага гену выразна зьмяншаецца.

2. Магчыма ў хуткім часе лязэр паўнасьцю заменіць вядомую бор-машыну ў стаматалягічным лячэньні. Выкарыстаньне традыцыйнага сьвярдзёлка некарыснае тым, што падчас сьвідраваньня бор-машына зьнішчае ня толькі пашкоджаныя часткі зуба, але і здаровыя. Лязэр жа зьнішчае толькі пашкоджаныя бактэрыямі хворыя часткі зуба. Ангельскія лекары, якія ў Лёндане праводзяць экспэрымэнты з выкарыстаньнем лязэру, лічаць, што акрамя сьвідраваньня, лязэр будзе карысны ў стаматалёгіі як тэрапэўтычны сродак, які будзе эфэктыўна зьнішчаць бактэрыі.

3. Група лекараў зь Лёндану пачала экспэрымэнты ў галіне зьнішчэньня ракавых пухлінаў з дапамогай цыяністага калію. Цыяністы калій, вядомы як адзін з найбольш эфэктыўных сродкаў атручваньня, нельга, аднак, уводзіць у арганізм пацыенту традыцыйным спосабам, а толькі звонку непасрэдна ў кожную клетку. Дзеля гэтага будуць выкарыстаныя мэтады з галіны біяхіміі расьлінаў. Пакуль што распрацаваная падобная тэхналёгія толькі дзеля лячэньня рака простай кішкі. Але цяпер ідуць экспэрымэнты дзеля лячэньня іншых формаў раку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG