Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА ВЯДЗЕ СЬЛЕДЗТВА Ў СПРАВЕ ФАЛЬШАВАНЬНЯ ВЫБАРАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Ініцыятыва пракурорскага ўмяшальніцтва зыходзіла ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў спадароў Навасяда, Парфяновіча і Фралова. Пасьля да гэтай праблемы вымушаны быў далучыцца і Цэнтарвыбаркам. Бо справа неардынарная. Згодна з адным пратаколам, падпісаным сябрамі выбарчай камісіі, кандыдат Аляксандар Мельнікаў выканаў усе умовы, неабходныя для абраньня яго дэпутатам. А іншы пратакол, таксама падпісаны сябрамі камісіі, сьведчыць, што спадару Мельнікаву для абраньня не хапае некалькіх дзясяткаў галасоў. Дык якому ж дакумэнту верыць?

Уладзімер Навасяд надае гэтай справе надзвычайнае значэньне ня толькі таму, што 9-я акруга стала адзінай з 55 сталічных, дзе выбары не адбыліся. Ён дамагаецца, каб у Беларусі ўрэшце быў створаны прэцэдэнт адказнасьці сяброў выбарчай камісіі за свае дзеяньні.

(Навасяд: ) “Калі ёсьць адзін пратакол, і ёсьць другі, і паміж імі існуюць разыходжаньні, трэба прымаць нейкія рашэньні. Я думаю, што ў гэтым сэнсе мы дапаможам знайсьці праўду”.

Ужо некалькі дзён пракуратура Менску займаецца гэтай справай. Свае тлумачэньні далі ўзгаданыя дэпутаты Палаты, якія асабіста назіралі за падлікам галасоў і афармленьнем выніковых пратаколаў на некаторых выбарчых участках. Выклікаюцца і сябры ўчастковых камісіяў. Былі ўжо і сьлёзы, і глытаньне валідолу. Пабывалі ў пракуратуры і назіральнікі ад грамадзкіх арганізацыяў.

Уладзімер Навасяд да таго ж зрабіў дэпутацкі запыт — ён хоча атрымаць копіі лістоў, на якіх расьпісваліся выбарцы пры атрыманьні бюлетэняў, а потым выбарачна зьверыць — ці ўсе гэтыя людзі сапраўды прыходзілі на выбарчыя ўчасткі. Дэпутат не дапускае думкі, што ў галасаваньні, калі верыць другому пратаколу, удзельнічалі аж 93% (!) выбарцаў.

На якой ступені знаходзіцца разгляд гэтай справы? На пытаньне адказвае начальнік аддзелу нагляду за сьледзтвам гарадзкой пракуратуры Барыс Лягчын:

(Лягчын: ) “Яна знаходзіцца на разглядзе — згодна з артыкулам 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Мы вырашаем пытаньне. Там тры пазыцыі: альбо накіраваць у другі орган, альбо ўзбудзіць крымінальную справу, калі ёсьць неабходныя падставы, альбо адмовіць ва ўзбуджэньні крымінальнай справы”.

Спадар Лягчын адмовіўся сказаць, да якога з трох магчымых варыянтаў схіляецца сьледзтва.
XS
SM
MD
LG