Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОДЗІНСКІ СУД АДМОВІЎСЯ РАЗГЛЯДАЦЬ СПРАВУ ФАЛЬШАВАНЬНЯ ВЫБАРАЎ

Міхал Стэльмак, Жодзіна—Менск

Скарга была накіраваная ў суд лідэрам жодзінскай філіі Партыі БНФ і кандыдатам у дэпутаты па выбарчай акрузе №23 Аляксеем Лапіцкім і яго даверанай асобаю Сьвятланай Лапіцкай. На іхную думку, у гэтай акрузе вынікі выбараў былі сфальшаваныя, у выніку чаго перамогу атрымаў прадстаўнік уладаў — Генэральны дырэктар Беларускага аўтамабільнага заводу Павал Марыеў. Ці ўдалося знайсьці ў судзе праўду? Вось што паведаміў на гэты конт Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) “Нам далі пастанову суда пра тое, што суд адмаўляецца браць нашу заяву на разгляд”.

(Карэспандэнт: ) “Чым абгрунтаванае такое рашэньне?”

(Лапіцкі: ) “Абгрунтаванае тым, што пытаньні парушэньняў выбарчага заканадаўства ў судах не разглядаюцца. За выключэньнем двух пытаньняў, зьвязаных са сьпісам выбарцаў і рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты”.

Як паведаміў Аляксей Лапіцкі, Жодзінскі суд параіў ініцыятарам скаргі зьвярнуцца ў выбарчую камісію. Між тым, фальшаваньне вынікаў выбараў, на думку спадара Лапіцкага, адбылася якраз па віне выбарчай камісіі.

(Лапіцкі: ) “Ёсьць праблемы ў старшыні Жодзінскай выбарчай камісіі. Ён не можа адказаць на тыя факты, якія намі выкладзеныя. І калі ён няможа і знаходзіцца ў разгубленасьці, то, натуральна, што гэтыя факты маюць нейкую вагу”.

(Карэспандэнт: ) “Якія вашыя далейшыя дзеяньні?”

(Лапіцкі: ) “У нас ёсьць спадзяваньні па пракурорскай лініі зьвярнуцца вышэй, у Генэральную пракуратуру. Яны мусяць ініцыяваць разгляд гэтай справы”.
XS
SM
MD
LG