Вынікі выбараў у гарадзкі савет Белазёрску вельмі напалохалі мясцовую раённую ўладу. З 12 абраных тут дэпутатаў сямёра належаць да дэмакратычнай кааліцыі. Але з таго, што ў гарсавеце 25 месцаў, гэты прадстаўнічы орган ня быў cфармаваны: для кворуму не хапала абраньня яшчэ аднаго дэпутата.
Нечакана для ўсіх Бярозаўская раённая выбарчая камісія вырашыла другі раз падлічыць галасы ў адной зь белазёрскіх акругаў: тут безальтэрнатыўна вылучаўся і прайграў выбары цяперашні намесьнік старшыні мясцовага гарвыканкаму Міхаіл Дзячэк. У выніку пераліку галасоў былі адшуканыя 12 бюлетэняў на карысьць спадара Дзячэка, і яго зарэгістравалі дэпутатам. Вось як камэнтуе гэтыя падзеі кіраўнік Белазёрскага цэнтру рэгіянальнага супрацоўніцтва Юрась Губарэвіч.
(Губарэвіч: ) “Адназначна, гэты чалавек — стаўленік уладаў. Прычым уладаў не белазёрскіх, а бярозаўскіх. Яны зацікаўленыя мець уплыў на Белазёрск і бачаць, што сытуацыя зараз склалася не на іхную карысьць. Таму яны любымі сіламі хацелі прасунуць дадаткова сваіх людзей і пайшлі на такія, я лічу, дзікія фальсыфікацыі”.
Юрась Губарэвіч мяркуе, што менавіта кандыдатура спадара Дзячэка будзе прапанаваная “вэртыкальлю” на абраньне старшынём Белазёрскага гарсавету. Але дэпутаты ад дэмакратычнай кааліцыі не зьбіраюцца прызнаваць дэпутацкія паўнамоцтвы Міхаіла Дзячэка. Паводле зьвестак назіральнікаў, на гэтым участку галасы падлічваліся ўжо колькі разоў і заўсёды названаму кандыдату іх не хапала дзеля абраньня дэпутатам. Таму сёньня назіральнікі падалі скаргу ў мясцовую пракуратуру, дзе паведамляюць, што сваім рашэньнем раённы выбаркам парушыў выбарчае заканадаўства. Акрамя таго, ад імя жыхароў Белаазёрску накіраваны ліст у Цэнтральную выбарчую камісію, каб тая адмяніла рэгістрацыю гэтага кандыдата.