Пры гэтым старшыні Свабоднага прафсаюзу Наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі Вадзіму Духаменку не хапіла колькі дзясяткаў галасоў, каб патрапіць у гарадзкі савет зь першага заходу.
У другім туры змагацца за дэпутацкі мандат будуць таксама сябар Партыі БНФ Уладзімер Кунцэвіч, актывіст Свабоднага прафсаюзу Антон Ясіновіч, старшыня Полацка-Наваполацкай рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Ўладзімер Антановіч. Колькасьць галасоў, пададзеных за сябра Партыі БНФ Васіля Главацкіх, больш як у два разы перавысіла галасы, пададзеныя за яго бліжэйшага суперніка. Вось што сказаў нам з гэтай нагоды спадар Главацкіх:
(Главацкіх: ) “Мне напярэдадні выбараў шмат хто казаў: прыхавай сваю прыналежнасьць да БНФ. А я лічу, што да чыстага цела бруд не прыстае, і тая хлусьня, якую распаўсюджвае так званае беларускае тэлебачаньне ў нармальных людзей нічога апроч агіды не выклікае. І, як паказалі выбары, людзі вераць нам, сябрам БНФ, яны спадзяюцца на нас? і мы павінныя зрабіць усё, каб апраўдаць гэты давер”.
Яшчэ адзін сябра Партыі БНФ – Зьміцер Салаўёў – будзе працягваць барацьбу за мандат дэпутата абласнога савета.
Тым часам у Полацку бальшыня дэмакратаў байкатавала выбары, і шмат дзе галасаваньне было безальтэрнатыўным. Выключэньне склалі акругі, дзе балятаваліся мясцовыя прадпрымальнікі ды праваабаронца Валеры Шчукін. Падчас выбараў Валеры Шчукін падаў 19 скаргаў у камісію, але ў выніку пацярпеў паразу і мусіў сысьці з выбарчай дыстанцыі.