Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ СЬВЕДЧЫЦЬ ПРА МАСАВЫЯ ФАЛЬСЫФІКАЦЫІ


Валер Каліноўскі, Менск

У выбарчых штабах апазыцыйных партыяў разумелі, што гэтыя выбары ня будуць справядлівымі і дэмакратычнымі, бо мэханізм маніпуляваньня быў адладжаны і запушчаны задоўга да дня галасаваньня. Аднак апазыцыянэраў зьдзівілі маштабы. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Такой нахабнай, такой цынічнай, такой бессаромнай выбарчай кампаніі Беларусь яшчэ ня ведала. Я думаю, што нават прэзыдэнцкая кампанія ня ведала такога ўздыму палітычнага нахабства. Па шэрагу рэгіёнаў былі задзейнічаныя практычна ўсе самыя цынічныя мэтады, каб фальсыфікаваць вынікі выбараў. У Менску ў нас укралі пяць мандатаў гарсавету. Яшчэ на гадзіну ночы мы мелі трох чалавек, якія выйшлі ў другі тур: Аляксандр Цынкевіч, Ігар Шынкарык і Каця Ткачэнка. У дзьве гадзіны ночы прымусілі нават тыя сфальшаваныя вынікі перарабіць, і застаўся толькі адзін Шынкарык”.

Анатоль Лябедзька кажа, што выбарчым працэсам кіравалі выканкамы. Было зафіксавана, што, напрыклад, у Магілёве пратаколы з вынікамі выбараў адвозілі не ў абласную камісію, а ў выканкам. Кандыдат ад АГП Аляксандар Цынкевіч стаў сьведкам, як прадстаўнікі вэртыкалі і выбарчай камісіі падсумоўвалі вынікі, схаваўшыся ў асобным пакоі.

Паводле папярэдніх зьвестак, АГП атрымала чатыры дэпутацкія мандаты. Яшчэ 11 яе прадстаўнікоў выйшлі у другі тур у вялікіх гарадах. Акрамя таго, партыя будзе абскарджваць вынікі выбараў у некалькіх акругах.

Абскардзіць выпадкі фальсыфікацыяў і Беларускі Народны Фронт. Ад гэтай партыі абрана 12 дэпутатаў раённых, пасялковых і сельскіх саветаў, 9 кандыдатаў выйшлі ў другі тур галасаваньня. Гэта адбылося там, дзе ўлады былі недастакова пільныя і не было моцнага ціску зьверху, кажа лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Ад так званых выбараў да так званых выбараў улады дасягаюць усё большай дасканаласьці ў фальсыфікацыях. І паводле нашых папярэдніх ацэнак, асноўны аб’ём фальсыфікацыяў ажыцьцяўляўся ў ноч напярэдадні ўласна дня выбараў – замянялася зьмесьціва скрынак для папярэдняга галасаваньня. Але самае важнае, што актывісты фронту, якія тысячамі хадзілі па сотнях тысячаў кватэр, даносілі слова праўды да людзей і сустракалі ад іх прыязнае стаўленьне”.

Вінцук Вячорка паведаміў, што на адным зь менскіх участкаў у акрузе, дзе балятаваўся былы старшыня гарсавету Папкоўскі і прадстаўніца БНФ Ілона Ўрбановіч-Саўка, удалося асобна падлічыць бюлетэні датэрміновага галасаваньня, і аказалася, што за Папкоўскага прагаласавала ў 18 разоў болей, чым за ягоную канкурэнтку, хаця ў цэлым адносіны былі пяць да чатырох. Спадар Вячорка ўпэўнены, што Венскае рашэньне ПА АБСЭ аб прызнаньні Нацыянальнага сходу Беларусі разьвязала рукі ўладам і паспрыяла масавым фальсыфікацыям. Лідэр БСДП “Народная грамада” Мікола Статкевіч таксама назваў гэтыя выбары беспрэцэдэнтнымі ў гісторыі краіны па ўзроўні фальсыфікацыяў:

(Статкевіч: ) “Улада рыхтуецца да рэфэрэндуму і адпрацоўвае мэханізмы фальсыфікацыяў. Найбольш жорсткія і эфэктыўныя фальсыфікацыі аказаліся ў Менску, таму што там найбольшая колькасьць участкаў у акрузе, людзі адзін аднаго ня ведаюць нават і не саромеюцца”.

Як паведаміў Мікола Статкевіч, “Народная Грамада” здабыла 11 дэпутацкіх месцаў. Ня могуць пахваліцца лепшымі вынікамі і прадстаўнікі ПКБ, ЛДПБ ды іншых апазыцыйных сілаў.
XS
SM
MD
LG