У Круглянскі раённы савет абраная дэпутатам сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Зінаіда Мялешчанка. Яна абышла ў барацьбе за мандат дырэктара мясцовага льназаводу і загадчыцу дзіцячага садка і набрала больш за 60% галасоў выбаршчыкаў.
Паводле інфармацыі, якая пакуль не пацьверджаная афіцыйна, зь дзесяці вылучэнцаў АГП у Магілёўскі гарадзкі савет трое выйшлі ў другі тур галасаваньня. Гэта кіраўнік абласной арганізацыі Ўладзімер Шанцаў, Уладзімер Гайдукоў і Кірыл Шарапкін. У другі тур выбараў у гарсавет абласнога цэнтру прайшоў таксама сябра партыі БНФ “Адражэньне” Зьміцер Салаўёў.
У другім туры за мандаты дэпутатаў Бабруйскага гарсавету ў сваіх акругах будуць змагацца сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (“Народная грамада”) Раман Кудрын і старшыня Свабоднага прафсаюзу заводу транспартных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў.
Старшыня Бабруйскай грамадзкай ініцыятывы “Свая справа” Алесь Чыгір, паводле папярэдніх зьвестак, набраў больш за палову галасоў выбаршчыкаў і стаў дэпутатам гарадзкога савету.
Аднак прадстаўнікі усіх апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў рэгіёну, якія бралі ўдзел у выбарах, падкрэсьліваюць, што гэтая інфармацыя – папярэдняя і пакуль не заснаваная на дакумэнтах. Далёка ня ўсе назіральнікі змаглі прасачыць за падлікамі бюлетэняў, пабачыць пратаколы і атрымаць іх копіі.
Усе прадстаўнікі дэмакратычных партыяў, якія балятаваліся ў Шклоўскім раёне, не абраныя дэпутатамі і ня трапілі ў другі тур. У тым ліку і кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які сёньня накіраваў у раённую выбарчую камісію скаргу. Паводле слоў Кастусёва, ён бачыў пратаколы з участкаў, запоўненыя алоўкамі, і тое, як яны запаўняліся прама ў калідоры.
Паводле інфармацыі з выбарчага штабу абласной арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай, па адным сябры абрана ў абласны і Магілёўскі гарадзкі савет, 10 чалавек – у раённыя саветы і 15 – у сельскія. Адзін кандыдат у дэпутаты Асіповіцкага раённага савету выйшаў у другі тур. Сярод усіх абласных арганізацыяў палітычных партыяў найлепшых вынікаў дасягнула арганізацыя Партыі камуністаў.