Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ІШЛО ГАЛАСАВАНЬНЕ НА ВЫБАРЧЫХ УЧАСТКАХ МЕНСКУ?


Ганна Соусь, Менск

А восьмай раніцы на выбарчым участку № 15 па Чыгуначнай акрузе з пачаткам галасаваньня загучаў расейскі гіт “Есаул”. Назіральніца ад Партыі БНФ Вольга Шкаброва спадзявалася пачуць сёньня хаця б новы беларускі гімн, але дарма. Поўны дзень падчас галасаваньня тут гучалі песьні зорак расейскай эстрады.

Па Чыгуначнай акрузе ў дэпутаты Менскага горсавету балятуюцца тры кандыдаты — Аляксей Кавалец ад Партыі БНФ, Ніна Стужынская ад Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” і Беларускай жаночай лігі й выкладчык унівэрсытэту культуры Мікалай Каралькоў. Як паведаміла Радыё Свабода старшыня выбарчай камісіі Тацяна Касьцюкова, датэрмінова на гэтым ўчастку прагаласавала каля 20% выбарцаў. Дарэчы, гэтыя зьвесткі камісія не дала назіральнікам. Іхны стол знаходзіцца даволі далёка ад камісіі. Гаворыць назіральніца ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Тацяна Яськова:

(Яськова: ) “Нам не даюць ніякіх зьвестак аб тых, хто прагаласаваў. Мы ня ведаем нічога. Сядзім так, што бачым толькі гэтыя скрыні, але ня бачым, як людзі атрымліваюць бюлетэні. Мы прасіліся сесьці бліжэй, але нам не дазволілі”.

Некаторыя выбарцы з ахвотаю дзеляцца сваімі меркаваньнямі пра выбары, пра тое, чаго яны жадаюць ад будучых дэпутатаў гарсавету.

(Спадарыня: ) “Я ня веру ў гарсавет, але паколькі выбары, то я аддала свой голас за сябра Беларускага Народнага Фронту, таму што я ім давяраю больш за другіх. Але вы ведаеце, у якой краіне мы жывем, і ад нас нічога не залежыць”.

(Спадар: ) “Будзем спадзявацца, што нам сюды нарэшце тралейбусную лінію правядуць. Аднойчы абяцалі й не зрабілі, можа, гэты зробіць”.

Выбарцаў, што прагаласавалі, сябры камісіі запрашалі наведаць буфэт. Перад ім чытаю абвестку: “Ёсьць піва й сьпіртовыя напоі”. Гавораць буфэтчыкі:

(Буфэтчыца: ) “Усё беларускае, цукеркі. І сьпіртное загадалі абавязкова выставіць”.

(Буфэтчык: ) “Канечне, зараз народ цьвярозы ня можа галасаваць”.

З гэтага ўчастку я накіроўваюся ў 114-ю менскую школу, што на вуліцы Сядых. Сёньня тут адмыслова для выбарцаў наладжаны канцэрт школьнай самадзейнасьці. У адрозьненьне ад папярэдняга ўчастку, гучаць беларускія песьні.

У школе месьцяцца два выбарчыя ўчасткі. На адным зь іх балятуюцца кандыдат ад Камуністычнай партыі й былы дэпутат гарсавету. Адметна, што тут стол назіральнікаў стаіць вельмі блізка да камісіі, і назіральнік ад Камуністычнай партыі атрымлівае ўсю інфармацыю й пра тых, хто галасаваў датэрмінова, і пра цяперашнія вынікі.

На другім участку балятуецца праваабаронца Алесь Беляцкі ад Партыі БНФ й намесьніца дырэктара мясцовай паліклінікі Ірына Жарыкава. Апоўдні тут прагаласавала 25% выбарцаў, палова зь іх — датэрмінова. Гаворыць назіральнік ад Таварыства беларускай мовы Алесь Каліта:

(Каліта: ) “Камісія добрая. Разумее, якая зараз сытуацыя ў Беларусі. Вялікіх парушэньняў няма, ёьсьць нязначныя. Прыкладам, за сына маці прагаласуе”.

Людзей, якія прыйшлі на выбры, збольшага хвалююць сацыяльныя пытаньні:

(Спадар: ) “Нічым яны не дапамогуць нам. Сваё жыцьцё лепш зробяць”.

(Другі спадар: ) “Мне 90 гадоў, мне ніхто не дапаможа”.

(Трэці спадар: ) “Сорак гадоў жыву тут на Сядых, ніколі тут не было рамонту. Трубы прагнілі. Я ня ведаю, ці дапаможа мне дэпутат”.

(Чацьверты спадар: ) “Спадзяемся, што жыцьцё палепшыцца ў лепшы бок, асабліва, што паменшыцца плата за кватэру”.

(Пяты спадар: ) “Літаральна перад выбарамі нам пабялілі пад’езд. Дзе ж яны былі раней?”

(Спадарыня: ) “Усіх хвалююць сацыяльныя пытаньні”.

(Спадар: ) “За Бяляцкага галасаваў. Адзінае, хто можа што-небудзь зрабіць для народу, гэта партыі, якія ня зьвязаныя з уладамі. І ёсьць нейкая надзея ў нас. Маленькая, але ёсьць”.

Гэта былі меркаваньні людзей, якія прыйшлі галасаваць на 5-ы выбарчы ўчастак па Каліноўскай акрузе.
XS
SM
MD
LG