Названая 1 сакавіка лічба яшчэ не канчатковая. Да яе трэба будзе дадаць вынікі апошняга дня датэрміновага галасаваньня – сёньняшняй суботы. Але яны стануць вядомымі толькі раніцай 2 сакавіка. Такім чынам, і без таго рэкордны ўзровень датэрміновага галасаваньня будзе перакрыты.
Апошнімі днямі ўлады асабліва выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс, каб як мага больш людзей прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. На пытаньне, чаму так шчыруюць уладныя структуры, адказвае старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч:
(Статкевіч: ) “Калі датэрміновае галасаваньне складзе 20%, а яўка на выбары – 50%, дык значыць, ад кола тых, хто зьявіўся, 40% прагаласавалі датэрмінова. І гэта фора для кандыдатаў ад улады, таму што ноччу выбарчыя скрыні знаходзяцца пад наглядам толькі ўладаў. Назіральнікі ня могуць наглядаць за імі. І назіральнікам не дазваляюць апячатваць гэтыя скрыні нават палоскамі паперы з уласнаручным подпісам ці пячаткай арганізацыі, якая накіравала іх на назіраньне. І такім чынам вось такую фору яны могуць мець. Найбольш высілкаў для датэрміновага галасаваньня прыкладаюць у буйных гарадох правінцыйных, дзе ёсьць такая магчымасьць і дзе электарат дастаткова апазыцыйна настроены”.
1 сакавіка менская гарадзкая выбарчая камісія разгледзела скаргі чатырох сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі – Сяргея Альфера, Сьвятланы Каралёвай, Яўгена Лабановіча і Івана Лабачова, прадстаўніцы Народнай Грамады Раісы Міхайлоўскай, беспартыйнага Сяргея Чыслава, якіх 27-28 лютага раённыя камісіі нечакана выключылі са сьпісу кандыдатаў у дэпутаты. Гарадзкая камісія палічыла, што парушэньняў заканадаўства пры гэтым не было. Далей скардзіцца няма куды, паколькі вэрдыкт гарадзкой камісіі суду непадуладны.
Гаворыць Сяргей Альфер:
(Альфер : ) “Задоўга да заканчэньня гэтых выбараў нам казалі, што існуе загад уладаў, каб ніводны з дэмакратаў у Менскі гарадзкі савет не прайшоў. Гэта сьведчыць аб важнасьці Менскага гарадзкога савету і аб яго патэнцыйных магчымасьцях. І таму, калі зараз нехта будзе гаварыць, што Менскі гарадзкі савет нічога не вырашае – не, ён вырашае вельмі многа (дакладней, можа вырашаць вельмі многа). Не вырашае толькі таму, што ў Менскім гарадзкім савеце зараз няма і ня будзе пасьля гэтых выбараў ніводнага альтэрнатыўнага дэпутата. А будуць толькі тыя людзі, якія назначаныя ўладамі, не выбраныя, а назначаныя ўладамі”.
Пасьля зьняцьця шэрагу кандыдатаў у краіне зьяўляецца усё больш і больш безальтэрнатыўных акругаў. Цяпер іх прыкладна 16 тысячаў з 24 тысячаў. Напрыклад, у Салігорску, дзе абіраюцца 30 дэпутатаў гарадзкога савету, у 23 акругах альтэрнатывы няма.