Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОДЗІНСКІЯ КІРАЎНІКІ ВЫКАРЫСТОЎВАЮЦЬ ПАДНАЧАЛЕНЫХ ДЛЯ АГІТАЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

У Жодзіне незалежныя і апазыцыйныя кандыдаты 1 сакавіка зьбіраюцца выказаць калектыўнае абурэньне агітацыйнай кампаніяй кандыдатаў ад улады. Як паведаміла нашаму радыё кіраўніца мясцовай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна” Сьвятлана Лапіцкая, у апошнія дні жодзінскія начальнікі, якія бяруць удзел у мясцовых выбарах, заўважна актывізавалі выкарыстаньне службовага становішча:

(Лапіцкая: ) “Учора было паседжаньне гарадзкой выбарчай камісіі, дзе разглядалася пытаньне пра Пугача Аляксандра Сяргеевіча, які таксама выкарыстаў свой адміністрацыйны рэсурс. Ён кіраўнік цяперашняга мясцовага савету. Яго падначаленыя ў працоўны час, а 10-й гадзіне раніцы, прыехалі на выбарчы ўчастак і пачалі раздаваць агітацыйныя матэрыялы. На ўчорашнім паседжаньні Пугач казаў, што ён ня ведаў, што ён паехаў у Менск, і што яго падначаленыя займаліся агітацыяй па ўласным жаданьні”.

Паводле зьвестак жодзінскага праваабарончага цэнтру, актыўна выкарыстоўваюць службовае становішча, напрыклад, такія кандыдаты ў дэпутаты як генэральны дырэктар Беларускага аўтазаводу Павал Марыеў, кіраўнік Жодзінскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Вацлаў Марко.

У прыватнасьці, падначаленыя спадара Марко ў працоўны час, замест вырашэньня жыльлёва-камунальных праблемаў, ад імя свайго начальніка раздаюць абяцаньні выбарцам 29-й акругі. Ягоны апанэнт у акрузе, кіраўнік жодзінскай філіі Партыі БНФ Аляксей Лапіцкі, выказаў пратэст з нагоды такога відавочнага, на ягоную думку, парушэньня выбарчага заканадаўства. 27 лютага гэты пратэст быў афіцыйна разгледжаны Менскай абласной выбарчай камісіяй. Вось што паведаміў пра вынікі гэтага разгляду старшыня камісіі Міхаіл Амельянчук:

(Амельянчук: ) “Аляксей Іванавіч спасылаецца на разьдзел 16 артыкулу 73 Выбарчага кодэксу. Але такога разьдзелу ў Выбарчым кодэксе не існуе. Тут такая выснова, што перад тым, як пісаць скаргу, трэба вывучыць Выбарчы кодэкс і канкрэтна спасылацца на тыя яго палажэньні, па якіх ідзе скарга. Разгледзеўшы скаргу, мы прыйшлі да высновы, што тут ніякіх парушэньняў з боку кандыдата ў дэпутаты Марко не было”.

Такое рашэньне не задаволіла Аляксея Лапіцкага. Ён лічыць яго неаб’ектыўным.
XS
SM
MD
LG