(Чырвоненка: ) “Найбольшую цікавасьць выклікае той факт, што каранцін аб’яўлены быў толькі ў абласным шпіталі. Ён уводзіцца загадам гарадзкой або абласной санэпідслужбы адначасова па горадзе або па вобласьці. У тым выпадку, калі колькасьць захворваньняў грыпам павялічваецца ўтрая цягам трох дзён”.
А такога павелічэньня няма. Уладзімер Чырвоненка тлумачыць, што ў сувязі з каранцінам абмяжоўваюцца магчымасьці для агітацыі. У выбарчай камісіі пацьвердзілі, што каранцін — асабістая ініцыятыва кіраўніцтва абласнога шпіталю.
Канкурэнт Уладзімера Чырвоненкі — кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Горадні. Кіраўнік другога раёну, Ленінскага, таксама балятуецца ў гарадзкі савет. Прычым увогуле без канкурэнтаў. А ў суседнім Скідэлі дэпутатам гарсавету вырашыў стаць нават старшыня гарвыканкаму.
У Лідзкую гарадзкую выбарчую камісію сёньня выклікалі Станіслава Судніка — кіраўніка мясцовай арганізацыі БНФ. У горадзе зьявіліся ўлёткі з надпісам: “Удзел у выбарах — гэта злачынства”. Станіслаў Суднік патлумачыў, што Партыя БНФ ня мае да гэтага дачыненьня, паколькі ўдзельнічае у выбарах. Дарэчы, ён сам балятуецца ў гарадзкі савет.
На 40 месцаў у Лідзкім гарсавеце зарэгістраваныя 39 прадстаўнікоў Лібэральна-дэмакратычнай партыі. А ў райсавеце — ва ўсіх акругах выбары безальтэрнатыўныя.