Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАНАВІЦКІ ГАРВЫКАНКАМ НЕ ДАЗВАЛЯЕ АПАЗЫЦЫЙНЫМ КАНДЫДАТАМ У ДЭПУТАТЫ ГАРСАВЕТУ ВЫСТАЎЛЯЦЬ АГІТАЦЫЙНЫЯ ПІКЕТЫ Ў СВАІХ АКРУГАХ


Алесь Горбач, Баранавічы

Усе заяўнікі атрымалі ад Баранавіцкага гарвыканкаму аднолькавы адказ. У ім ні слова ня згадваецца пра перадвыбарчую агітацыю, а толькі паведамляецца, што яшчэ пяць гадоў таму адмысловай выканкамаўскай пастановай былі вызначаныя месцы для пікетаў і мітынгаў – гэта стары і новы паркі культуры і адпачынку. Гаворыць кандыдат у дэпутаты гарадзкога савету ад “Народнай Грамады” Мікалай Чыжыкаў:

(Чыжыкаў: ) “Гэтая выканкамаўская папера юрыдычна абсалютна непісьменная. Па-першае, яна ня ўтрымлівае ў сабе ні забароны на правядзеньне пікетаў на выбарчых акругах, ні дазволу на іх. Па-другое, якім чынам кандыдаты ў дэпутаты гарсавету змогуць праводзіць у парках за сябе агітацыю? Каго там агітаваць? Хіба варон”.

Між тым, праваабарончыя арганізацыі фіксуюць шмат парушэньняў выбарчага заканадаўства. Амаль на ўсіх баранавіцкіх дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах працаўнікам дадзены загад прагаласаваць датэрмінова. Пры гэтым чалавеку выдаецца адмысловая паперка зь яго прозьвішчам, адрасам і месцам працы. Гэтую паперку выбаршчык павінен пакінуць на ўчастку, і яна, нібыта, пасьля вернецца на яго месца працы з адзнакай, што чалавек сапраўды датэрмінова прагаласаваў.

Паводле інфармацыі Баранавіцкай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна”, ёсьць шмат праблемаў і з рэгістрацыяй назіральнікаў. У прыватнасьці, настаўніка Алега Жука выбарчая камісія на 28-ым участку адмовілася рэгістраваць назіральнікам. А сябра гарадзкой рады БНФ “Адраджэньне” Віктара Мезяка ўчора міліцыянт выдаліў з участка.

Старшыня Баранавіцкага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Вячаслаў Болбат гэтаксама адзначыў і такі факт: у паштовыя скрынкі выбаршчыкаў прыходзяць з участковых камісіяў запрашэньні, на якіх акрамя іншай інфармацыі ад рукі напісаныя прозьвішчы кандыдатаў, за якіх трэба галасаваць.
XS
SM
MD
LG