Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕРАСЬЦЕЙСКІМ ВЫБАРЦАМ РАЗДАЮЦЬ КАЎБАСУ І МАСЛА


Алег Супрунюк, Берасьце

Найбольш яскравы прыклад выкарыстаньня так званага адмiнiстрацыйнага рэсурсу зафiксаваны ў Пiнскiм раёне. Тут у Берасьцейскi абласны савет балятуецца цяперашнi старшыня гэтага савету Леанiд Лемяшэўскi. Нягледзячы на тое, што альтэрнатывы ў спадара Лемяшэўскага няма, ён вырашыў ад iмя аблвыканкаму падараваць адной зь вясковых школаў новы аўтобус, а другой — кампутарную клясу.

У вёсцы Мiжлесьсе Бярозаўскага раёну падчас сустрэчы з кандыдатамi (а гэта старшыня мясцовага калгасу i начальнiк раённага КГБ) выбарцы атрымалi мясныя i калбасныя вырабы, а таксама па пачку масла.

У самiм Берасьцi сустрэчы з кандыдатамi, што прадстаўляюць цяперашнюю ўладу, адбываюцца ў выглядзе сходаў працоўных калектываў альбо бацькоўскiх сходаў у школах. Для распаўсюду агiтацыйных улётак гэтыя кандыдаты выкарыстоўваюць ня толькi сваiх непасрэдных падначаленых, але й вайскоўцаў. У той жа час кiраўнiкi гандлёвых прадпрыемстваў ды ўстановаў культуры адмаўляюцца вывешваць плякаты альтэрнатыўных кандыдатаў. На думку старшынi абласнога аддзяленьня праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзiмера Вялiчкiна, гэта сьведчыць пра няроўнасьць магчымасьцяў для агiтацыi.

(Вялiчкiн: ) “Адмiнiстрацыйны рэсурс задзейнiчаны. Задзейнiчаны вельмi моцна. Выключна моцна. Мы ўгледжваем тут павальныя парушэньнi правоў менавiта тых кандыдатаў, якiя не ад улады”.

Зафiксаваныя факты парушэньняў заканадаўства прымусiлi берасьцейскiх кiраўнiкоў чатырох апазыцыйных партыяў выступiць з сумеснай заявай. У ёй гаворыцца, што цяперашняя выбарчая кампанiя пераўтвараецца ў фарс. У такiх умовах кандыдаты ад апазыцыi могуць зьняць свае кандыдатуры напярэдаднi галасаваньня. Дарэчы, у горадзе ўжо зьявiлiся ўлёткi, што заклiкаюць берасьцейцаў адмовiцца ад удзелу ў выбарах.
XS
SM
MD
LG