Як паведаміў 17 лютага Аляксандар Валчанін у лісьце да генэральнага пракурора Віктара Шэймана, у мінулую пятніцу жодзінцы не змаглі пачуць ягонага выступу ў вечаровай праграме радыёстанцыі “Сталіца”, якая трансьлюецца па гарадзкой радыёсетцы. Адметна, што гэты выступ прагучаў ва ўсіх астатніх раёнах Менскай вобласьці, за выключэньнем Жодзіна. Гаворыць Аляксандар Валчанін:
(Валчанін: ) “Увесь горад чакаў выступу. Чакалі людзі, якія падтрымліваюць прэзыдэнта, і тыя, хто падтрымлівае апазыцыю. У горадзе ў маёй асобе кожны знаходзіць нешта для сябе. Мяне ў горадзе падтрымлівае і савет вэтэранаў, і таварыства інвалідаў, і шматдзетныя сем’і. Яны да мяне ідуць, бо ведаюць, што больш ім ніхто не дапаможа”.
У Жодзіне Аляксандра Валчаніна ведаюць ці ня ўсе жыхары. Ён ужо восем гадоў дэпутат гарадзкога савету. У часе мінулай прэзыдэнцкай кампаніі ўзначальваў мясцовы выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі. Аднак у разгар кампаніі склаў зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка. Прычынай, паводле спадара Валчаніна, стаўся ціск на яго мясцовых чыноўнікаў. Пасьля згаданага скандалу ён не перайшоў у адкрытую апазыцыю да ўлады. Хаця да многіх сёньняшніх зьяваў ставіцца крытычна. Чаго ж не пачулі жодзінцы ў радыёзвароце? Вось што зазначыў на гэты конт Аляксандар Валчанін:
(Валчанін: ) “Я зьвярнуўся да прэзыдэнта Беларусі й сказаў, што мясцовая інфармацыя не даходзіць да яго. У мяне ёсьць факты, што памочнікі й чыноўнікі ўводзяць у зман. Факты такія, што чыноўнікі ўсе ведаюць, што столькі крымінальных справаў у Жодзінскім гарвыканкаме, і ніхто ня робіць ніякіх высноваў”.
(Карэспандэнт: ) “А з чым зьвязаныя гэтыя крымінальныя справы?”
(Валчанін: ) “Адна справа ў аддзеле сацыяльнай абароны, дзе гуманітарная дапамога ішла “налева”. Таксама да мяне зьвярнуліся вэтэрынарныя лекары, зь якіх зьдзекаваўся галоўны вэтэрынарны лекар гораду Жодзіна”.
Аляксандар Валчанін, апроч генэральнага пракурора, паінфармаваў пра здарэньне з радыёзваротам акружную і абласную выбарчыя камісіі. Што ж ім удалося высьветліць наконт прычынаў? Вось што паведаміў нашаму радыё старшыня Менскага абласнога выбаркаму Міхаіл Амельянчук:
(Амельянчук: ) “У прынцыпе высьветлілі. Там адбыўся збой дзесьці ў горадзе. Я параіў Валчаніну зьвярнуцца ў акруговую камісію, там вядзецца расьсьледаваньне, высьвятляюць. Калі іхны адказ не задаволіць, то будзем высьвятляць мы, як гэта і рэглямэнтуе закон”.