Старшыня менскае абласное камісіі Міхаіл Амельянчук пакуль ня можа даць дакладнае статыстыкі пра колькасьць атрыманых скаргаў прэтэндэнтаў на кандыдацтва:
(Амельянчук: ) “Мы далі адказ на 18 скаргаў. Асноўная прычына — гэта вельмі неакуратна кандыдаты ў дэпутаты працавалі з тымі дакумэнтамі, якія неабходна афармляць. Гэта найперш дэклярацыі — многія, вельмі многія забывалі ўказаць хто машыну, хто матацыкл, хто кватэру”.
Вось тыповы прыклад прэтэндэнта, што вылучаўся зборам подпісаў. Барысаўчаніну Сяржуку Салашу аргумэнтавалі адмову тым, што ля некалькіх подпісаў даты прастаўленая нібыта не рукою выбарцаў. Сяржук Салаш паўторна абышоў выбарцаў і сабраў пісьмовыя пацьверджаньні ў праўдзівасьці подпісаў. Міхаіл Амельянчук параіў:
(Амельянчук: ) “Хай гэтае пытаньне вырашае Барысаўскі гарадзкі суд. Іхнае рашэньне зьяўляецца канчатковым”.
Сам Сяржук Салаш лічыць пасіўнасьць абласной камісіі зразумелай і зьбіраецца выйграць працэс супраць барысаўскай раённай выбарчай камісіі.
(Салаш: ) “Я лічу, што Амельянчук вельмі правільна паступіў. Справа прайгравальная для Барысаўскай выбарчай камісіі. Навошта чалавеку браць на сябе адказнасьць?”
Паводле старшыні менскай абласной выбарчай камісіі Міхаіла Амельянчука, у наступныя дні ён чакае скаргі, дасланыя поштай.