Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЕВЯЦI АКРУГАХ БЕРАСЬЦЯ ВЫБАРЫ БУДУЦЬ БЕЗАЛЬТЭРНАТЫЎНЫЯ


Алег Супрунюк, Берасьце

Пяць сяброў Беларускага Народнага Фронту зарэгiстраваныя ў якасьцi кандыдатаў у дэпутаты Берасьцейскага гарсавету. Яшчэ адзiн сябар Фронту быў зьняты выбарчай камiciяй, а сямёра адмовiлiся працягваць выбарчую кампанiю паводле ўласных матываў. Аб прычынах такога рашэньня распавядае сябра БНФ Яўген Бяласiн:

(Бяласiн: ) “Я сказаў бы так, што выбары ўжо нельга прызнаць дэмакратычнымi, таму што зь сябрамi Партыi БНФ адбывалiся размовы па месцы працы. Iм прапаноўвалi здымаць свае кандыдатуры, таму што, маўляў, ёсьць там больш дастойныя вылучэнцы. “Нашы”, як яны называюць iх. Вось гэтыя размовы, у пэўных выпадках даюць свой плён. Таму што чалавеку трэба кармiць сям’ю, трэба зарабляць на хлеб”.

Акрамя пяцi прадстаўнiкоў БНФ ў гарадзкiх выбарах працягваюць браць удзел 13 кандыдатаў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi “Народная грамада”, столькi ж сяброў ад абедзьвюх камунiстычных партыяў i сямёра лiбэрал-дэмакратаў. Але i гэтыя партыi ня здолелi захаваць усiх сваiх вылучэнцаў падчас рэгiстрацыi. Так, старшыню гарадзкой арганiзацыi “Народнай грамады” Георгiя Руцкага зьнялi з выбараў за тое, што ён не ўзгадаў у сваёй дэклярацыi акцыi аднаго зь берасьцейскiх прадпрыемстваў, якое нiколi не выплачвала дывiдэндаў.

Увогуле ў гарадзкi савет Берасьця вылучана 85 асобаў (што складае крыху больш за два чалавекi на месца), а ў дзевяцi акругах выбары ўвогуле будуць безальтэрнатыўнымi.
XS
SM
MD
LG