На этапе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты найбольшыя страты панесла Лібэральна-дэмакратычная партыя. Напрыклад, у Мазыры рэгіянальная выбарчая камісія адмовілася зарэгістраваць адразу чатыры прэтэндэнты ад партыі ў абласны савет дэпутатаў.
Сярод іх і кіраўнік гарадзкой арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі Генадзь Сувораў. Прычына адмовы ў тым, што кандыдатаў у абласны савет вылучала не абласная, а гарадзкая суполка ЛДП. Абласная — не схацела падтрымаць мазырскіх аднапартыйцаў.
Кіраўнік абласной арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі Ўладзімер Кірыенка патлумачыў прычыну коратка:
(Кірыенка: ) “З правакатарамі нельга зьвязвацца, вось і ўсё!”
У Жлобіне рэгіянальная камісіія адмовілася зарэгістраваць кіраўніка мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марата Афанасьева. Ён таксама вылучаўся ў абласны савет праз сваю гарадзкую арганізацыю.
Страціла многіх сваіх вылучэнцаў і суполка Партыі народнай згоды. Яна вылучала кандыдатаў там, дзе адсутнічаюць першасныя структуры ці іх няма наагул.
Дасягненьнем на этапе рэгістрацыі можна лічыць вылучэньне кандыдатаў у Мазырскі гарадзкі савет. Тут зарэгістравалі абсалютна ўсіх прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты.
(Пашынскі: ) “Не, адмоваў не было. Што зробіш, калі ўсе пісьменныя”, — сказаў старшыня гарадзкой выбарчай камісіі Міхаіл Пашынскі.