Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік лічыць, што нечага надзвычайнага ў нізкай актыўнасьці кандыдатаў няма.
(Лазавік: ) “Усе імкнуцца цягнуць да апошняга тэрміну — да 20 студзеня. Нават калі дзесьці й правялі вылучэньне, дык дакумэнты будуць пададзеныя пазьней. Асноўная маса дакумэнтаў пойдзе ў апошнія тры дні”.
Жаданьнем захаваць магчымасьці для манэўру тлумачыць затрымку з рэгістрацыяй кандыдатаў лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч.
(Статкевіч: ) “У буйных гарадох магчымая зьмена акругаў — ініцыятыўная група ствараецца ў адной акрузе, а вылучэньне ад партыі можа быць у іншай. Таму што вельмі пільна адсочваецца вылучэньне нашых кандыдатаў. Для іх шукаюць моцных супернікаў з так званых нэўтральных — дырэктараў такіх папулярных заводаў і г.д. Адчуваецца, што ўлада ацэньвае нас вельмі высока”.
Пакуль прыглядаюцца да сытуацыі й іншыя апазыцыйныя партыі. За выключэньнем Лібэральна-дэмакратычнай Сяргея Гайдукевіча. З ужо ўзгаданага 31 кандыдата ў дэпутаты сталічнага савету 28 — менавіта лібэрал-дэмакраты. У спадара Гайдукевіча вялікія пляны.
(Гайдукевіч: ) “Я буду перакрываць усе акругі ў рэспубліцы. Усе да адной. Чаму? Таму што цяпер мы віншуем зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах у Літве лібэрал-дэмакрата. Ён жа ўжыў такую тактыку. Яго клявалі. А ён будаваў партыю, езьдзіў па краіне. Я вось пяты год будую, кажу: “Хлопцы, трэба партыю будаваць”.