Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ ЛІБЭРАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ ПАКІДАЮЦЬ ВЫБАРЧЫЯ КАМІСІІ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Паводле інфармацыі выканаўцы абавязкаў кіраўніка мазырскай суполкі Лібэральна-дэмакратычнай партыі Генадзя Суворава, ужо чатыры вылучэнцы партыі адмовіліся ад працы ў акруговых камісіях. Гэта Пётар Казлоў з 41-й акруговай камісіі, Уладзімер Красьцінін — з 42-й, Віктар Андрэеў — з 44-й і Валеры Баркавец з камісіі 46-й акругі.

Вось што, у прыватнасьці, заявіў нашаму радыё эканаміст таварыства “Нэлі” Ўладзімер Красьцінін, уключаны ў склад выбарчай камісіі Прыпяцкай акругі №42 ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі:

(Красьцінін: ) “Я нікога не прасіў, каб мяне ўключалі ў камісію. Я выйшаў з партыі ўжо даўно. Чаму ня выкрэсьлілі са сьпісаў, ня ведаю. Я ня буду працаваць у камісіі. Я адмовіўся, напісаў заяву ў камісію”.

Кіраўнік абласной арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі Ўладзімер Кірыенка, чыімі стараньнямі людзі вылучаныя ў акруговыя камісіі, заявіў наступнае:

(Кірыенка: ) “Я схільны верыць часткова вашай аб’ектыўнасьці. А зь іншага боку — не. Справа ў тым, што ў Мазыры ў нас сапраўды складаная сытуацыя. Такі факт мае месца. Гэта здарылася таму, што папярэдні кіраўнік мазырскай арганізацыі сышоў не зусім паводле ўласнага жаданьня. Людзі, якіх ён прывёў у арганізацыю, пайшлі за ім. Ёсьць там такі нэгатыўны момант”.

Уладзімер Кірыенка не выключае нават нейкай правакацыі.

З прычыны выхаду сяброў партыі з акруговых камісіяў спадара Кірыенку выклікалі ў аблвыканкам, дзе, паводле ягоных словаў, ён прасіў не спэкуляваць мазырскім фактам і не званіць ва ўсе званы. Арганізацыя, маўляў пагодзіцца зь любымі высновамі.

У акруговыя камісіі суполка ЛДП вылучыла 60 чалавек, максымальна магчымую колькасьць. Гэта нашмат болей, чымсьці іншыя партыі. Аблвыканкам і прэзыдыюм аблсавету ўключылі ў камісіі 28 прадстаўнікоў партыі. На сёньняшні дзень іх засталося ўжо 24.
XS
SM
MD
LG