У склад абласной выбарчай камісіі ўвайшоў вылучэнец адной партыі — Лібэральна-дэмакратычнай, мэханік адной з будаўнічых арганізацыяў Магілёва. З усіх грамадзкіх арганізацыяў толькі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі будзе прадстаўлены ў выбарчай камісіі асобай першага сакратара Шклоўскага райкаму.
Астатнія 11 чальцоў камісіі — беспартыйныя і зьяўляюцца начальнікамі, дырэктарамі й загадчыкамі ў розных сфэрах сельскіх раёнаў вобласьці. У склад камісіі ў якасьці вылучэнцаў аблвыканкаму, аблсавету і працоўнага калектыву ўвайшлі чыноўнікі, якія кіравалі камісіяй у мінулую выбарчую кампанію.
У Магілёўскую гарадзкую выбарчую камісію трапілі прадстаўнік рэгіянальнай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай і вылучэнец адной грамадзкай арганізацыі — Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.
Першы сакратар Магілёўскай абласной арганізацыі ПКБ Уладзімер Падалян лічыць сёньняшнія вынікі ўтварэньня выбарчых камісіяў звыйчайнымі, якія былі загадзя прагназаваныя.
Сябра рады Магілёўскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валеры Сівуха распавёў, што ягоная партыя вылучала ў гарадзкую выбарчую камісію дасьведчанага чалавека, які добра знаёмы з выбарчым заканадаўствам, аднак яму не знайшлося месца ў выбарчай камісіі.
Валеры Сівуха адзначыў, што адсутнасьць шырокага прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў не дадае даверу да тых, хто праводзіць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў.