Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ РЭГІЯНАЛЬНЫХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ПАТРАБУЮЦЬ АД ЛУКАШЭНКІ МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫІ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

“Курапаты — гэта сымбаль генацыду беларускага народу ў сталінскі час, — гаворыцца ў заяве на адрас Лукашэнкі, — і належнае ўшанаваньне памяці бязьвіных ахвяраў бальшавіцкага тэрору на Беларусі абсалютна неабходнае з пункту гледжаньня народнай традыцыі і агульначалавечай маралі”. Адсутнасьці ў Беларусі помніка ахвярам часу камуністычна-фашыстоўскай дыктатуры ёсьць блюзьнерствам, сваеасаблівай формай вандалізму, сьцьвярджаюць аўтары заявы.

“Вось чаму прагрэсіўная частка грамадзтва ўжо 15 гадоў патрабуе ад рэспубліканскага кіраўніцтва, у тым ліку ад Вас асабіста, Аляксандар Рыгоравіч, цывілізаванага вырашэньня гэтага пытаньня — хаця б простай аховай Курапатаў, уключаючы стварэньне вакол іх недатыкальнай зоны”, — гаворыцца ў заяве.

Ініцыятарам звароту быў каардынацыйны камітэт “Гарадзенская ініцыятыва”. Пад заявай падпісаліся 215 прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, працаўнікоў буйных прадпрыемстваў з Горадні, Магілёва, Берасьця, Гомелю, Віцебску, Менску, Шчучыну, Слоніму, Свіслачы, Ваўкавыску ды іншых гарадоў Беларусі. Збор подпісаў распачаўся некалькі месяцаў таму, калі паўстала пагроза пабудовы катэджнага пасёлку “Сонечны” блізу Курапатаў. Гаворыць сакратар каардынацыйнага камітэту “Гарадзенскай ініцыятывы” сябра сойму Партыі БНФ Алесь Астроўскі:

(Астроўскі: ) “Многія людзі, якія сачылі за гэтай сытуацыяй, успрымалі гэта як своеасаблівую форму абразы іх асабіста. Ідэя спачатку была апрабаваная на “Гарадзенскай ініцыятыве” яшчэ ў траўні. “Гарадзенская ініцыятыва” — гэта своеасаблівы клюб у Горадні, які складаецца зь лідэраў грамадзкіх і палітычных арганізацыяў Горадні. Усе сябры аднагалосна падтрымалі гэтую ідэю — напісаць адкрытую заяву ў адміністрацыю Лукашэнкі й сабраць подпісы сярод актыўных сяброў грамадзкіх і палітычных арганізацыяў Горадні. А потым узьнікла ідэя сабраць подпісы і зь іншых рэгіёнаў Беларусі”.

Сярод падпісантаў — рабочыя гарадзенскага прадпрыемства “Азот”, актывісты рэгіянальных філіяў Таварыства беларускай мовы, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Партыі БНФ, Свабоднага прафсаюзу, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, Беларускага Хэльсынскага камітэту ды іншых арганізацый і партыяў.

(Астроўскі: ) “Каб было шырока вядома, што ня толькі дзясятак чалавек у Менску цікавяцца гэтай праблемай, а што гэта думка шырокіх колаў актыўных людзей з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія займаюцца грамадзкай дзейнасьцю, каб гэта ведала ня толькі адміністрацыя Лукашэнкі, сам Лукашэнка, каб гэта ведала й грамадзскасьць... У сувязі з гэтым мы накіравалі копіі заявы ў “Народную волю”, “Советскую Белоруссию”, у мясцовы друк, у АБСЭ і амбасады”, — паведаміў Радыё Свабода сакратар каардынацыйнага камітэту “Гарадзенскай ініцыятывы” сябра сойму Партыі БНФ Алесь Астроўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG