Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ САРАКА НОВЫХ КРЫЖОЎ ЗЬЯВІЛІСЯ Ў КУРАПАТАХ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Сябры КХП-БНФ плянуюць пазначыць крыжамі ўвесь пэрымэтар месца масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Цяпер зь менскай кружной дарогі добра бачны шчыльны шэраг крыжоў. І бок, прылеглы да аўтамагістралі, і бок прасёлкавай дарогі, што ляжыць пэрпэндыкулярна да кружной.

Пэрыяд летніх адпачынкаў не паўплываў на дзейнасьць актывістаў курапацкае талакі. Намесьнік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў патлумачыў:

(Папкоў: ) "Імпэрскія сілы ня сьпяць. Адпачынак – не адпачынак, лета – ня лета, але мы Беларусь павінны бараніць увесь час".

5 ліпеня ў Курапатах былі ня толькі пастаянныя ўдзельнікі талакі. Алег Іваноўскі прыехаў з Мастоўшчыны:

(Іваноўскі: ) "У мяне тут ёсьць Іваноўскія з майго роду. У Курапатах пахаваныя. Ці ў 1937, ці ў 1938 годзе атачылі вёску энкавэдысты, і забралі амаль больш за палову ўсіх мужчынаў. І да гэтай пары ні слуху, ні духу няма аб іх".

Мясцовыя жыхары з суседняга мікрараёну Зялёны Луг абмінаюць Курапаты ды ладзяць свае пікнікі далей за ўрочышча. Сяргей Папкоў гаворыць, што колькасьць выпадкаў пабытовага вандалізму зьменшылася:

(Папкоў: ) "Зьменшылася, і даволі значна. Праца ніколі не зьнікае. Людзі пачынаюць адчуваць, што яны людзі. Тут усё нармальна ў гэтым пляне".

Дзьве сталыя кабеты, што рушаць уздоўж крыжоў з бадмінтоннымі ракеткамі ў руках, ведаюць, што ў Курапатах пахаваныя людзі. Адна з кабет чытала калісьці ў дзяржаўнай прэсе пра тое, што нібыта ў Курапатах могуць ляжаць ахвяры фашыстаў:

(Спадарыня: ) "Хто як гаворыць, а хто тут насамрэч пахаваны, вядома адному Богу. Адныя так пішуць, другія так пішуць. Галоўнае, што тут пахаваныя людзі. Трэба паважаць, шанаваць памяць загінулых".

А вось групка дзяўчат была значна менш абазнаная. Яны атаясамліваюць Курапаты нават не з расстралянымі мірнымі жыхарамі, а з салдатамі Чырвонае Арміі:

(Дзяўчыны: ) "Пахаваныя людзі, трымалі абарону ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў".

Але Сяргей Папкоў не губляе надзеі і веры ў працу курапацкіх талакоўцаў:

(Папкоў: ) "Рабі: кожны дзень, кожны тыдзень, кожную суботу. І яна дасьць вынік".

Сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі заклікае ахвочых да талакі у Курапатах:

(Чахольскі: ) "Разумееце, тут жа духу набіраесься. Тыдзень мінае, два тыдні, столькі бруду: з усіх бакоў! Цяжка, быццам, здаецца. Прыйдзеш сюды, папрацуеш, зробіш, тое, што можаш, і выходзіш адсюль зусім іншым чалавекам – душа ачышчаецца твая. Прыходзьце сюды, хто стаміўся, хто зьняверыўся, у першую чаргу, каб набрацца духу. Тут іншы дух, тут аўра іншая".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG