Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ КУРАПАТАЎ ПРАЦЯГВАЮЦЦА НЕЗАКОННЫЯ БУДАЎНІЧЫЯ РАБОТЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

З раніцы 5 чэрвеня на будаўнічай пляцоўцы каля Курапатаў грузавікі перавозілі зямлю, а краны складалі вялікія жалезабэтонныя канструкцыі. У непасрэднай блізкасьці ад мэмарыялу ўжо выкапаная канава для высакавольтнага кабэлю, ідзе мантаж электрападстанцыі. Навуковая кіраўніца мэмарыялу Курапаты Мая Кляшторная так пракамэнтавала тое, што робіць фірма “Вігэўрабуд” каля ўрочышча:

(Кляшторная: ) “Яны тут нічога не павінны былі рабіць, пакуль ня будзе прынятае рашэньне ў справе ахоўных зонаў. Гэта парушэньне заканадаўства. Курапаты ў разьлік увогуле не бяруцца. Незаконнасьць дзеяньняў у нас паўсюль. Вось мы й бачым нахабства, калі запускаецца тэхніка, супраць якой мы ўжо безабаронныя”.

Днямі тэрыторыю ахоўнай зоны вакол Курапатаў павінен вызначыць міністар культуры, а пасьля зацьвердзіць Савет міністраў. Шырыня гэтай зоны пакуль невядомая.

Аднак, як высьветлілася, улады забаранілі будаўніцтва пасёлку “Сонечны” ня толькі ў зьвязку з вызначэньнем ахоўнай зоны мэмарыялу. 28 красавіка старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч выдаў у справе будаўніцтва пасёлку адмысловую пастанову. Ён загадаў старшыні Менскага райвыканкаму Леаніду Русаку скасаваць дамову зь фірмай “Вігэўрабуд” аб пабудове катэджнага пасёлку ў зьвязку зь невыкананьнем фірмай абавязкаў арандатара. На думку спадара Дамашкевіча, “Вігэўрабуд” неналежным чынам выкарыстоўвае зямлю і забруджвае навакольную тэрыторыю.

Менскі райвыканкам абавязаны кампэнсаваць “Вігэўрабуду” матэрыяльныя выдаткі. Прадстаўнікі “Вігэўрабуду” лічаць, што ўлады проста хочуць прадаць права на будаўніцтва пасёлку іншай фірме.

Паводле дырэктара будаўніцтва “Вігэўрабуду” Мікалая Прахарэнкі, менавіта кампэнсацыя выдаткаў і стала прычынай таго, што пастанова аблвыканкаму дагэтуль ня выкананая. Менскі райвыканкам ня можа выплаціць “Вігэўрабуду” каля 1,5 мільярду затрачаных рублёў. Старшыня райвыканкаму спадар Русак толькі загадаў адсунуць жалезабэтонныя канструкцыі далей ад будаўнічай пляцоўкі, што, паводле Мікалая Прахарэнкі, рабочыя цяпер і робяць. Спадар Прахарэнка запэўнівае, што пакуль гэтая сытуацыя ня будзе вырашаная, ніякага актыўнага будаўніцтва каля Курапатаў ягоная фірма весьці ня будзе.

Аднак навуковая кіраўніца мэмарыялу Мая Кляшторная лічыць, што будаўнікі парушаюць заканадаўства. Пра гэта яна паведаміла 5 чэрвеня пракурору Менскай вобласьці Міхаілу Сьнегіру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG