Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ АДЗНАЧЫЛІ ГАДАВІНУ ЗАКАНЧЭНЬНЯ 250 ДЗЁННАЙ ВАРТЫ МІТЫНГАМ НА ТЭРЫТОРЫІ МЭМАРЫЯЛУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Увечары 3 чэрвеня да галоўнага курапацкага крыжа “Пакутнікам Беларусі” прыйшлі каля 30 чалавек. Гэта актывісты Маладога Фронту і Беларускай партыі свабоды, якія ў 2001–2002 гг. баранілі днём і ноччу мэмарыял ад разбурэньня, прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”, супрацоўнікі амбасады ЗША і проста людзі з суседняга мікрараёну.

На пляцоўцы каля крыжа былі разгорнутыя бел-чырвона-белы сьцяг і сьцяг партыі свабоды. У часе кароткага мітынгу слова бралі лідэры БПС Сяржук Высоцкі і Маладога Фронту Павал Севярынец. Спадар Высоцкі між іншым зазначыў:

(Высоцкі: ) “Хачу вас усіх павітаць, рады ўсіх вас бачыць. І першае, што хачу зрабіць — павіншаваць вас з угодкамі заканчэньня Курапацкага чыну й з супольнай перамогай Беларускай партыі свабоды і Маладога Фронту. Аб’ектыўна, беларускі рух цярпеў шэраг цяжкіх паразаў, і перамога прыйшла ў 2002 годзе”.

На думку лідэра БПС, пасьпяховая абарона Курапатаў стала магчымая дзякуючы хрысьціянскім ідэалам і нацыянальнай салідарнасьці, якую прадэманстравалі маладыя абаронцы мэмарыялу.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец падсумаваў вынікі году, што мінуў з дня заканчэньня варты:

(Севярынец: ) “Што адбылося за гэты год? З 3 чэрвеня 2002 году па сёньняшні дзень. За гэты год улада, якая пацярпела паразу ў адкрытым баі, пачала сябе паводзіць больш падступна. цяпер ужо не АМОН, цяпер ужо бізнэсоўцы, якія хочуць забудаваць поле катэджамі. цяпер ужо ня грубая фізычная сіла, а грошы й інтарэсы. Прыкрываецца ўсё высокімі інтарэсамі менчукоў, якія нібыта няма дзе сяліцца. Зразумела, што ўсё гэта зрабіла ўладу больш хітрай, але ня больш моцнай. Улада тут ужо атрымала паразу, і менавіта таму мы павінны пераходзіць у наступ”.

Удзельнікі курапацкай варты гатовыя зноў паўстаць на абарону мэмарыялу. Гаворыць Ірына Вяткіна:

(Вяткіна: ) “На гэты раз пагроза не Курапатам, а тэрыторыі ля мэмарыялу. Калі ўжо будуць брутальна будаваць гэтыя катэджы, то варта адновіцца. Народ хоча абараняць Курапаты”.

Удзельнікі мітынгу таксама наведалі пляцоўку фірмы “Вігэўрабуд”. Там яны сустрэлі людзей, якія назвалі сябе ўладальнікамі будучых катэджаў пасёлку “Сонечны”. Абаронцы Курапатаў спрабавалі патлумачыць ім, чаму ня варта будаваць дамы ў непасрэднай блізкасьці ад мэмарыялу. Адзін з гэтых мужчынаў заявіў абаронцам:

(Невядомы: ) “Нават на мэтар не падыдзеце. Расстраляю ўсіх асабіста з акна”.

Абаронцы запэўнілі гэтых людзей, што будаваць катэджы ў ахоўнай зоне ім не дазволяць.

Сустрэча абаронцаў Курапатаў закончылася запальваньнем сьвечак памяці па ахвярах бальшавізму каля галоўнага Крыжа мэмарыялу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG