Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ АКТ ВАНДАЛІЗМУ Ў КУРАПАТАХ


Любоў Лунёва, Менск

Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ураніцу прыйшлі на месца мэмарыялу, каб ладзіць талаку. Сьляды вандалаў былі бачныя паўсюль. Невядомыя злачынцы вырвалі й павалілі на зямлю дзесяць крыжоў, усталяваных на могілках уздоўж цэнтральнай алеі. Адзін вялізны мэталічны крыж вырвалі нават з бэтону.

Апаганены быў і мэмарыяльны знак: кавалак гранітнай пліты адбіты, а саму пліту злачынцы вырвалі й кінулі побач з лаўкай. Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ лічаць акт вандалізму вынікам стаўленьня ўладаў да мэмарыялу ў Курапатах. Гаворыць Валеры Буйвал:

(Буйвал: ) “Усё гэта ёсьць вынікам пазыцыі ўладаў дзейнага ў Беларусі рэжыму, які ў апошнія гады прыкладае ўсе намаганьні, каб зьнішчыць Курапаты, нашу нацыянальную сьвятыню. Будуе дарогі на костках, побач будуецца з цынічнай назвай “Горад Сонца” цэлы комплекс катэджаў, забаўляльных установаў, танцзаляў, супэрмаркетаў... Усё гэта кладзецца ў адну лінію злачыннага стаўленьня да Курапатаў з боку ўладаў. Міліцыя, нягледзячы на ўсе нашыя звароты і звароты грамадзкасьці, адмаўляецца, не бароніць нашу нацыянальную сьвятыню. Усё гэта ёсьць сьведчаньнем характару дзейнага рэжыму, антынароднага, антыбеларускага рэжыму”.

Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ паведамілі пра злачынства ў міліцыю. Яны заклікаюць усіх далучацца да суботняй талакі, каб прыбрацца ў Курапатах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG