Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНІЦЫЯТЫВА “ЗА ЎРАТАВАНЬНЕ КУРАПАТАЎ” ПАТРАБУЕ ЗАБАРАНІЦЬ БУДАЎНІЦТВА КАТЭДЖНАГА ПАСЁЛКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сябры ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” занепакоеныя нядаўняй заявай прадстаўніка Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага пра тое, што будзе распрацаваны новы праект ахоўнай зоны Курапатаў на замову фірмы “Вігэўрабуд”. Гэта якраз тая фірма, якая хоча распачаць побач з мэмарыялам будаўніцтва катэджнага пасёлку “Сонечны”. Ня выключана, што ахоўная зона будзе ня 300 мэтраў, а значна меншая.

Пакуль жа адсутнасьць зацьверджанай ахоўнай зоны вакол урочышча ёсьць адзіным фактарам, які стрымлівае “Вігэўрабуд” ад пачатку будаўнічых работаў. Актывісты грамадзкай ініцыятывы таксама хочуць атрымаць адказ на пытаньне: “Чаму дэпартамэнт дагэтуль не зацьвердзіў ахоўную зону вакол мэмарыялу паводле праекту, распрацаванага Асацыяцыяй ахвяраў палітычных рэпрэсіяў?” Таксама незразумела, на якой падставе праваслаўная царква вядзе будаўніцтва гаспадарчых пабудоваў манастыра блізка да Курапатаў.

Таму сябры ініцыятывы вырашылі правесьці спэцыяльны круглы стол. Гаворыць актывіст курапацкай ініцыятывы Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Асноўная мэта стала — высьветліць, што здарылася з праектам ахоўнай зоны помніка, які быў распрацаваны. Высьветліць, што за новы праект зьявіўся, якія яго парамэтры й хто за яго адказвае. І паставіць пытаньне аб грамадзкім абмеркаваньні гэтай сытуацыі. Мы лічым, што настолькі важная рэч, як помнік маштабаў Курапатаў, такі праект ня можа быць зацьверджаны без грамадзкага абмеркаваньня”.

На круглы стол, які плянуюць правесьці ў сярэдзіне траўня, будуць запрошаныя ўсе зацікаўленыя бакі.

А пакуль актывісты курапацкай ініцыятывы вырашылі напісаць лісты кіраўнікам менскіх гарадзкога і абласнога выканкамаў Міхаілу Паўлаву і Мікалаю Дамашкевічу з просьбай забараніць будаўніцтва катэджаў каля Курапатаў.

Тым часам ва ўрочышчы адбываецца патруляваньне, арганізаванае маладафронтаўцамі й актывістамі Партыі свабоды. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Кожны дзень там бываюць патрулі, якія адсочваюць сытуацыю. Некалькі разоў на тыдні там праводзяцца такія партызанскія апэрацыі. Усё, што за некалькі дзён выстаўляе “Вігэўрабуд” — тычкі, ніткі, саджанцы — усё гэта прыбіраецца. На гэтым месцы нельга нічога будаваць. Гэта пацьвердзілі й пракуратура, і Дэпартамэнт аховы спадчыны. Учора была інфармацыя, што сёньня там павінен зьявіцца мэр Паўлаў. Былі расьпісаныя платы, зноў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг, чарговы раз прыбраныя ўсе геадэзычныя знакі. Гэта будзе працягвацца да таго часу, пакуль “Вігэўрабуд” не адмовіцца ад сваіх плянаў забудовы катэджаў з цынічнай назвай “Сонечны”.

Напярэдадні Радаўніцы, 5 траўня ў Курапатах адбудзецца талака.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG