Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ КАНСЭРВАТЫЎНА-Х РЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ БНФ НАЛАДЗІЛІ Ў КУРАПАТАХ ТАЛАКУ


Ганна Соусь, Менск

У той час, калі большасьць менчукоў сёньня вымушаныя працаваць на рэспубліканскім суботніку, актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ з рыдлёўкамі й сякерамі добраўпарадкавалі тэрыторыю Курапатаў — прыбіралі сьмецьце, палілі сухое гальлё, высякалі хмызьняк. Гаворыць актывіст партыі Ўладзімер Юхо:

(Юхо: ) “Прыбярэм каля крыжа “Пакутнікам Беларусі”, паставім крыжы, якія былі паламаныя мінулым тыднем ды ўпарадкуем крыжы ўздоўж алеі — тут некалькі крыжоў былі паламаныя. Нас хвалюе зараз стан, у якім знаходзяцца Курапаты, у сувязі з тым, што цяпер узьнялася хваля будаўніцтва катэджаў на тэрыторыі ўздоўж Курапатаў”.

Думку Ўладзімера Юхо працягвае пэнсіянэр Іван Быкоўскі:

(Быкоўскі: ) “Пакуль дзяржава ня возьме гэтае месца пад ахову, яно будзе зьнішчацца ўвесь час. Бачыце, на гэтае месца ўлада глядзіць так, як быццам тут пахаваныя ня людзі. Іх расстрэльвалі як ворагаў народу, і цяпер на іх глядзяць так. А чаму? Таму што ва ўладзе нашчадкі стукачоў, карнікаў, яны так выхаваныя. А калі пабудуюць вось гэтыя катэджы, то гэтае месца стане выгулам для сабак”.

У Міколы Стоціка ў 1930-я гады родныя пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсіяў і таму ён зь вялікім хваляваньнем кожны раз прыходзіць у Курапаты.

(Стоцік: ) “З болем у душы і амаль са сьлязьмі я прыходжу сюды. Іду сюды, як толькі магу, і працую. Вось крыжы ставіў ад сваёй суполкі КХП БНФ. Я са Ждановічаў”.

Як і ў Міколы Стоціка, лёс старшыні Менскай абласной арганізацыі партыі Генадзя Банкевіча пэўным чынам зьвязаны з Курапатамі:

(Банкевіч: ) “Курапаты для мяне — сьвятое месца, таму што два маіх дзядькі па бацьку загінулі, адзін — у вязьніцы пад Масквой, другі ў Дудзінцы. Таму я сёньня сюды прыйшоў, і потым пастаўлю шыльду па маіх дзядзьках”.

Год таму 19 красавіка ва ўрочышы згарэў намёт валанцёраў, удзельнікаў кругласутачнай вахты памяці ў Курапатах. Тады быў моцна абпалены Алесь Поклад, некалькі месяцаў ён правёў у шпіталі. Сёньня актывісты Маладога Фронту і Беларускай партыі свабоды ў памяць пра той дзень увечары запаляць ў Курапатах сьвечкі.

Дарэчы, бел-чырвона-белага сьцягу, што ўсталявалі маладафронтаўцы пазамінулай ноччу ў полі насупраць урочышча, ужо няма. Але ж дагэтуль захаваўся надпіс на бэтонным плоце: “Акупанты, прэч ад Курапатаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG