Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІК “БЕЛАЎТАДОРУ” СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО БУДАЎНІКІ ДОБРАЎПАРАДКАВАЛІ КУРАПАТЫ


Ганна Соўсь, Менск

Рэканструкцыя Менскай кальцавой дарогі набліжаецца да завяршэньня. Паводле загаду Лукашэнкі, будаўніцтва вядзецца паскоранымі тэмпамі, і замест 2005 году дарога будзе здадзеная ў эксплюатацыю сёлета. Рэканструкцыя каштавала беларускім падаткаплатнікам 130 мільярдаў рублёў.

На гэтым аб’екце былі занятыя практычна ўсе будаўнічыя арганізацыі Беларусі, каля 3 тысяч чалавек з усіх рэгіёнаў штодня працавалі на рэканструкцыі. Гэтыя лічбы прывёў сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі першы намесьнік дырэктара дэпартамэнту “Белаўтадор” Генадзь Чапцоў. Шасьціпалосная дарога мае працягласьць 56 кілямэтраў, зробленыя 30 мастоў і пуцеправодаў, 24 транспартныя разьвязкі, 19 падземных і надземных пешаходных пераходаў, 100 кілямэтраў бар’ерных агароджаў.

Генадзь Чапцоў назваў рэканструкцыю дарогі самай вялікай будоўляй у гісторыі дарогабудаўніцтва Беларусі. Але гэтая рэканструкцыя ўвойдзе ў гісторыю яшчэ й таму, што дарога прайшла праз тэрыторыю Курапатаў — месца, дзе ў 1937–41 гадах карнікі НКВД забілі каля 200 тысяч бязьвінных людзей. Пашырэньне дарогі мела пэўныя наступствы для ўрочышча.

Пляцоўка ля Крыжа “Пакутнікам Беларусі” цяпер фактычна ўся забалочаная, абяцаньні наконт пабудовы дрэнажнай сыстэмы не былі выкананыя. Ля курапацкага лесу — вялікая лужына, і будаўнікі, каб адвесьці зь яе ваду, капаюць канавы ў полі. Адкосы дарогі пэрыядычна прасядаюць, і будаўнікі былі вымушаныя неаднаразова падсыпаць іх. Якім чынам будаўнікі зьбіраюцца выпраўляць гэтыя хібы? На гэтае пытаньне Радыё Свабода першы наместнік дырэкатара “Белаўтадору” Генадзь Чапцоў адказаў наступным чынам:

(Чапцоў: ) “Мы практычна не закранулі ніякіх аспэктаў, пра якія вы гаварылі. Вы ўбачыце, як мы ўпарадкавалі гэтае месца. Мы не пакінулі яго вось так, што прайшлі дарогай ды ўсё. Мы яго вельмі добра ўладкавалі ў архітэктурным пляне. Зрабілі пляцоўку для стаянкі аўтамабіляў. Апроч землянога палатна, абсалютна не закранулі ляндшафт у прылеглай частцы. Сёлета я наведаў аўтамабільную дарогу ад Санкт-Пецярбургу праз Гомель, Кіеў да Адэсы. Дык вось, перад Кіевам ёсьць месца накшталт Курапатаў. І магу вас упэўніць, што мы зрабілі нашае ня горш за ўкраінцаў”.

Гэтак ацаніў працу будаўнікоў на ўчастку кальцавой дарогі ля Курапатаў прадстаўнік дэпартамэнту “Белаўтадор” Генадзь Чапцоў. А вось паводле незалежнага экспэрта Валянціна Мацкевіча, інжынэра-будаўніка з амаль 30-гадовым стажам, пашырэньне дарогі ля Курапатаў адбывалася па-барбарску.

(Мацкевіч: ) “Гэта сапраўды барбарства. І ў інжэнэрным пляне. Першае, што адразу кідаецца ў вочы, гэта велізарны насып, калі глядзець з боку Курапатаў. Атрымліваецца, як бы ў нейкай яміне пачатак мэмарыяльнага месца. Калі казаць пра тыя абяцаньні будаўнікоў, то ўсе яны аказаліся маной. Абяцалі, што будуць нейкія надпісы, каб пазначыць мэмарыяльнасьць. І таксама нічога гэтага ня зроблена. Нават простую задачу водаадводу нашыя інжынэры ня здолелі вырашыць. Зрабілі балота, і цяпер робяць спробу некуды адвесьці гэтую масу вады”.

Афіцыйнае адкрыццё дарогі адбудзецца 7 лістапада — у гадавіну кастрычніцкага перавароту, але езьдзіць па дарозе можна будзе ўжо пасьля 1 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG